7 красавіка клуб Re:Public прыняў сапраўдную легенду сусветнай метал-сцэны з Бразіліі – гурт Sepultura. Мінскі канцэрт стаў апошнім ва ўсходнееўрапейскім турнэ, прысвечаным рэлізу новага альбома Kairos. За некалькі дзён да імпрэзы высветлілася, што падтрымку на сцэне бразільцам зладзяць гурты IVORYGOD (Гомель) і Рикошет (Мінск).
З вялікім жалем хачу сказаць, што дзве першыя каманды пабачыць амаль не атрымалася. Канцэрт пачаўся са спазненнем амаль на гадзіну, і пакуль я зразумеў што чарга нарэшце варушыцца і адстаяў яе да канца, першы гурт скончыў свой выступ. Я чуў, што хлопцам моцна парэзалі сэт-ліст, пакінуўшы песняў пяць, таму іх змаглі паслухаць далёка не ўсе наведнікі канцэрту. Затое я пабачыў частку шоу ад РИКОШЕТ. Гурт выдаў якасную порцыю энергічнай музыкі (прагучалі амаль усе іх хіты), але мала часу на сцэне і дрэнна наладжаны гук не далі адчуць увесь патэнцыял музыкаў. Але было ў гэтых тэхнічных накладках і штосьці добрае – якраз перад тым як апошнія слухачы зайшлі у клуб, да яго пад’ехаў невялікі мікрааўтобус, з якога выйшаў сам гурт Sepultura! Яны паціснулі рукі ўсім ахвотным і хутка зайшлі у клуб.
Пасля сыходу са сцэны «РИКОШЕТ» яе занялі тэхнікі Sepultura, якія амаль паўгадзіны ўсталёўвалі і наладжвалі апаратуру. У выніку хэдлайнеры пачалі выступаць толькі а палове дзявятай (на квітку пазначаны час 18.00), але яно было варта таго – гучанне атрымалася вельмі якасным і шчыльным, фірмовым для гурта. Разагрэтыя папярэднімі музыкамі і напоямі з бара, слухачы адразу ж распачалі слэм і мош, ад якога ў мяне яшчэ крыху баляць бакі. Нягледзячы на тое, што гурт прыехаў з новай праграмай, публіка пачула ўсе хіты Sepultura, старыя і новыя. Dead Embryonic Cells, Refuse/Resist, Territory, Mask, Sepulnation, Arise… Прычым самі музыкі скакалі па сцэне не горш за слухачоў – было бачна, што іх заводзіць энергія людзей. Вакалісту было мала проста спяваць ды скакаць, і часамі ён пачынаў граць на маленькім барабанчыку. У перапынках паміж песнямі бразільцы дзякавалі Мінску за падтрымку і спрабавалі размаўляць па-руску: можна было разабраць “Spasibo very much” і “Piva”.
Скончыўся канцэрт неўміручымі баевікамі Ratamahatta і Roots Bloody Roots, пасля чаго людзі пачалі паціху разыходзіцца. Самыя адданыя фанаты вырашылі дачакацца музыкаў каля ўваходу ў клуб, але праз гадзіну чакання ім сказалі, што музыкі даўно паехалі ў гатэль. Крыху палегчыць гэты жаль змагла толькі піца, якую адзін з памочнікаў Sepultura нёс у машыну і па дарозе пачаставаў самых стойкіх фанатаў. Будзем спадзявацца на хуткае вяртанне гарачых бразільскіх хлапцоў – на канцэрце Дэрэк голасна здзіўляўся, што яны так рэдка прыязджаюць да такіх адданых фанатаў.
Андрэй Мухамор
Фота: Аляксандр Ждановіч