На сайце сусветнай інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» ўводжу ў пошукавіку «сляпыя музыкі» (хутка вы зразумееце, што мяне на гэта заахвоціла). Пошук выдаў усяго тры дзясяткі вынікаў.
Але затое якіх! Вялікі нямецкі кампазітар Ёган Себасцьян Бах, расійскі кампазітар і паэт Глеб Сядзельнікаў, амерыканскі музыка і неаднаразовы ўладальнік прэміі «Грэмі» Рэй Чарльз … Магчыма, калісьці гэты спіс папоўніцца імем нашага земляка – гітарыста Аляксандра Мулярчыка. У Польшчы, Германіі, Аўстрыі і іншых краінах Захаду яго ведаюць пад псеўданімам Алекс Май.
Аляксандр Мулярчык родам з Мастоў. Віртуозна іграе на акустычнай гітары. Выконвае музыку ўласнага сачынення. Выступае ў клубах і канцэртных залах Еўропы. У мінулым годзе аб’ездзіў з гастролямі адзінаццаць краін свету. Яму 31 год. Не буду распавядаць пра тое, як у сямігадовым узросце страціў зрок. Таму што, па-першае, у мяне, здзіўленай яго жыццярадаснасцю і аптымізмам, проста не хапіла духу пра гэта спытаць. Па-другое, у Сашы няма жадання пра гэта казаць.
На гэты конт ён распавёў некалькі пацешных гісторый. Аднойчы яго запрасілі выступіць у складзе адной групы. Іншыя музыкі да апошняга не ведалі, што ў іх калегі трохпрацэнтны зрок. Саша перасоўваецца самастойна і без кія. Былі вельмі здзіўлены, калі мастаўчанін раскрыў карты. І гледачам Алекс Май не распавядае аб сваёй асаблівасці, не паказвае ў афішах, выступае пераважна ў сонечных акулярах. А аднойчы недасведчаны пілот-інструктар маламернага самалёта перадаў хлопцу штурвал. Саша ўспамінае, як спрабаваў дакрычацца да лётчыка, але мікрафон апынуўся зламаны. На шчасце, усё скончылася добра.
Алекс Май жыве ў польскім Уроцлаве. Гастралюе па ўсёй Еўропе. Пачуць яго музыку і ўбачыць запісы выступленняў можна ў Інтэрнэце. Такім чынам сочыць за творчасцю музыкі і яго сям’я ў Мастах. Бацькі не маюць ніякага дачынення да музыкі. Тата – вадзіцель-міжнароднік, мама цяпер на пенсіі. Затое ўсе іх трое дзяцей іграюць на музычных інструментах: Алена – на скрыпцы, Іван – на ўдарных.
Саша ўпершыню ўзяў у рукі гітару ў трэцім класе, а ў 19 гадоў стаў займацца ёй сур’ёзна. Браў індывідуальныя ўрокі у гродзенскага гітарыста Сяргея Сафонава, у гітарыста гуртоў «Палац» і «Крама» Сяргея Трухановіча. Два гады правучыўся ва Уладзіміра Угольніка ва ўніверсітэце культуры. За новым вопытам і адчуваннямі рвануў у Польшчу на вучобу да джазавага музыканта Карла Фярфецкага. Ставячы новыя мэты і высоўваючыся ў дарогу, мастаўчанін ніколі не спыняўся перад тым, што свет ён бачыць як чараду святла і ценяў.
У скарбонцы Алекса Мая чатыры альбомы – два запісаныя ў складзе групы і два сольныя. Апошнія называюцца «Гітарная медытацыя з шырока заплюшчанымі вачамі» і «Маё скрыжаванне». Некаторыя кампазіцыі польскі рэжысёр Ганна Мачко выкарыстоўвала ў сваіх дакументальных фільмах пра сляпую дзяўчыну і пра ўдзельнікаў вайны ў Афганістане. Саша прынёс мне на флешцы сваю музыку. Пацікавілася, да якога стылю адносяцца кампазіцыі. Музыка не змог адказаць. Я зразумела чаму, калі ўключыла запіс. Яго музыка ні на якую іншую не падобная. Адным словам, гэта трэба чуць.
На базе Уроцлаўскага ўнівэрсытэту мастаўчанін піша доктарскую на тэму: «Месца музычнага фальклору ў сучаснай эстраднай музыцы Заходняй Беларусі». І наступны свой альбом Алекс Май бачыць з беларускімі фальклорнымі ноткамі. Марыць правесці яго прэзентацыю ў Беларусі.
Жана Байгот, Гродзенская праўда