Святлана Сурганава ў межах тура, прысвечанага новаму альбому гурта «Сурганова и оркестр», дабралася і да Магілёва. 29 траўня вялікі сольны канцэрт гурта прайшоў у ДК вобласці.
У Магілёве Святлана Сурганава выступала ўпершыню, таму гледачоў на канцэрце сабралася нямала — усе з радасцю віталі спявачку і яе аркестр.
Асаблівага шоу на канцэрце не было — Сурганава проста спявала свае песні, як новыя, так і старыя. Аднак час праляцеў незаўважна, магілёўцы з задавальненнем слухалі любімую спявачку і доўга не хацелі адпускаць яе са сцэны. Першая палова канцэрту была прысвечаная новаму альбому «Убачымся хутка». Песні з яго многія гледачы чулі ўпершыню, таму асаблівага ажыятажу ў зале не назіралася. Затое ў другім аддзяленні, калі пачалі гучаць старыя хіты, гледачы нарэшце пачалі падпяваць і танчыць у праходах.
Акрамя песняў Сурганава таксама вырашыла прачытаць магілёўскай публіцы верш свайго любімага паэта Ioсiфа Бродскага «Бабочка». Гледачы слухалі спявачку ў поўнай цішыні — выявілася, што вершы яна чытае не горш, чым спявае. Сурганава ж была здзіўленая ўважлівасцю магілёўскай публікі — пасля канцэрту яна прызналася, што яшчэ нідзе яе так не слухалі.
Публіка і праўда была ў захапленні ад выступу і па заканчэнні так гучна пляскала, што гурту давялося вярнуцца на сцэну і выканаць яшчэ некалькі кампазіцый.
Пасля канцэрту Сурганава прызналася, што дарма не прыязджала ў Магілёў раней — так ёй спадабаліся публіка і атмасфера на канцэрце.
— Вот где настоящая рок-столица. Я не ожидала, что могилёвская публика примет меня так тепло, что будут затаив дыхание слушать «Бабочку», что будут вызывать на бис — в общем, я абсолютно влюблена в могилёвских зрителей, потому что такую вовлечённость, драйв, отдачу не в каждом городе получаешь. Мы обязательно постараемся снова приехать сюда, — падзялілася спявачка сваімі ўражаннямі.
Марыя Гілёва