Дэбютны альбом электроншчыка Surreal Drama – рэдкая радасьць для аматараў старых добрых Massive Attack ды іншых адэптаў брыстальскага саўнду. З часоў альбомаў гуртоў B–Side і CherryVata ў беларускай музычнай прасторы такога рэлізу не здаралася. Так гістарычна склалася, што трып-хоп у нашых краёх неяк абмінаюць увагаю. Тое, што прапануе дасюль невядомы нікому праект, на гэтым фоне як глыток чыстага паветра.
Surreal Drama – канцэптуальная праца, прадуманае да дробязяў музычнае палатно з моцнымі стрыжнявымі трэкамі, што поўняцца таямнічымі разнастайнымі гукамі і цытатамі. Прысьвячаецца ўсё гэтае смакоцьце стужцы “Твін Пікс”, мяркуючы з таго, што раз-пораз словы герояў фільма ўсплываюць сярод гэтага мэлядычнага скрыгату і шуму. Прычым у тым самым кананічным перакладзе з 90-х на расейскую, што падкрэсьлівае асаблівасьць успрыняцьця матэрыялу. Выглядае на запаволенае ў часе пасланьне з краю сьвету, дзе замежныя фільмы і кнігі даходзяць да публікі выключна ў перакладах.
У альбоме няма ніякіх прарываў і сьмелых музычных рашэньняў. Прыхільнікам стылю гэты матэрыял можа падацца наогул састарэлым і другасным. Тым ня менш ад трэку “Inside” гэтая праца захапляе і забірае з сабой, адпускаючы толькі на “Outside”. Тут ёсьць месца для цуду, як, скажам, трэкі “Eraserhead” (верх альбому!) ці “Reflection”, якія цалкам самадастатковыя і без прывязкі да канцэпту (у адрозьненьне ад “Diana” ці “25 years”). Зьвяртае на сябе ўвагу насычаны і прадуманы саўнд. Магчыма, ён рабіўся ў хатніх умовах, але гэтая акалічнасьць тут практычна не заўважная, бо Surreal Drama выглядае на абсалютна сьпелы ў творчым пляне праект. А ў сувязі з поўнаю нястачаю такой музыкі яны наогул могуць пачувацца каралямі стылю. Безумоўна, што пры наяўнасьці жывога складу каманда толькі выйграе.
Лінч можа гэтых музыкаў і не заўважыць, але Surreal Drama цалкам здольная запісаць адметны саўндтрэк да якога-небудзь беларускага містычнага трылеру, калі такі нехта наважыцца зьняць.
Спампаваць рэліз можна на Ultra-Music
Ідэя: 8
Выкананьне: 8
Тэксты: –
Запіс: 8
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін