18.01.2016 | Музыка

Сяргей Башлыкевіч: “Мяне часам не вельмі правільна ўспрымаюць”

У вялікім інтэрв’ю для Budzma.by музыка распавёў, чаму вырашана было прыпыніць дзейнасць гурта Leibonik, патлумачыў, адкуль узялася боязь студыі і любоў да самаробных відэа, а таксама прадставіў свае новыя праекты.

– У снежні ты даў нагоду для суму, калі пастанавіў, што гурт Leibonik прыпыняе дзейнасць. Чаму?

– Я б не сказаў, што гэта сумна. Мы самазакрыліся, каб зрабіць паўзу. Яшчэ з вясны думаў пра гэта, але ўсё не атрымлівалася прыпыніцца. І ўрэшце пад канец года абвясцілі. “Крамбамбуля” сышла ў лясы, а мы пайшлі ў нейкія сумёты. На самай справе ад нас сышоў гітарыст Міша, які шмат у чым быў музычным ідэолагам гурта. З намі ён застаецца ў якасці гукача, але ўжо без гітары, бракуе часу яму на гэта. І гэта дало нагоду спыніцца і заняцца фармаваннем паўнавартаснага электрычнага складу.

– Гэта значыць, што праект не закрыты, а проста пастаўлены на паўзу?

– Так. Буду пакуль працаваць над новымі песнямі, шукаць музыкаў, басіста найперш, каб прэзентаваць урэшце паўнавартасную электрычную праграму. Хочацца ўсё прычасаць, каб гучала больш прафесійна. На гэта і патрэбны перапынак. Граць пры гэтым сольна не кідаю і па-ранейшаму адгукаюся на прапановы выступіць у акустыцы.

Фота Яўген Ярчак, budzma.by

– Трохі дзівіць такая незадаволенасць сабою, бо вы за досыць кароткі час дасягнулі нямала. Прынамсі, у вас ёсць публіка, вы даяце паспяховыя канцэрты. Як адрэагавалі прыхільнікі на гэтую заяву?

– Ніякай трагедыі, здаецца, не было. На апошнім канцэрце я адразу даў зразумець, што мы не знікнем з музычнай прасторы. Leibonik мае працягнуцца, а як не атрымаецца, дык будзе нешта новае, а як і новага не атрымаецца, дык у любым разе застанецца бард Башлыкевіч з Анечкай, з Андрэеем, часам з Цімам, і будуць яны даваць канцэрты для сяброў і тусоўкі. Але хацелася б, канечне, далейшага развіцця.

– Вы так і не выдалі альбома. Не бяруся падлічыць колькасць відэаролікаў, але ў вас фактычна няма ніводнага студыйнага запісу. Чаму так?

– Сапраўды, так склалася, што не маем запісу. Не спрабавалі мы сур’ёзна працаваць у студыі, а калі рабіліся нейкія спробы, то ў працэсе разумелі, што яшчэ трэба працаваць над аранжыроўкай. Вылазіць адразу перфекцыянізм: рабіць на стагоддзі, крута, афігенна, арыгінальна. А калі так не выходзіць, то трэба пачакаць. А чаго чакаць – невядома.

– Няўжо няма адчування ўласнага росту?

– Не тое каб я рос як выканаўца, музыка і гітарыст. Хаця без сумневу рост ёсць, калі згадаць, як было пяць гадоў таму, то адчуваю, што стаў лепей спяваць.

– Пры боязі студыі чаму тады актыўна здымаеш відэаролікі?

– Відосікі не ўспрымаюцца як вяха ў маім жыцці. Я іх раблю, бо мне, скажам, у суботу няма чым заняцца – набрынчаў ды зняў. І не з мэтаю нейкія амбіцыі праявіць, а таму што проста прышпільна зрабіць.

– Калі знаёміцца па відэа з табою, то можа падацца, што ты артыст хутчэй парадыйнага жанру. Цябе гэта не бянтэжыць?

– Гэта насамрэч праблема, і яна адчуваецца на выступах. Разумею, што не вельмі правільна мяне часам успрымаюць людзі, калі прыходзяць на канцэрты ўпершыню. Яны чакаюць, што будзе суцэльная весялуха, толькі пра бараду ды “Аліварыю”, а я там спяваю больш сур’ёзныя песні. Зрэшты, наступны раз ужо прыходзяць і дзеля іх. З гэтым размытым пазіцыянаваннем я пакуль нічога не магу зрабіць. І не магу інакш, бо не веру, што людзі жывуць толькі весялухай альбо прымаюць выключна сур’ёзную патэтыку.

– Ты сам як ставішся да музыкі? Гэта для цябе сур’ёзна ці ўсё ж забаўка, спосаб адпачыць ад асноўнага віду дзейнасці?

– Мне падабаецца гэтым займацца. І музыка стала такім заняткам па жыцці ў апошнія 1,5-2 гады. Хочацца пастаянна рабіць захады, каб гэта выглядала больш сур’ёзна. Але, вядома ж, з музыкі я не жыву. Толькі адзінкі беларускіх музыкаў жывуць з яе. У мяне перад вачыма, напрыклад, Атмараві, які з’ехаў з Беларусі, але ўсё ж беларускі выканаўца. І ён шмат піша пра тое, як чалавек можа жыць за кошт музыкі, але я для сябе пакуль не бачу такога развіцця.

– Праца не перашкаджае творчасці?

– Калі я сыду з працы і буду займацца толькі музыкай, то не думаю, што гэта надта адаб’ецца на якасці. У такім разе, напэўна, больш бы гастраляваў, але наўрад ці такі спосаб развіцця больш хуткі, чым тое сумяшчэнне, якое ёсць цяпер. Працую інжынерам у невялікай канторы. І ў мяне праца, якая дазваляе займацца музыкай столькі, колькі я хачу.

– Ты пачынаў з расійскамоўных песень. А калі адбыўся гэты злом на беларускае?

– Усё не так, хоць такое ўражанне складаецца, бо з самых ранніх маіх песень засталіся песні расійскамоўныя, але пісалася адначасова на расійскай і беларускай мовах. Дагэтуль памятаю як гэта было ў 11 класе. Проста на беларускай мове ў мяне ішла больш сур’ёзная патэтыка, адзінкавыя былі вясёлыя па-беларуску, я іх часам на святы спяваю, вельмі рэдка. Па-расійску выходзілі вясёлыя, тая ж “Аливария”, “Инопланетяне”. А ёсць яшчэ трасяністыя песні, вельмі нягеглыя. А сам я дзвюхмоўны цалкам, нават больш трасяначнік, бо вырас у гэтым асяроддзі, у нас дома ў Ашмянах такая мешаніна заўжды была, ды яшчэ польскай мовай прыпраўленая.

– Ты і надалей будзеш пісаць на абедзвюх мовах?

– Так, думаю буду заўжды пісаць так. Няма такога, што ўсё – я выключна беларускамоўныя песні пішу. Таму можа вылезці і расійскамоўны цыкл.

– Тым не менш ыы з музыкамі надзяваеце цішоткі з імёнамі беларускіх пісьменнікаў. Алексіевіч, дарэчы, чаму няма сярод іх?

– Алексіевіч, канечне, кан’юнктурненька было б, але выбіваецца, гэта ўжо з іншай серыі. Трэба рабіць тое, чаго не чакаюць, а Алексіевіч — гэта занадта чакана. З сучасных на майках быў толькі Віталь Рыжкоў, яшчэ некалі даўно зрабіў сабе цішотку “Колас. Купала. Лупасін”. Наогул жа тут ёсць элемент асветы. Мне падабаецца, калі людзі пытаюцца, хто гэта, ці спрабуюць самі ўспомніць, хто такі Ядвігін Ш., напрыклад. Зноў жа, хочацца, каб быў нейкі фірмовы стыль, каб вылучаўся гурт. Але на апошніх выступах мы пачалі адыходзіць ад гэтага, бо цішоткі нашыя ўспрымаюцца ўжо як уніформа, і хочацца нечага новага.

– Ты ўжо казаў, што пакуль засяроджваешся на акустычных выступах. Якія маеш канкрэтныя намеры на будучыню?

– Планую праехацца па абласных цэнтрах. Найбліжэйшым часам выступлю ў Віцебску. Брэсце, Гродне, Гомелі, – у гэтых гарадах даўно не быў. Як казаў ужо, у планах арганізаваць электрычны рок-н-рольны гурт. Ёсць думкі паэксперыментаваць з рэп-музыкай. Цяпер таксама спрабуем зрабіць некалькі песень разам з гуртом Dzieciuki, “Хутарскі цыкл” такі.

– Заўважыў у сеціве некалькі тваіх песень, падпісаных як Сяргей Ашмянскі. Гэта сайд-праект?

– У прынцыпе, можна і так сказаць. Спачатку зрабіў ў пятніцу пад піўко, а потым і самому спадабалася (смяецца). Некалькі чалавек напісала, што хацелася б паслухаць, так што будзе развіццё. Паўстаў гэты праект пасля знаёмства з творчасцю барда Анатоля Длускага. Мне спадабалася яго канцэпцыя “песні пра ўсё запар”: абраная нейкая тэматыка, і на яе пішацца цэлая нізка песень. У Анатоля ёсць цыкл пра спорт, а я напісаў свой. Канечне, гэта ўсё несур’ёзна, а на ўзроўні пародыі на класічнага савецкага барда, які існуе і цяпер ды спявае песні пра нашу “забеларусь”. Можа, нават не пародыі – пераймання.

– Трохі нагадвае гісторыю Сяргея Пукста і пост-шансанье Георгія Дабро.

– Так, можа быць. Але я паспрабую не заходзіць настолькі далёка, застацца на адной планцы якасці і не лезці туды, дзе я магу не ўтрымацца (усміхаецца).

– Але супольны канцэрт Ашмянскага і Длускага можа адбыцца?

– Не ведаю пакуль пра стаўленне Анатоля да гэтых песень. І самога Анатоля тут не хачу пакрыўдзіць. Але ў якасці эксперыменту чаму б і не. Адбыўся ж у “Графіці” канцэрт РСП і Саладухі. Галоўнае не заходзіць надта далёка.

– Хто яшчэ натхняе цябе на творчасць?

– Мяне шмат хто натхняе. Даволі даўно ўжо маю такую задумку – зноў жа не пародыі, а хутчэй імітацыі і пераймання: адну песню напісаць пад “Касіяпею”, другую ў стылістыцы “Нагуаль”, яшчэ адну пад “Разбітае сэрца пацана”, іншую пад гурт Hurma і гэтак далей.

– Усё ж нясе цябе ў бок “Камедзі”.

– Не хачу ў “Камедзі”… Хаця калі гэта будзе добры “Камедзі”, то чаму б не.

 

Размаўляў Сяргей Будкін


3 Каментаў у “Сяргей Башлыкевіч: “Мяне часам не вельмі правільна ўспрымаюць””

  1. Саня says:

    а моя любимая песня все еще про аливарию

  2. Ксения says:

    Пост №17. Пра недалёкую будучыню і пра тое, што часам чарнілы ? атрамант. мяне пастаянна пытаюцца, нашто я блог завёў. Гомельскі гістфак даў джазу пад ролік “ Будзьма беларусамі !”

    Благодарю.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика