23 лютага ў Re:Public прыехаў святкаваць свой 10-ты дзень нараджэння модны расійскі гурт “Слот”. Праўда, музыканты са сцэны прызналіся, што за ўсімі гэтымі доўгімі турамі ды раз’ездамі гурту споўнілася ўжо 11 гадоў, але не адмяняць жа канцэрт праз такую дробязь!
Мінскі выступ быў адным з апошніх у падарожжы па СНД, і гурт правёў у суровых дарожных умовах каля месяца, але энергіі ў “Слота” хапіла б, здаецца, на цэлы стадыён. Гэтым хлопцам і адной маленькай, але вельмі энергічнай дзяўчыне нават не быў патрэбны “разагрэў”, каб уся зала скакала ўжо на другой песні! Увогуле, я не чакаў ад беларускіх фанатаў “Слота” такой скаардынаванасці і жвавасці, бо заўсёды думаў, што такой музыкай захапляюцца ў асноўным інертныя школьніцы ў клятчастых кашулях ды кедах. Але ў клубе можна было пабачыць прадстаўнікоў літаральна ўсіх сацыяльных слаёў. Тут табе цішоткі Metallica, там — Pantera, злева — BrutalAssault, там хтосьці пайшоў у майцы з Цоем, а ля барнай стокі ўвогуле танчылі нейкія мужчыны і жанчыны сярэдніх гадоў. Ну і як ніводны баль не абыходзіцца без сваіх караля і каралевы, так і ніводны рок-канцэрт у Re:Public не абыходзіцца без 16-гадовай дзяўчынкі ў матросцы і яе кавалера — коратка стрыжанага потнага хлопца топлес. Уся гэта стракатая публіка адрывалася, як магла, пад галоўныя хіты “Слота” з усіх іх 5 альбомаў. Не абышлося, зразумела, і без фірменных флэшмобаў гурта — усім разам прысесці пасярэдзіне песні “Хаос”, а потым скокнуць як мага вышэй. Хвілін праз 40 выступу слухачы разагрэліся так, што на сцэне пачалі з’яўляцца першыя няўпэўненыя стэйдждайверы, якіх ахоўнікі клуба спрабавалі хутка пхнуць назад у натоўп. Аднак добрасумленна выконваць свае абавязкі ахове перашкаджалі вакалісты, якія, наадварот, падбадзёрвалі слухачоў і прасілі іх скакаць як мага далей. Пад апошнюю песню (вы яе, безумоўна, чулі — там пра дошкі і адрэналін) нават Нукі ўласнай персонай скокнула ледзьве не ў самы слэм, ды яшчэ і без папярэджання! Да гонару айчынных рокераў трэба сказаць, што яе не толькі злавілі, але яшчэ і не вельмі задралі сукенку.
Развітваючыся, “Слот” “па сакрэце” сказаў зале, што Мінск — нумар адзін сярод іх гастрольных пляцовак. Не ведаю, так гэта ці не, але тым вечарам мала не падалося ні слухачам, ні самім музыкантам. Стомленыя і потныя, яны паехалі дамоў, але абяцалі вярнуцца ўжо у лістападзе — падчас падарожжаў Кэш старанна пісаў тэксты для новых сінглаў.
Фота: Аляксандр Ждановіч