Гурт на чале з Ганнай Хітрык запісаў самы “музычны” альбом у сваёй дыскаграфіі.
Мінула ўжо тры гады ад часоў, калі Хітрык вырашыла заснаваць S°unduk. З таго часу гурт трымаецца правіла выдаваць альбом на год. Калі на першых дзьвюх працах музыка хутчэй гучала фонам-суправаджэньнем тэкстаў Ганны, то на трэцім альбоме гукавая канцэпцыя даведзеная да поўнага ладу. S°unduk запісаў шыкоўны альбом, дзе Музыка і Паэзія суіснуюць у гармоніі. Музыкі дасягнулі неабходнай камэрнасьці і мяккасьці, і цяпер тое, што робіць каманда, дакладна ўжо язык не павернецца назваць “музычным капусьнікам”.
Пра тое, што гурт добра разумеецца з аўдыторыяй і рухаецца ў слушным кірунку, сьведчыць хоць бы сума на запіс плыткі. S°unduk праз плятформу Boomstarter.Ru менш чым на месяц сабраў 100 тыс. расейскіх рублёў (каля 3 тыс. даляраў) – выпадак вельмі рэдкі для нашай музыкі. Хітрык зь яе трошкі наіўным успрыманьнем сьвету скарыла публіку ня толькі шчырасьцю і адкрытасьцю, але і вельмі грунтоўным падыходам да справы. На дыску “Наше время” няма ніводнага слабага месца. Кожны трэк, ад пранікнёнай “Зимы” да гульлівай “Шагая”, — гэта маленькая п’еса, прадуманая да дэталяў, дасканала сыграная (і перажытая!) музыкамі-акторамі. Кожная песьня нібы створаная ў момант максымальнага душэўнага ўздыму, таму альбом можна ўключаць хоць зь якога трэку, парадак тут вялікага значэньня ня мае. Галоўнае — ад пачатку ад канца слухаць дзеля прасякненьня, бо разьвіваецца нумар па ўсіх законах драматургіі.
З дадатковых прыемнасьцяў — гэты альбом самым цудоўным чынам упрыгожыла віялянчэль Юліі Глушыцкай (яе інструмэнт раней гучаў у песьнях “Новага неба” і Аляксея Шадзька). Юля была ў гурце адпачатку, але менавіта на “Нашем времени” яна слухаецца як трэба — тонка, далікатна. Яшчэ адзін цуд — дуэтны трэк “С.Н.Д.” (“Сёньня ня мой дзень” на верш Усевалада Сьцебуракі), дзе раскрываецца ў якасьці вакаліста Ягор Дзыгун. Вельмі ўдалая задума была скарыстаць тут яго голас.
Паслухаць альбом “Наше время” можна на афіцыйным сайце гурта. Спампаваць — на сайце Ultra-Music.
Ідэя: 9
Выкананьне: 10
Тэксты: 10
Запіс: 10
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін