Гэта, мабыць, чакае кожнага, хто ў найбольш актыўны і прадуктыўны перыяд свайго жыцця змусіў стрэлкі гадзінніка круціцца хутчэй і ўпісаў сябе ў гістарычны кантэкст. Дубавец у 80-я здолеў гэта зрабіць і рэалізаваў тое, дзеля чаго быў пакліканы на свет. Цяпер яму застаецца толькі згадваць, канстатаваць і аналізаваць. І ў ацэнцы цяпершчыны ён не ведае літасці.
Мысляр Дубавец зрабіў правакацыйнае дапушчэнне, што час для Беларусі як краіны і нацыі спыніўся. Так называлася яго лекцыя — “Жыццё ў спыненым часе”, якая была прысвечаная кнізе пра Майстроўню, а па сутнасці — часу, у які пачаўся новы этап культурнага развіцця краіны. Аўтар выбудоўвае такі ланцужок: спачатку была Майстроўня, што лічыцца, па сутнасці, першым нефармальным моладзевым аб’яднаннем у савецкай Беларусі, з якога пайшлі іншыя суполкі, у тым ліку “Тутэйшыя” і “Талака”. Яны і паўплывалі на тое, што незалежнасць Беларусі стала магчымай. “Калі я адчуў, што Майстроўня зрабілася гісторыяй, тады я і ўзяўся за кнігу”, — тлумачыць Дубавец.
У яго жыцці ўсё віравала, калі стварылася тая Майстроўня, хоць людзі тады жылі таксама ў спыненым часе. Далей — болей. Дубавец адчуваў рух цягам наступнай чвэрці стагоддзя, калі, як ён згадвае, шумелі залы на паседжаннях Канфедэрацыі беларускіх суполак, калі разганялі першую перабудовачную дэманстрацыю ў Мінску, калі адрадзілася “Наша Ніва”, калі вярнулі нацыянальную сімволіку, калі грымела беларуская рок-музыка і паўстаў партал “Тузін Гітоў”… Час для пакалення Дубаўца нібы зрушыўся, а потым раз — і зноў спыніўся. Сяргей нават можа назваць дакладны дзень, калі, паводле яго назіранняў, тое здарылася. “Мне патэлефанаваў Клінаў і, рыдаючы ў слухаўку, сказаў, што моладзь на плошчы разганяюць. Тады, у 2006 годзе, і з’явілася адчуванне, што час губляецца”.
Акурат з гэтага моманту Беларусь, на думку Дубаўца, пачала спаўзаць нават не ў 90-я, а ў 70-я гады мінулага стагоддзя. “Цяпер нічога не адбываецца. Спынены час, як дом без гаспадара, як стаячая вада. Спынілася гісторыя, спыніліся нашыя біяграфіі. Я сутыкнуўся з тым, што свае ранейшыя артыкулы магу ставіць у блог і цяпер, і гэта будзе актуальна”, — сказаў публіцыст. Кіраўнік “Лятучага ўніверсітэта” Уладзімір Мацкевіч паспрабаваў вярнуць яго на зямлю і кінуў выклік: “Хацелася б пачуць не толькі нараканні, але і нешта натхняльнае ад чалавека, які аднойчы ўжо даў штуршок часу”. Але аптымізм у Дубаўца вычарпаўся, мяркуючы з усяго, даўно. “Цяпер нешта робіцца, але гэта ўсё ўжо іншага парадку. На сёння маем узровень заняпаду”, — адразае “майстровец”. У шэрагу пазітыўных прыкладаў ён згадвае і пра мультфільм “Будзьма беларусамі!”, але гэта ў агульны залік, на яго думку, упісаць нельга, бо яно не ёсць “жывым гукам моладзі”. Рэцэпты і парады, як змяніць час і зрушыць стрэлкі гадзінніка, Дубавец дае неахвотна. Урэшце адна са слухачак пытае ў яго наўпрост: “Дык што рабіць?” — “А ўсё тое ж — звяртацца да народнай культуры, бо яна апелюе не да мазгоў, а да ментальнасці, да задняй памяці”, — дае адказ аўтар, які яўна не задавальняе частку аўдыторыі. Наогул жа, бяда, на думку аўтара, у тым, што цяпер дзеці ў садках і школах не спяваюць разам, а між тым, якраз з гэтага прыходзіць усведамленне свайго грамадзянства. “Калі людзі пяюць разам, яны здольныя на ўсё. Аднаго чалавека можна заткнуць, а вось хор — ніколі”. Зноў жа, прыкмета спыненага часу, паводле Дубаўца, — тое, што спевак і гукання вясны на цэлы Мінск ніхто не ладзіць. Яму пярэчылі: навошта звяртацца да тых самых сюжэтаў і ці не лепей ствараць гарадскую культуру? Але дыскусіі ў гэтым кірунку Дубавец не працягнуў: “Не тое і не пра тое вядзецца”.
Час спыніўся для Дубаўца і ўсіх тых, хто сваю справу ўжо зрабіў. Але ў Беларусі жыве нямала людзей, якія гэты час рухаюць. Проста заўважна і ацэнена гэта будзе пазней, калі зробленае імі стане гісторыяй.
Сяргей Будкін
Фота: Зарына Кандрацьева