Музыкі са “Старога Ольсы” далі вялікі двухгадзінны сольны канцэрт, прадставіўшы творы з “Полацкага сшытка” ды выбраныя кампазіцыі з папярэдніх альбомаў. Гурт вітала поўная зала Палаца ветэранаў. Як выявілася, гэты выступ мог і не адбыцца, але “ольсаўцы” былі мацнейшыя за абставіны.
Канцэрт “Старога Ольсы” 2 сакавіка сапраўды мог быць перанесены, бо музыкаў напярэдадні яго пераследавалі непрыемнасці. Мог не выйсці на сцэну, напрыклад, бубнач каманды Андрэй Апановіч, які рассек брыво ад удару багажніка аўто. Ці флейтыстка Марыя Шарай, якая траўмавала калена. Ці Алесь Чумакоў, які наогул захрас у ліфце. Але музыкі неспрыяльным абставінам не скарыліся ды сабраліся разам, каб даць вялікі канцэрт. Лідар каманды Зміцер Сасноўскі назваў выступ 2 сакавіка “дзіўным”. Таму што яго вырашылі скласці з зусім розных твораў – з гераічнага эпасу (гэта значыць, спеваў рыцараў ды шляхты) і з “Полацкага сшытка”. Да ўсяго, творы вырашана было чаргаваць. Такога спалучэння на канцэртах каманды яшчэ не было.
Пачалі музыкі адразу з “Ліцвіна”, аднаго з самых галоўных сваіх канцэртных нумароў, які звычайна пакідаюць на канец. Вакальныя нумары чаргавалі з інструментальнымі. Разам з тым Зміцер Сасноўскі тлумачыў гледачам спецыфіку таго ці іншага твора. “Танец у балканскім стылі” з “Полацкага сшытка”, з яго словаў, руйнуе стэрэатып пра тое, што творы з гэтага зборніка ўсе чапурыстыя. Наадварот, “сшытак” увабраў у сябе ўсе існыя на той час плыні. Нават назвы шмат якім кампазіцыям зборніка не былі дадзеныя, бо тады ўсе іх выдатна ведалі. А вось назвы кампазіцый, якія захаваліся (як “Пастыр” альбо “Трытон”), выканаўца і даследчык не ўзяўся патлумачыць. Наогул жа “ольсы” прапануюць лічыць “Полацкі сшытак” своеасаблівым “топам” найлепшых твораў свайго часу. Шкада толькі, што цяперашнія выканаўцы вельмі рэдка звяртаюцца да іх.
Зміцер шмат разважаў пра тое, што нас з продкамі лучыць нашмат больш, чым мы думаем. “Яны мелі тыя ж праблемы, што і мы, тыя ж пачуцці, што і мы”, – зазначыў ён, прадставіўшы твор “У каралеўскім войску”, напісаны ў XVI стагоддзі. На думку лідара “ольсаў”, ён абсалютна адпавядае па сэнсе знакамітаму хіту Status Quo “In The Army Now”. Расказваючы пра твор “Дрыгула”, Сасноўскі зазначыў, што гэта “зусім не песня гурта Gods Tower, як лічаць некаторыя”, а мелодыя якраз з “Полацкага сшытка”: “Проста музыкі з Gods Tower некалі ў нас узялі касету і не вярнулі, а потым гэтая мелодыя загучала на іх альбоме”.
Аднойчы гурт адышоў ад заяўленай праграмы ды выканаў адзін з узораў духоўнай музыкі – беларускі пераклад лацінска-французска-іспанска-партугальскай версіі твора “Авэ, Марыя” часоў Сярэднявечча. А кампазіцыю “Віленская сальтарэла” лідар “ольсаў” прысвяціў сваёй жонцы, якая зусім нядаўна падаравала яму двойню.
Мікалай Дубавіцкі, фота Аляксандр Ждановіч.