B:N, IQ48 i Pomidor/off давялі, што беларускі рок жывейшы за ўсіх жывых.
Супольны канцэрт яскравых прадстаўнікоў айчыннага року прайшоў у межах праекта “Re:Live”, які ладзіць клуб Re:Public. Гэта серыя тэматычных вечарынаў, у якіх на сцэну разам выходзяць стылістычна ці настраёва падобныя каманды. Былі ўжо рэперы, рамантыкі, цяпер чарга за рокерамі.
Даволі тлусты лайн-ап даў усе падставы назваць гэты канцэрт “міні-Басовішчам”, пагатоў на танцпляцы было багата заўсёднікаў гэтага фэсту. Сярод гледачоў нават быў Алесь Бяляцкі, які за час знаходжання ў зняволенні засумаваў па сапраўднай беларускай музыцы. Праваабаронца расказваў журналістам, што ўвесь гэты час яму даводзілася слухаць толькі радыёстанцыю “Магілёў-1”, на якой з усяго багацця айчыннай музыкі ставілі толькі Akute. Іх песні лідзіравалі месяцамі ў народным галасаванні, што бянтэжыла дыджэяў.
Адкрыў канцэрт Pomidor/off на чале з істотна схуднелым Аляксандрам Памідоравым . Настолькі, што паўстае пытанне, ці зваць яго Памідоравым. Музыка павіншаваў усіх з “першым і апошнім чацвяргом на гэтым тыдні” ды выдаў энергічны сэт, у якім знайшлося месца не толькі “Вітальнай”, “Дыму”, “Быць беларусам”, апошняму “спякотнаму” сінглу ды іншым баевікам, але і зусім новым песням. Галоўная прэм’ера – “Скрыпяць мае лапці”, падрыхтаваная для праекта Re:Песняры, які будзе прадстаўлены ў Re:Public 12 верасня.
Алесь Лютыч з B:N павітаўся з публікаю лаканічна: “Прывет, калдыры!” – ды ў гарачцы пасярод песні прадставіў свайго бубнача як Змітра Памідорава (насамрэч ён Харытановіч, хоць і задзейнічаны ў гурце Pomidor/off). Затое свой сэт музыкі адыгралі на найвышэйшым узроўні, чаргуючы зусім даўнія песні з адносна свежымі. B:N поўным ходам піша новы матэрыял і ўсур’ёз рыхтуецца да вялікага сольнага канцэрта-прэзентацыі, які можа стацца самым этапным за ўсю гісторыю каманды. Ён адбудзецца ў Re:Public у лістападзе і будзе прысвечаны 15-годдзю гурта, у што не так проста і паверыць.
Завяршыць канцэрт даверылі IQ48. Саша Ракавец намагаўся ўзняць усіх з месцаў: “Эй, вы там, кіньце рукі ўверх, ці вы гатовыя ўжо?” – пытаўся ён у публікі за столікамі. Падтрымлівалі “здаровых лосяў” з імпэтам. Сярод іншага яны выканалі “Выйсці” ў яе першапачаткова задуманым стане – у дуэце з Аляксандрам Памідоравым, што адбываецца гады ў рады. Было нямала прэм’ераў – песні з будучага альбома, якія да гэтага чулі хіба толькі тыя, хто быў на сёлетнім “Басовішчы”. IQ48 знаходзіцца ў поўнай баявой гатоўнасці, гэта факт.
Мікалай Дубавіцкі