This movie requires Flash Player 9
11.02.2016 | Музыка

Саўндпрадзюсар Сяргей Комар: “Беларусы робяць шмат крутога, але гэтага ніхто не чуе”

Сяргей Комар – чалавек, які канструюе новы беларускі саўнд. Поспех Макса Каржа шмат у чым залежаў і ад яго. Ён абверг стэрэатып пра тое, што ў Беларусі не ўмеюць працаваць з гукам, і запісаў нямала трэкаў, якімі магла б ганарыцца беларуская музычная індустрыя, калі б такая была на белым свеце. Сяргей цяпер працуе на студыі Super8, якую заснаваў лідар гурта “Лепрыконсы” Ілля Міцько. Толькі што ён давёў да ладу новы трэк Каржа, а цяпер дапрацоўвае разам з рэперам Ангстам яго дэбютную кружэлку. У перапынку паміж шчыльнай працай тут жа, у студыі, размаўляем з ім пра асаблівасці беларускага саўндпрадзюсавання.

– Раскажы, як ты прыйшоў у музыку і гукарэжысуру ў прыватнасці.

– З самага малога ўзросту, гадоў з пяці, напэўна. Як толькі пераехалі з Казахстана, дзе я нарадзіўся (маму з татам закінулі туды на размеркаванне). Тут мы жылі ў Воранаве, гэта гарадскі пасёлак каля Ліды на Гарадзеншчыне. Сышоўся з чуваком, з якім сябруем дагэтуль. Мы былі проста павернутыя на музыцы. Музычная школа, баян, усе справы, потым заснавалі свой гурт – “RIP Legion”, у 1996-м, у 9-м класе. Тады і праявіўся інтарэс да гукарэжысуры, бо спрабавалі ўжо свае песні рабіць, трэба было іх неяк запісваць. А ў маленькім гарадку няма аніякіх магчымасцяў гэта зрабіць, таму пачалі самі чараваць: на магнітафон пісалі, шнуры спецыяльна паялі – стандартная тэма. У выніку займелі нават папулярнасць, бо займацца хіп-хопам было ў тыя часы ў навінку.

– Як прасоўваліся эксперыменты з запісам трэкаў?

– Ужо ў 11 класе мы мелі сваю студыю – у летняй кухні ў бацькоў. Набылі бубны, комбік, гітары, пульт. Пачалі ў сталіцы сябе прымяняць і пайшло-паехала (на фэсце “Хіп-хоп-нацыя-2000” RIP Legion былі прызнаныя “Гуртом года” – заўвага С.Б.).

Прома-фота RIP Legion. Сяргей Комар – першы злева

– Куды паступіў?

– Паступаў туды, дзе не было матэматыкі, бо не ладзілася з ёю, таму пайшоў на юрыста. Музыкі не кідаў – пастаянна нешта запісвалі, рабілі аранжыроўкі, выступалі, прабіваліся, але тое хутчэй было хобі. З’ездзіў у Англію, два гады там пажыў, а па вяртанні падумаў: чаму я не магу жыць з музыкаю заўжды, стаць гукарэжысёрам і кайфаваць ад сваёй спецыяльнасці. Таму пайшоў на другую вышэйшую адукацыю – у Інстытут культуры. Ужо канкрэтна на гукарэжысёра.

– У нас можна рэальна вывучыцца на гукарэжа ў ВНУ?

– Да паступлення я ўжо меў нейкі досвед і веды, але фундаменту і ўпарадкаванасці не было, не быў знаёмы з дасведчанымі спецыялістамі. Ва ўніверсітэце трапіў да Сяргея Ціманава, які мае вялікія веды ў гэтай справе. І ў мяне ўсё адбудавалася ў пэўную структуру, нейкія закладзеныя навыкі праявіліся пазней. Была практыка ды іншая руханіна, было вельмі прыкольна вучыцца. Не скажу, што проста зусім “ваў”, але фундаментальныя веды там даюцца ў поўным аб’ёме.

– Якія твае першыя працы былі ў якасці ўжо дыпламаванага саўндпрадзюсара?

– Не паспеў яшчэ скончыць універсітэт, мне Міх з Nestanda Records патэліў, прапанаваў супрацу, і я пагадзіўся. Такім чынам я пачаў сваё прафесійнае жыццё. Самы першы альбом – гэта, мусіць, “Животный мир” Макса Каржа, потым зрабілі з ім і наступныя, працуем дагэтуль разам. З поп-выканаўцаў шмат з кім працую – Юзары, Nuteki, напрыклад, Барабаншчыкава, Ланская, Герман…

– Ці прыўносіш ты нешта ў песні артыстаў?

– Канечне. Тое, што прыносяць, – толькі неачэсаная балванка пэўнай формы. Мая роля – зрабіць прадукт якасным у сэнсе гучання, размясціць у прасторы тое, што ў ім ужо ёсць, груба кажучы. Гукарэжысёр – пераходнае звяно паміж музыкам і слухачом, ён уплывае на характар песні, яе прасторавасць, глыбіню, пачуццёвасць, на агульнае яе ўспрыманне. Ён можа паўплываць на аранжыроўку, стварыць адметнае гучанне. Вельмі шмат тут момантаў прысутнічае, і ўсё дзеля таго, каб слухач зразумеў, што хацеў данесці выканаўца.

– У якіх прапорцыях у такім разе размяркоўваецца поспех між выканаўцам і саўндпрадзюсарам, як па-твойму?

– Раней, можа, большасць і залежала ад выканаўцы, але цяпер час тэхналогій, і роля гукарэжысёра істотна ўзрасла. Сёння кожны школьнік ведае, як цюніць голас, накладаць нейкія эфекты і гэтак далей. Слухач у гэтым плане выхаваны нашмат лепш і патрабавальны нашмат больш, чым 15 гадоў таму. Цяпер прадаецца гукавая апрацоўка, песня ў абгортцы. І гэтая планка будзе падвышацца, таму выканаўца мусіць разумець, што ў трэк трэба ўкладаць час, сілы, грошы, каб дасягнуць максімальнага выніку, каб перамагчы ў шалёнай канкурэнцыі, якая цяпер існуе ў сеціве.

– Чаму тады Корж стрэліў, а некаторыя са згаданых табою артыстаў выглядаюць безнадзейна?

– Пра Nuteki, напрыклад, я б такога не сказаў, бо яны таксама набіраюць пакрысе абароты. А Корж – гэта формула поспеху. Я назіраў за гэтым ад самага пачатку, але назваць гэтую формулу сам не ў змозе… Тое, што прыносяць прадстаўнікі беларускай эстрады, скіравана пераважным чынам на наш унутраны рынак. А рынку таго, па сутнасці, няма. Можа быць, не хапае фінансавых уліванняў, можа быць, некаторыя не ведаюць, як дзейнічаць у такіх умовах.

З Максам Каржом

– Не хочацца ганьбіць некаторых тваіх кліентаў, але бываюць выпадкі, калі выцягвай, не выцягвай, але нічым не дапаможаш, бо яно ўжо загадзя другаснае ў сэнсе матэрыялу. Ці згодны ты, што беларуская поп-музыка проста неканкурэнтаздольная?

– Згодны на 100%. Нават у параўнанні з суседзямі ў нас тут прабел вялікі. Канкурэнцыі няма, а менавіта ў ёй нараджаецца дзвіжуха. Тут усё закрытае, нікому ні да чаго няма справы, і маладым досыць цяжка кудысьці прабіцца. Усё ў нулі. І ў гэтым нулі мы маем тое, што маем.

– Акрамя Каржа можна парадавацца за Антона Мацулевіча (Tony Fadd), трэк якога мае дзве намінацыі на “Грэмі”. Як ацэньваеш як бітмэйкер яго працу?

– Зноў жа, гэта формула поспеху, якую разгадаць няпроста, ды і самі людзі, якія нечага дасягнулі, часам не могуць гэта патлумачыць. Дакладна тое, што яны знаходзяцца перадусім у гармоніі з самімі сабою. Але ў нашай краіне гэта адзінкавыя выпадкі, хоць вельмі шмат крутых трэкаў робіцца беларусамі, якія нікуды не ідуць і якіх ніхто не чуў.

Што да трэка “Trap Quenn”, то я, адразу як дазнаўся, парадаваўся, што гэты біт зрабіў наш беларус. Паслухаў на добрай акустыцы, усё прафесійна зроблена, прычасана. Ён надта добра трапіў якраз у філасофію амерыканскага рынку, па аранжыроўцы арыентавана на іх публіку. У нас бы гэта не закаціла, рынак тут вельмі вузкі. Рады, што ў нас адбываюцца часам такія касмічнага маштабу дзвіжухі.

– А як ставішся да нацыянальнай тэматыкі, беларускамоўнага хіп-хопа, зробленага з разлікам найперш на аўдыторыю, якая жыве тут?

– З вялікай павагай. Працавалі з SP Kava, цяпер запісваю Angst’a. Гэта так клёва, калі чуеш беларускую мову, бо нячаста яна гучыць. Мне б хацелася, каб яе было больш – на тэлебачанні, у музыцы, проста ў размовах. Вельмі прыемна, калі са мною размаўляюць па-беларуску, калі робяць музыку, тым больш хіп-хоп, які дзіўна і нечакана гучыць па-беларуску ў плане тых жа цікавых спалучэнняў словаў, гэтак жа, як французскі хіп-хоп. Cпадзяюся, беларускамоўная музыка будзе запатрабаваная, бо калі я ад яе кайфую, то знойдзецца яшчэ шмат людзей, якім гэта спадабаецца.

З Вадзімам Галыгіным

– Як ацэньваеш узровень запісу і звядзення беларускіх выканаўцаў з таго, што да цябе трапляла апошнім часам, але да чаго ты сам не меў дачынення?

– Спецыяльна не адсочваю нашы запісы. З таго, што прыгадаю, – Brutto зроблена крута, але, пэўна, не ў нас, “Серебряная свадьба”, Port Mone, эстрадныя артысты, якіх, можа, ніхто і не слухае, але ёсць у іх удалыя трэкі.

­– Але фактычна ў нас няма гукарэжысёрскай школы, ці не так?

­– Так, у гэтым праблема, бо працуе шмат самавукаў, якія чэрпаюць веды з інтэрнэту, а там, на жаль, 80% смецця. Таму складаецца скажонае ўяўленне, на працу ідзе больш часу, а вынік нашмат менш эфектыўны. Карысную інфу, тыя 20%, можна атрымаць і з сеціва, але толькі пры веданні фундаментальных рэчаў.

– Ці ёсць думкі ў такім разе закласці сваю школу?

– Абавязкова. Я ўжо выкладаў гукарэжысуру як хобі прыватна, чытаў майстар-класы. А ўсур’ёз хачу гэтым заняцца бліжэй да 40 гадоў, бо хачу набрацца яшчэ досведу і прагну ведаў. Цяпер, напрыклад, працую саўнддызайнерам у Wargaming, і гэта для мяне вялікая навука, бо спазнаю звядзенне 5.1 & 7.1, і бінаўральнае звядзенне, інтэграванне гуку ды іншае.

 

Размаўляў Сяргей Будкін

Фота з акаўнта Сяргея Комара ў сацыяльнай сетцы


Адзін каментар у “Саўндпрадзюсар Сяргей Комар: “Беларусы робяць шмат крутога, але гэтага ніхто не чуе””

  1. Леонид Зуборев says:

    https://www.youtube.com/watch?v=71SWv7TaWTI
    НЕ IСНУЕ РУЖ БЕЗ ШЫПОЎ
    1.
    Белая ружа – сонейка ў сцюжу.
    Белая ружа – шчасце ў вачах.
    Белая ружа – сведкаю служыць.
    Белая ружа – кветкавы пах.

    Прыпеў:
    Ў ружоўнiку руж без шыпоў не бывае.
    Сум без кахання – песня без слоў.
    Кожны ў свой час сэрцам пазнАе,
    Што не бывае руж без шыпоў.

    Руж без шыпоў ўсё ж няма,
    I не шукайце iх дарма.
    Многа расце розных сартоў –
    Не iснуЕ руж без шыпоў!
    2.
    Жоўтая ружа – золата колер.
    Жоўтая ружа – водгук струны.
    Жоўтая ружа – сонца наўкола.
    Жоўтая ружа – подых вясны.
    3.
    Ружа чырвоная – сымбаль кахання.
    Ружа чырвоная – суму канец.
    Ружа чырвоная – да вiншавання.
    Ружа чырвоная – шлюбны вянец.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика