Гурт S°unduk даў штогадовы канцэрт у фармаце ранішніка як для дзяцей, так і дарослых. Хітрык расчуліла гледачоў, а тыя ў сваю чаргу давялі яе літаральна да слёз. Слёз шчасця, вядома ж.
Ганна Хітрык паўстала перад гледачамі ў вобразе самотнага снегавіка. Як заўжды, яна задумала канцэрт з пераўвасабленнямі і пераапрананнямі з падарункам для кожнага. Гэтым разам на ўваходзе раздавалі якраз снегавіковыя насы – каб нос не мёрз і каб выглядаць яшчэ прыгажэй, як патлумачыла спявачка. Зрэшты, шмат хто тыя насы прыладзіў на галаву такім чынам, што стаў выглядаць на аднарога. Нехта начапіў іх на падбароддзе ў якасці барады.
“Мы ўсю дурню ўсяленскую сабралі ў гэты канцэрт”, – паведаміла спявачка. Выявілася, што ў праграму вечара на “СтараНовыГод” уключылі самыя дзівачныя і дураслівыя нумары, згадаўшы альбом “Сказки из сундука”, а таксама зусім забытыя рарытэты, што граліся на публіку даўно і хіба аднойчы. Як, напрыклад, песня пра зорнае жарабя ці пра яшчарку, якую музыкі выконвалі з грузінскім акцэнтам, начапіўшы густыя вусы.
Ганна між песнямі дзялілася эмоцыямі, якія яна ніколі не можа ўтрымаць у сябе. “Сёння шчаслівы дзень, тэлефанавала арганізатару, каб папрасіць адкласці пару квіточкаў для знаёмых, а той кажа, што квіткоў няма. А я яму: а дзе яны? А ён: прададзеныя ўсе ўжо. А я: кім? каму? па чым? Настрой у мяне змяніўся ў лепшы бок, а то быў не вельмі”. Зала тэатра эстрады, якую не заўжды збіраюць зоркі беларускай эстрады, была гэтым разам сапраўды запоўненая цалкам. Гледачы танчылі ў праходах, смяяліся ды падпявалі. Шмат хто прыйшоў з дзеткамі, якіх Хітрык запрасіла на сцэну, каб выканаць для іх гераічны нумар пра дажджавога чарвяка. З гэтай хвіліны канцэрт усё больш нагадваў той самы ранішнік, толькі вельмі незвычайны. Дзетак на сцэне толькі прыбаўлялася з кожным нумарам – яны танчылі, вадзілі карагоды, капіявалі рухі спявачкі, а пад канец сталі выграбаць усё багацце з “сундукоўскага” куфра, пакінуўшы Ганну без рэквізіту.
Расчуленая Хітрык яўна не была падрыхтаваная да такога вэрхалу, які зладзілі самыя малыя яе прыхільнікі, але была таму шчыра радая. Песню “Хлопчыку” яна прысвяціла ўсім дзеткам у зале, а таксама дарослым, у якіх захавалася дзіцячая нязмушанасць. На песеньцы “Наше время” ў першых шэрагах запалілі бенгальскія агні, і спявачка яшчэ раз павіншавала з Новым годам ды пажадала здзяйснення ўсіх жаданняў. Галоўнае – загадаць іх і верыць у тое, што яны стануць рэальнасцю.
Мікалай Дубавіцкі, фота – Яўген Ерчак