Кастынг на беларускую агучку герояў «Сэкса ў вялікім горадзе» падышоў да канца: свае галасы героям першага эпізода культавага серыяла падораць шэсць удзельнікаў і ўдзельніц. У вочным кастынгу прыняла ўдзел 50 чалавек. Як праходзіў адбор, можна даведацца праз відэа. Работа над агучкай пачынаецца ўжо сёння, а прэм’ера серыяла «Сэкс у вялікім горадзе» па-беларуску адбудзецца ў пачатку красавіка: убачыць першы эпізод можна будзе на відэасэрвісе VOKA ў раздзеле «CINEVOKA – кіно па-беларуску».
Спіс пераможцаў і выніковае размеркаванне роляў выглядае наступным чынам:
Кэры — Таццяна Гладкая;
Саманта — Алена Ледаховіч;
Міранда — Алеся Ляўковіч;
Шарлота — Ганна Ліпай;
Містэр Біг — Аляксандр Крапіневіч;
Стэнфард — Андрэй Ляшчынскі.
Падчас правядзення адкрытага конкурсу арганізатары кастынгу атрымалі 417 заявак. У фінал прайшлі 50 лепшых: 14 хлопцаў і 36 дзяўчын. У спісе фіналістаў фігуравалі і дастаткова добра вядомыя беларусам імёны і пазнавальныя галасы: напрыклад, самая першая ўдзельніца дзіцячага «Еўрабачання» ад Беларусі Вольга Сацюк. Ці адразу тры ўдзельнікі гурта «Цяні-талкай»: Павел Клышэўскі, Павел Тараймовіч і Андрэй Заяц.
Цягам вочнага кастынгу ўдзельнікам трэба было не проста агучыць відэафрагмент з пілотнай серыі першага сезона серыяла «Сэкс у вялікім горадзе» з удзелам абранага персанажа, але і прадэманстраваць умельства падстроіцца пад «карцінку» на экране і, што куды больш важна, пад характар свайго героя ці гераіні.
Хутчэй усяго арганізатары і журы вызначыліся з кандыдатамі на мужчынскія ролі. А вось складаней за ўсё аказалася выбраць ідэальныя галасы для агучкі двух гераінь серыяла – Міранды і Шарлоты.
«Мы віншуем усіх пераможцаў і жадаем ім цікавай і ўдачнай работы над агучкай сваіх герояў, каб усе прыхільнікі серыяла Сэкс у вялікім горадзе і карыстальнікі відэасэрвіса VOKA як мага хутчэй змаглі ацаніць рэзультат нашых сумесных намаганняў і пачуць, як іх любімыя персанажы заразмаўляюць па-беларуску», – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па лічбавых платформах і кантэнту кампаніі velcom Антон Бладзік.
Пераможцы конкурсу ўжо рыхтуюцца распачаць агучку герояў пілотнай серыі «Сэкса ў вялікім горадзе» на беларускай мове. Прэм’ерны паказ першага сезона адбудзецца ў красавіку бягучага года на відэасэрвісе VOKA ў раздзеле «CINEVOKA – кіно па-беларуску».
Паводле прэс-рэлізу