Гэтыя несумяшчальныя рэчы звязвае граф Караль Ян Чапскі. Ён, з’яўляючыся гарадскім галавой, быў адначасова ўладальнікам бровара «Багемія», які пасля ператварыўся ў «Аліварыю», і заснавальнікам Мінскага гарадскога тэатра, сённяшняга Купалаўскага. Гэты факт дазволіў заводу «Аліварыя» ў сваё 150-годдзе правесці на тэатральнай сцэне прэзентацыю новага гатунку піва, а разам з тым паказаць спектакль «Сфінкс» у пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Менавіта гэтай прэм’ерай адкрываўся ў 1890 годзе цяперашні тэатр імя Янкі Купалы.
Вечар распачаўся шматпрыступкавым экскурсам у «даўнюю традыцыю мінскага піваварэння». Вядоўцы расказвалі пра адметны піўны стыль беларусаў, які заключаўся ў незвычайных рэцэптурах, а таксама прыводзілі старажытную алкагольную статыстыку: «Прыгонны селянін выпіваў да ста літраў піва ў год, шляхціц – да 700. Калі параўноўваць з сучаснымі рэкардсменамі ў гэтым пытанні — чэхамі, якія спажываюць 160 літраў, лічбы ўражваюць!» Што праўда, усё-такі ўдакладнялася, што піва ў часы ВКЛ было нашмат слабейшым за сённяшняе.
У цэнтры ўвагі паводле драматургіі імпрэзы было ўсё ж не піва, а граф Чапскі, і за вечар прагучалі бадай усе самыя вясёлыя факты і показкі пра чалавека-легенду — гэта ён быў абраны мэрам Мінска ў трыццаць гадоў, а пасля чатыры разы перавыбіраўся на гэтую пасаду, за ім у губернскім горадзе ўзводзіцца першая электрастанцыя, брукуюцца вуліцы і з’яўляецца трамвайная конка, а гараджане пачынаюць ездзіць на роварах ды карыстацца тэлефонам. Ён штодня скакаў на кані 40 вёрст з сядзібы Станькава ў Мінск на працу, арганізаваў саюз жанчын і сам яго ўзначаліў, а сваё вялізнае жалаванне перадаваў у гарадскую казну. Ну і ўрэшце – рэарганізаваў вядомы бровар ды адкрыў тэатр.
Уразіла пастаноўка, з якой калісьці пачаўся Мінскі гарадскі тэатр. Аказваецца, у дзень яго адкрыцця мінчане (а ў зале быццам прысутнічаў і тэатрал Чапскі) глядзелі меладраматычную салонную п’есу пра фатальных жанчын французскага пісьменніка Актава Фелье. Спектакль у губернскім горадзе ішоў на рускай мове. Да гэтага часу тэксту п’есы ў фондах Купалаўскага тэатра не было. Яго адшукалі ў гістарычным архіве Санкт-Пецярбурга супрацоўнікі «Аліварыі». Рэжысёр Мікалай Пінігін пагадзіўся на адзін вечар узнавіць тую першую ў гісторыі тэатра пастаноўку. Усур’ёз ставіць п’есу пра палкія ўзаемаадносіны ў жыцці французскай арыстакратыі, дзе канфлікт пачынаецца з рашэння пары паехаць на сезон у Ніцу, а пасля разварочваецца бурнымі жарсцямі, рэўнасцю і прызнаннямі, было б дзіўна. Мікалай Пінігін вырашыў дадаць усяму гэтаму гратэскнасці, і атрымалася хутчэй пародыя на тагачасныя модныя п’есы. Акторы граюць гіперэмайцыйна, з заломваннем рук і бясконцым кіданнем на калені, а фатальная галоўная гераіня змяняе высакапарны тон на нізкі голас, якім паведамляе, што ідзе «губиться». У іранічнай версіі Пінігіна п’еса нагадала творы ангельскага класіка Іўліна Во, які таксама высмейваў норавы вышэйшага свету. Сфінкс — гэта пярсцёнак з атрутай, якую, вядома ж, у канцы з паблажлівай усмешкай на вуснах выпівае галоўная гераіня і – падае мёртвая.
Градус пафасу пасля спектакля зніжалі акторы-купалаўцы невялікімі тэатральнымі нумарамі ў выглядзе габрэйскага шмонцэсу і польскага вар’етэ.
Завяршылася ўсё нечакана: дзверы расчыніліся, праз залу на сцэну выбеглі калядоўшчыкі з валачобнай зоркай і пачалі спяваць ды віншаваць усіх са святам. Гледачы разгубіліся: да чаго гэта? Дзе там тыя Каляды, яшчэ трэба дажыць! Але раптам калядоўшчыкі загаварылі словамі з рэкламных буклетаў. Высветлілася, што новы гатунак піва, які прэзентуецца на імпрэзе, называецца «Аліварыя Каляднае». Такі вось тэатральны прадакт-плэйсмент, з песні слова не выкінеш, намаганні хітрых маркетолагаў завода не былі марныя, мы вымушаныя ўключыць гэта ў наш рэпартаж.
Аляксандра Дорская, budzma.by, фота Зарыны Кандрацьевай