19 верасня паэтычна-спеўны дуэт у складзе Міхася Скоблы і Таццяны Матафонавай выступіў у Ходараўскай СШ на Лідчыне. Сустрэча была прымеркаваная да Міжнароднага дня перакладчыка. Таму арганізатар выступу, старшыня Лідскага ТБМ імя Ф. Скарыны Станіслаў Суднік, распачаў яе з расповеду пра 900-старонкавую анталогію “Галасы з-за небакраю: паэзія свету ў беларускіх перакладах ХХ стагоддзя”, аўтарамі якой з’яўляюцца больш за 900 творцаў – каля 700 паэтаў і 200 перакладчыкаў.
Затым выступіў укладальнік анталогіі паэт М. Скобла, які пачытаў свае пераклады з украінскіх і польскіх паэтаў, паказаў на канкрэтных прыкладах, як часам перакладчык можа змяніць “дух і літару” арыгінала (у Я. Купалы: “Там за вёскай у полі тры стаялі таполі”; у перакладчыка Э. Багрыцкага: “За околицей в грозы три стояли берёзы”). А першым беларускім перакладчыкам, на думку выступоўцы, мае права называцца Францішак Скарына: “У жніўні 1517 г. ён даў свету кнігу, на якой было пазначана: “Кніга святого Іова пачынаецца, зуполне выложена докторам Франціском Скарынаю з Полацка”. Такім чынам, гісторыя беларускага перакладу налічвае амаль паўтысячы гадоў, а першым перакладам на беларускую мову быў пераклад Бібліі. Праз два гады мы ўсе будзем адзначаць 500 гадоў гэтай слаўнай падзеі” – нагадаў М. Скобла.
Імпрэзу аздобіла выдатнымі беларускімі песнямі Т. Матафонава – прагучалі творы на вершы айчынных класікаў (М. Багдановіча, Ул. Дубоўкі, Л. Геніюш). “Сугуччам моваў, душаў сугалоссем” – так паэтычна назвалі сустрэчу ў Ходараўскай школе руплівыя і гасцінныя настаўніцы, калі частавалі гасцей са сталіцы духмянай гарбатай. Выступ адбыўся ў межах кампаніі “Будзьма Беларусамі”, ад імя якой найбольш атыўныя вучні атрымалі памятныя сувеніры.