Пакуль дзесьці далёка ў сусветна вядомых галерэях за шалёныя грошы прадаюцца працы Бэнксі і іншых стрыт-мастакоў, у нас гэтае мастацтва знаходзіцца калі не пад забаронай, то ў паўпадпольным стане. Каб прыцягнуць увагу да гэтага напрамку мастацтва і змяніць стаўленне да яго, стрыт-арт праект “Сігнал” арганізаваў лекцыю аднаго з самых цікавых і значных вулічных мастакоў сучаснай Расіі Цімафея Radya (T-Radya) з Екацерынбургу. Імпрэза прайшла ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва 11 жніўня.
Сваім поглядам на стрыт-арт як на мастацтва, на горад як на месца, дзе мы жывем, разуменнем паўсядзённасці і пустаты, супрацьлегласцяў і правакацыяў, “высокіх тэхналогіяў” і “інтэлігентнай інтэрвенцыі”, а таксама прыкладамі прац і ўласным досведам 24-гадовы юнак падзяліўся з некалькімі дзясяткамі наведнікаў, што прыйшлі на лекцыю.
Якім я бачу горад
Падарожжа — гэта асноўная метафара і тое, чаго я хачу дамагчыся. Я лічу, што неабавязкова перамяшчацца кудысьці далёка, каб падарожнічаць. Для мяне вулічнае мастацтва — гэта ў нейкім сэнсе магчымасць зрабіць свой дом або горад такім, каб было цікава хадзіць па ім кожны дзень. Калі ўсё рабіць правільна, то табе пашанцуе.
Пра стрыт-арт
Для мяне вулічнае мастацтва — гэта дрэва, якое вылазіць там, дзе яго не павінна быць. Люблю, калі дрэва расце на даху, на балконе або са сцяны. Гэта шалёна прыгожа!
Стрыт-арт — гэта такая культура на вуліцы. Добра рабіць выставы ў музеі, але туды ходзіць мала людзей, а па вуліцы ходзяць усе. Мне здаецца цікавым напаўняць гэтую пустую прастору.
Штука ў тым, што калі ты выносіш з пакоя нешта на вуліцу, яно памяншаецца, робіцца маленькім. Надпіс гіганцкі, але ў горадзе ён нібыта патрэбнага памеру.
Пра творчасць
Творчасць у любым выглядзе — гэта стварэнне новага. Гэта важна, цікава, складана. Стварэнне новага залежыць ад колькасці свабоды ў табе. Калі ты робіш сапраўды нешта новае, гэта само распаўсюджваецца па ўсім свеце і вельмі хутка.
Пра пустэчу
Фатаграфія навучыла мяне быць уважлівым і глядзець вакол. Горад ствараецца людзьмі, якія ў ім жывуць. Моцны горад — гэта горад, поўны моцных людзей. Мы жывем у горадзе, і горад на нас уплывае і напаўняе нас. Мы ходзім па ім, дыхаем ім, чуем яго, бачым. Я перакананы, што пустэча можа пранікаць у чалавека праз усе гэтыя каналы. А асноўны сэнс культуры — напаўняць чалавека.
Пра Мінск
Мінск выглядае значна прыстойней, чым Екацерынбург, таму што ён такі чысты, дагледжаны. Вы наогул шчаслівыя людзі, бо тут вельмі мала вонкавай рэкламы.
Пра супрацьлегласці
Ёсць выдатная фраза “Мастацтва — гэта не люстэрка, гэта молат”. Я часта ацэньваю рэчы якраз з гэтых пазіцый. Груба кажучы, люстэрка — гэта нешта, прысвечанае ўнутранаму свету чалавека, яго душы. Молат — больш дзейсная рэч, якая змяняе людзей, іх жыццё, іх думкі.
У канцы імпрэзы Цімафей адказаў на пытанні прысутных.
— У Мінску будзеш што-небудзь фарбаваць?
— Мы зробім адну маленькую рэч, смешную. Думаю, вы яе потым убачыце.
— Якія планы?
— Я хацеў бы размаляваць ракету перад стартам. Яшчэ нядрэнна было б напісаць што-небудзь на небе, але гэта ўжо рабілі.
— Ці сутыкаўся ты з перашкодамі, як іх пераадольваў?
— Важна разумець, што калі робіш нешта вялікае на вуліцы, табе супрацьстаіць усё: грамадства, надвор’е, выпадковасці. І ўсё атрымліваецца не так, як меркаваў. Заўсёды. Была адна няўдача, калі мы зрабілі праект, і я прыехаў а 9-й раніцы яго здымаць, а там ужо нічога не было. Вельмі дзіўнае было адчуванне: мы доўга да яго рыхтаваліся, але ніхто асабліва не засмуціўся, бо было зразумела, што рана ці позна такое адбудзецца. Мне спадабалася вельмі гэтае пачуццё, як у “Байцоўскім клубе”, калі герой вяртаецца ў сваю кватэру, а яна згарэла. Здаецца, усё было, а цяпер нічога няма. І тут таксама.
— Наколькі сэнс работ счытваецца людзьмі?
— Мяне не хвалюе, каб усе зразумелі менавіта тое, што я хачу сказаць. Няхай людзі разумеюць што заўгодна, у любым выпадку гэта будзе нейкі пункт зборкі. Я баюся рэчаў, якія зразумелыя ўсім, гэта ў найлепшым выпадку банальнае, у найгоршым — пошлае.
Я стараюся рабіць так, як я адчуваю, як мне здаецца сумленным. Галоўнае — не хлусіць.
Трэба знаходзіць рэсурсы, каб нешта ствараць, не ідучы на кампрамісы, небяспечныя для творчасці.
— Што думаеш пра сусветныя тэндэнцыі ў стрыт-арце?
— Стрыт-арт — рознабаковы рух, ёсць мастакі, якіх нішто не аб’ядноўвае, акрамя таго, што яны працуюць на вуліцы.
Зарына Кандрацьева