З кожным годам слінганашэнне ў Беларусі робіцца ўсё больш папулярным. Калі раней мамы ў асноўным не задумваючыся насілі дзяцей у кенгуру, то сёння многія ўжо ведаюць пра больш эрганамічныя пераноскі: слінгі-шалікі, май-слінгі і іншыя. Мамы, якія носяць дзяцей у слінгах, часта аб’ядноўваюцца ў супольнасці, праводзяць акцыі ў падтрымку слінганашэння. Так, штогод у верасні праходзіць Міжнародны тыдзень слінганашэння. У Магілёве такая акцыя ладзіцца ўжо другі раз: летась мамы прайшлі невялікім парадам па пешаходнай вуліцы горада, раздалі ўлёткі і правялі майстар-класы па намотванні слінгаў. Сёлета больш чым дзесятак мам з дзецьмі зноў прайшоў па вуліцы Ленінскай 17 верасня.
Разам з мамамі па вуліцы прайшліся і два слінгататы, якія відавочна здзівілі і зацікавілі выпадковых мінакоў. Некаторыя сустрэчныя мамы цікавіліся незвычайным шэсцем, аднак часта людзі глядзелі здзіўлена і няўхвальна.
Дзіўна, наколькі пытанне гадавання дзяцей хвалюе ўсіх у асяроддзі маладой мамы: парады аб тым, як карміць, надзяваць шапачку ці рабіць прышчэпкі, паступаюць бясконцым патокам. Заканамерна, што некаторыя мамы ўспрымаюць мацярынства як барацьбу. Пытанне ж слінганашэння заўсёды аказваецца адным з самых вострых: усе прысутныя на шэсці мамы маглі ўспомніць нямала кур’ёзных, а часам і крыўдных выпадкаў на вуліцы. Некаторым бабулі адкрыта пагражалі пазбаўленнем бацькоўскіх правоў, некаторых выпадковыя мінакі доўга распытвалі пра незвычайную “анучу”, некаторых называлі цыганкамi. Часта дзяцей у слінгу прымаюць за кацянят ці сабачак, а то і за лялек. Так што амаль кожная слінгамама ўжо навучылася не звяртаць увагі на каментары мінакоў і незычлівыя позіркі. Але насамрэч такое стаўленне вельмі вымотвае, а калі мама не гатовая адстойваць свае погляды, то да слінгу яна і блізка не падыдзе. Затое шмат хто гатовы купляць “правераныя гадамі” кенгурушкі, не разабраўшыся да канца ў пытанні. Слінгамамы не стамляюцца тлумачыць розніцу паміж становішчам дзіцяці ў слінгу і ў кенгуру, расказваць пра рэкамендацыі артапедаў, прафілактыку дысплазіі, раўнамернае размеркаванне нагрузкі на спіну дзіцяці і мамы, аднак пераканаць грамадства не надта проста. Менавіта з мэтай папулярызацыі слінгаў і праходзяць штогод мерапрыемствы Міжнароднага тыдня слінганашэння.
Пасля шэсця па вуліцы Ленінскай свята працягнулася ў антыкавярні “Чердак”, дзе прайшлі майстар-класы па намотванні слінгаў і мамы змаглі адпачыць і пагутарыць за кубкам гарбаты.
Марыя Гілёва