Амаль у самым пачатку зімы, 3 снежня, нягледзячы на сцюдзёнае надвор’е, у Бараўлянах адбылася надзвычай цёплая сустрэча школьнікаў з бардам Таццянай Беланогай і пісьменніцай Ксеніяй Шталянковай у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Ва ўтульнай ружовай зале, дзе праходзіла вечарына, хапіла і жартаў, і сур’ёзных абмеркаванняў, была праспяваная не адна песня і прачытаны не адзін твор, прычым выступалі не толькі госці, але і таленавітыя васьмікласнікі Бараўлянаўскай гімназіі. Пасля знаёмства і падрыхтаванай бібліятэкарам Аксанай Мікалаеўнай прыгожай прамовы пра слова і музыку, маладых і неўтаймоўных, Таня Беланогая выканала некалькі аўтарскіх песень, а таксама песню на вершы Максіма Багдановіча “Цёплы вечар”. Акрамя таго, быў прадстаўлены новы альбом барда “Святло і цені”, прысвечаны Вользе Рамановіч. Падчас спеваў усе паспелі і на імгненне апынуцца ў летняй пары, і адчуць светлую лістападаўскую тугу, і вярнуцца назад у напоўнены святочным настроем снежань.
Пасля гэтага былі разыграныя прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Таня і Ксеня задавалі васьмікласнікам пытанні пра беларускіх літаратурных і гістарычных асобаў, а хлопцы і дзяўчаты спрытна адказвалі на іх, атрымліваючы за свае дасканалыя веды добрыя падарункі. Аксане Мікалаеўне як выдатнаму арганізатару і адданаму сваёй працы чалавеку быў уручаны асаблівы падарунак — новы нумар часопіса “Дзеяслоў” і торбачка з выявай беларускага Цмока.
Ксенія Шталянкова зачытала ўрывак са сваёй першай кнігі “Адваротны бок люстра”, расказала пра будні пісьменніка-пачаткоўца, а таксама з радасцю адказала на ўсе пытанні, якія ёй задавалі навучэнцы. Трэба асабліва адзначыць, што слухачы трапіліся не абыякавыя, а наадварот — зацікаўленыя і падрыхтаваныя! Па шчырасці, некаторыя пытанні прымушалі маладую пісьменніцу, якая ўпершыню мела досвед размовы са сваёй мэтавай аўдыторыяй, задумвацца перад тым, каб даць трапны адказ. Абмяркоўвалася шмат рэчаў: і складанасці творчага працэсу, і ўлюбёныя пісьменнікі, і найлепшы час сутак для працы, і ўласцівае Беларусі двухмоўе. У канцы вечарыны Ксенія перадала ў бібліятэку гімназіі асобнік “Адваротнага боку люстра”.
Навучэнцы таксама прадставілі сваю творчасць. Маша прачытала неверагодна глыбокія і праніклівыя вершы пра анёла-ахоўніка, а Ірына прадэманстравала выдатнае валоданне скрыпкай і фартэпіяна.
Увогуле, гутарка атрымалася вельмі жвавая і дынамічная, а самае галоўнае — па-сяброўску цёплая ды давяральная.