Дрыбінскі гісторыка-этнаграфічны музей рыхтуецца стаць адзіным у краіне, дзе можна будзе пабачыць увесь гістарычны працэс унікальнага рамяства.
Урачыстае адкрыццё адноўленага музея адбудзецца ўжо ў наступным месяцы. Пасля рэканструкцыі ён значна памяняе свой твар. Дагэтуль тут усяго было па трошкі, і толькі адна зала прысвячалася шапавальству. Але для промыслу, які прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі, гэта вельмі мала, палічылі тут, і вырашылі больш дэталёва паказаць усё, чым ганарыцца раён. Стварыць умовы для захавання самабытнага духу старадаўняга рамяства дапамагла дзяржпраграма «Культура Беларусі». Ужо зроблены мантаж драўляных канструкцый і поўным ходам ідзе напаўненне памяшканняў экспанатамі.
— У адным з іх мы вырашылі ўзнавіць побыт сялянскай шапавальскай сям’і, дзе можна будзе прасачыць этапы апрацоўкі воўны, паглядзець, як жылі шапавалы, у што апраналіся, — расказвае дырэктар музея Жанна Клімава. — Другая зала распавядзе пра тое, як развіваецца промысел сёння і што такое катрушніцкі лемезень. Трэцяя — наглядна прадэманструе наш кірмашовы гандаль. Выдумляць нічога не прыйдзецца, бо наш фестываль народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў «Дрыбінскія таржкі» працягвае былыя традыцыі. У нашым музеі таксама можна будзе пабачыць вырабы сучасных майстроў, рэчы, зробленыя рукамі выхаванцаў узорнага дзіцячага аматарскага аб’яднання «Катрушнік». А каб сваіх герояў кожны ведаў у твар, адкрыем так званую дошку гонару, дзе размесцім фота майстроў.
— Такога музея вы дакладна нідзе не пабачыце, — запэўнівае намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка. — Менавіта ў нашым раёне ўзнік катрушніцкі лемезень, які захаваўся па сёння разам з традыцыямі старадаўняй шапавальскай школы. Для нас гэта гонар і адметнасць Дрыбінскага раёна. Прыемна, што мы ўяўляем цікавасць нават за межамі краіны. Навукоўцы з Расіі прыязджалі да нас для больш дэталёвых даследаванняў. І таксама былі ўражаны.
Нэлі Зігуля, zviazda.by
Даведка:
Катру́шніцкі ле́мезень — умоўная мова дрыбінскіх шапавалаў. Была пашыраная ў м. Дрыбін Чавускага павета.
Каб трымаць у сакрэце тое, пра што гавораць, і пазбегнуць яго скажэння, карысталіся мовай толькі па-за домам, у час адыходніцтва (майстры працавалі ў дамах заказчыкаў, пераходзячы з вёскі ў вёску). Часам гаворку не ведалі нават члены адной сям’і, якія займаліся шапавальскім рамяством.
Паводле запісаў Е. Р. Раманава, лексічны склад налічваў блізу 915 словаў і ахопліваў 13 паняційных групаў. Большасць паняццяў выражаліся агульнаўжывальнымі беларускімі словамі, зацемненымі спецыфічнымі ўстаўкамі-прыстаўкамі: (кулуг, куцэгла, шурака, шупіла, беяго, беяе), а таксама вузкадыялектнымі словамі («писарыць» — пісаць, «моршчык» — нос), асобныя словы ўтвараліся перастаноўкай складоў («лосома» — салома), ужываліся словы іншамоўнага паходжання (з грэч. «лыкус» — воўк, з укр. «гербацень» — гусак). Словазлучэнні і сказы ўтвараліся на ўзор агульнанароднай мовы, напрыклад, «гурь маньку хавбовъ» — дай мне грошай. Фальклорных твораў на гаворцы шапавалаў не зафіксавана.