Як запраўскі энтамолаг, Паліна Качаткова стварае вельмі спецыфічную калекцыю з даволі змрочнай каляровай гамай. Увагу аўтара прыцягваюць не вясёлкавыя трапічныя стварэнні, а ўсялякія начныя страхоцці з чырвонымі вачыма ды казюры ў стаўковым брудзе.
Укладальнік кнігі — хітры манюка.
Інтрыгоўны падзагаловак “ёсць словы, якія не варта казаць. ёсць рэчы, пра якія лепш не ведаць” можна расчытаць у двух супрацьлеглых кірунках: як рэкламу накшталт той, якую атрымала адно райскае дрэва, і як апраўданне-папярэджанне — тое, што далей, не варта было казаць і тым больш лепей не ведаць, а хто ўсё адно палез адгортваць — сам дурань. Яшчэ паабяцаныя навелы — і яны ў кнізе ёсць, але далёка не ўсё, што ў кнізе ёсць, — навелы. Прынамсі, у класічным азначэнні кароткага апавядання з нечаканым фіналам. Нарэшце, спярша падаецца, што кніга належыць жанру “лянівай прозы”, спрэчкі пра які гэтак файна падрахункавала Ганна Кісліцына — штосьці, занатаванае між іншага, думкі, накіды, якія не сталі творамі, рэшткі інтэрв’ю, якія шкада выдаліць, фрагменты перапіскі, пераказы блогаў і сноў, анекдотаў і дакументальных кніг, гутарак пад гарбату… Але пакрысе вымалёўваецца моцная сувязь паміж зместам і формай, і гэтае збіўлівае, забыўлівае, загаворлівае, мармытлівае пісьмо аказваецца адзіна магчымым і адэкватным афармленнем экспанатаў у сэнсоўную выставу.
Яшчэ адным нумарам калекцыі.
Сваіх матылёў аўтар ловіць на некалькі прынадаў — на асаблівую жаночую субстанцыю, на водар “трупаў і загубленых жыццяў” (с. 141), на сабачыя слёзы дый проста на святло ў акне (туды, праўда, часцяком абы-што прылятае, але аўтар даволі трапна вымалёўвае траекторыі рухаў гэтага “абы-чаго”, перакручвае побытавае смецце ў інсталяцыю).
Жаночая субстанцыя
Адзін з топасаў жаночай прозы — гісторыя сям’і з вялікай увагай да жаночай яе лініі. Калі чытачу “Матылёў” заманецца сабраць за вячэрай жанчын з сям’і лірычнай гераіні, гэта будзе як пазл збіраць, адкідаючы падобныя фрагменты ад іншых гісторый якой-небудзь “сяброўкі сястры свайго будучага мужа” (с. 72). Прытым усе гераіні будуць гаварыць адначасова, кожная ад свайго імені і не слухаючы іншых, таму няма дзіва, што некаторыя гісторыі будуць расказаныя некалькі разоў з невялічкімі варыяцыямі. Так, напрыклад, двойчы памірае бабуліна сяброўка Паліна — з’еўшы снежку і захварэўшы на тыфус; тройчы памірае бабуліна дачка Нона — у аповедзе і ў сне бабулі, у лялечных аповедах маці (сястры Ноны), цацачны мішка Гілька спярша паўстае з дзвюма лапамі і адным вокам, а праз некалькі старонак — ужо з адной лапай і блакітным вокам (гэта, канечне, не выключае, што вока так і засталося адно, затое дае прыклад таго спецыфічнага пісьма, якім запамінаецца кніга, калі ўсе фактычныя начніцы-драбніцы знікаюць). Паўторы — увогуле самая папулярная стылістычная фігура кнігі, што лагічна, калі ўявіць пісьмо гэткім бражнікам “мёртвая галава”, які слепа ляціць на аранжавую лямпу, б’ецца, адлятае, зноў ляціць, зноў б’ецца, часам у тым самым месцы, часам у іншым, ажно пакуль не надакучыць тым, хто высунуў лямпу праз акно “ў ахутаны змрокам сад” (с. 14). Сярод гэтых таўталагічных загавораў робіцца найлепшым тэкстам “жаночай лініі” (а мо і ўсёй кнігі) навела “Кожная жывёліна” — тут побытавы хлуд утварае плыткую паверхню над архетыповымі глыбінямі, куды (дзякуючы нечаканай недагаворанасці) раз-пораз правальваецца аповед. Замкнёны сам на сабе, дом пад вербамі (у іншых версіях — пад ліпамі) існуе па-за часам і па-за светам — тут ніхто і нішто не памірае дарэшты, пакідаючы ў сценах сваё дыханне, так што паветра робіцца густым і неспакойным. Жывым у такой задусе няпроста, а вось мерцвякі і прывіды раскашуюць.
Сабачыя слёзы
Яшчэ адзін топас жаночай прозы — міласэрнасць, мілажальнасць і да т.п. Маўляў, жанчына часцей заўважыць, пашкадуе, а то яшчэ і ў дом прыцягне няшчаснае стварэнне — абадранага коціка, аблезлага сабачку ці пабітага жыццём мужычка, і ў прозе гэта выяўляецца. У “Матылях” асноўныя героі — кабеты, другасныя — жывёлы, і толькі эпізадычныя — асобіны мужчынскага полу. Мужчыны збольшага з такім альбо гэткім вывіхам — зэкі, алкашы, псіхі, чужыя мужы, таксікаманы, літаратары, яшчэ педафіл ёсць, а ўвасабленне мужнасці ў кнізе — змятая і прытаптаная крапіва ля ганка (с. 56). Таму найчасцей гераінь суправаджае верны сабака: гэткі і пра небяспеку папярэдзіць, і ціха сканаць не дасць, і размову не сапсуе, бо ўсё-ўсё разумее, нават заплача, калі сказаць яму “Ты хутка здохнеш!” (с. 46). Сабакам ставяць магілы — і яны не губляюцца, не тое што магіла Багдановіча, якая, аказваецца, невядома яшчэ, ці на правільным месцы адноўленая (с. 74). Мужчыну лепей ператварыцца ў звярка, белага і пухнатага, сысці ў лес, праз год вярнуцца да каханай брудным і калматым — тады споўніцца яе, жанчыны, жаданне (страціць мужчыну і займець дзікага звярка? Пабачыць, як цяжка звярку без яе ў лесе? Проста пабачыць каханага жывым і здаровым, хай сабе брудным і дзікім?.. Сугестыўная таўталогія кнігі ў тэксце “Лясное” выварочваецца сваім сподам — такой поўнай і апрычонай недагаворанасцю, невыгаваранасцю, што хваравітая фантазія крытыка пачынае радасна скакаць гапака).
Але жывёльны свет не мілажальны — увесь час хтосьці кагосьці жвакае. І гераіня назірае гэта штодня: “На прыродзе, блізка да зямлі жыць страшна — штодня бачыш шмат смерцяў: то птушка памірае, то на слімака наступіш. Куды ні глянеш, усё нехта некага ловіць і жарэ” (с. 119); “Увесну ўсе на ўсіх палююць. Вось такое абнаўленне жыцця. Уначы крыкі і стогны. Паляванне. Заснуць цяжка” (с. 129). Гераіні Паліны Качатковай страшна ўначы выйсці ў двор, каб не раздушыць каго нагой. Аднак швейцэраўская “глыбокая павага перад жыццём” у яе прымае форму зацыкленасці на смерці. Каб не страціць клёку — вядомы псіхалагічны прыём, — трэба выгаварыцца, выплюхнуць вонкі свае жахі. Так смерць у розных праявах робіцца паўнапраўнай гераіняй “Матылёў”.
Трупы і загубленыя жыцці
Лічыцца, што жанчыны-аўтары яшчэ стагоддзі з два будуць сузіраць уласны пуп і не змогуць адысці ад тэмаў накшталт сям’і, каханняў-расстанняў і іншага “спецыфічнага жаночага досведу”, сярод якога асноўнае — здольнасць нараджаць, дарыць жыццё. Па колькасці смерцяў у “Матылях” бачна: гэты топас жаночай прозы дадзены ў негатыве, асабліва ўражвае кадр, на якім радзільны дом ператвораны ў крэматорый (гл. с. 137). Паміраюць верныя сабакі, птушаняты і дрэвы, лялькі, рэчы, старыя будынкі, а ўжо людзей аўтарка назабівала — тэрмінатар пазайздросціць: каму хвароба, каму вайна, каму недарэчнае раненне. Асабліва багаты ўлоў на тапельцаў — дом-пад-дрэвамі знаходзіцца на беразе (ракі, возера), і вада, паводле логікі негатыва, замест таго каб даваць жыццё, яго адбірае. Гераіні са свайго берага вечнасці плаваюць — хто на лодцы, а хто і проста так кіламетры намотвае — між распухлых трупаў, аквалангістаў, аграменных сомаў-забойцаў і зацягнутых у раку рэчаў (рыбіна-бомба, брудная вопратка і такія непавідныя страхоцці, над прызначэннем якіх гераіні брыдка задумвацца). Плату за дастаўку душаў на іншы бераг не бяруць, задавольваюцца роляй назіральнікаў — як рака, як жыццё, плывуць міма. Калі ў кнізе з’яўляюцца не мёртвыя яшчэ дзеткі, іх з’яўленне ўраўнаважваецца вобразам магілаў. Дзеці “Матылёў” любяць пахаванні, бо гэтая страхотная дзея з кветкамі і музыкай, і можна прыкінуцца мёртвым і прыцягнуць да сябе ўсеагульную ўвагу — дзеля гэтага нават варта даць сябе пахаваць (с. 132). А могілкі яны любяць, бо ўдзень гэта паркі і скверы, больш-менш дагледжаныя і, зноў жа, з кветкамі нетутэйшых колераў — у рэчаіснасці кнігі прыгажосць не існуе ў іншых, неналежных, месцах, усё новае і прыгожае падлягае тэрміноваму руйнаванню і засмечванню. Адваротным прыкладам сувязі дзеці — могілкі выступае эпізод з магілай Багдановіча — на таблічцы ад яе крыжа вартаўніковы хлапчукі коўзаліся з гары (с. 74) — рэдкі выпадак, калі змрок негатыва крыху развейваецца, але за гэта мы, падобна, мусім сказаць дзякуй не столькі аўтару, колькі Дубоўку, якога цытуе нехта П.Б. (на папярэдняй старонцы фігуруе П.К., але я б не стала вінаваціць карэктара — у кнізе спрэс адбываецца падмена наратараў, у тым ліку за кошт знікомых двукоссяў — с. 9, неатрыбутаванасці цытаты — с. 11, чаргавання рэплік дыялогу — с. 23, змены роляў інтэрв’юера і рэспандэнта — с. 123. У выніку атрымліваецца сцёртае аўтарства, пры якім асабістая гісторыя робіцца гісторыяй кожнай жанчыны, а кніга, якая быццам выхоплівае малюнкі з аднаго канкрэтнага жыцця, набывае гэткі “агульнажаночы” маштаб).
Мяжа светаў жывых і памерлых у “Матылях” рухомая — старыя фотаздымкі мёртвымі вачыма п’юць сілы з жывых музейшчыкаў, старыя рэчы наганяюць вусціш. А выкінуць іх ці спаліць небяспечна — мо ў гэтых пераблытаных нітках і твая нітачка лёсу ўплеценая. Хіба пасля доўгіх разваг і выканання магічных рытуалаў лірычнай гераіні ўдаецца зладзіць вогнішча з уласнай і чужой памяці.
Не пускайце акына да акна
Калі на хвілінку паверыць аўтару, то атрымаецца, што ніякай лірычнай гераіні няма, а ёсць сама пры сабе Паліна Качаткова, і гэта ў яе ёсць знаёмая вядзьмарка (сапраўды, “ці ёсць у Беларусі хтосьці, у каго няма знаёмай ведзьмы?” с. 118), якая, на шчасце, перайменавала “Паліну” ў “Паліанку”, і вось сядзіць “Паліанка” ля акна, глядзіць на птушак і расказвае пра сваё жыццё, а таксама пра жыццё сваіх сваякоў, сяброў і знаёмцаў. Пра ўсё, што так ці іначай трапляе на вока — рыхтык акын, філасофію працы якога агучыў адзін постсавецкі гумарыст: “Я буду спяваць, пакуль вы не будзеце пляскаць”. Уражанне ўзмацняецца адсылкамі да блогу (с. 109), а для тых, хто сачыў за дзённікам kyta-kyta, — яшчэ і блізкім знаёмствам з некаторымі фрагментамі тэксту. Справу маем, нагадаю, з хітрым манюкам. Хіба не ў кожнага ёсць ці былі: 1) бабуля, якая памятае даваенныя (ну, ці пасляваенныя) гарады; 2) маці, якая расказвае пра час, калі лялькі былі гліняныя і дрэвы вялікія; 3) праца, якая непазбежна пераплятаецца з асабістым жыццём; 4) плойма сяброў і знаёмцаў са сваімі гісторыямі, якія потым пераказваюцца ў коле іншых сяброў-знаёмцаў…
Але на чыстую ваду аўтара не выведзе нават такая цытата-прагаворка: “Выбірала кнігу ў кнігарні і злавіла сябе на думцы, што шукаю такую, дзе б і аўтарам была жанчына, і распавядалася б пра жыццё жанчын” (с. 133). Бо няма яе, чыстай вады. Ёсць Днепр, поўны жахаў і велічы. І трапічных вясёлкавых матылёў няма, а вось тоўстых совак, аксамітных, важкіх, з чырвонымі вачыма — гронкі. Колькі іх злавіла і апрацавала аўтарка “Матылёў” — настолькі менш вакол нас цяпер лётае, цягаючы з цемры трывожную таемнасць…
Маргарыта Аляшкевіч, gedroyc.by