Некаторыя тэмы адшукваюцца літаральна пад нагамі. Вось іду вечарам па прыватным сектары, а пад ліхтаром — канькі белыя фігурныя. Непадалёк ад іх, відаць, гаспадыня. Ёй год 13-14 і хлопчык насупраць. Яны затаіліся ў цемры блізка-блізка адно да аднаго. Нешта высвятляюць, хутчэй за ўсё хатняе заданне. Нічога вакол не заўважаюць. Таму я прыцішыла хаду і ўтаропілася ў канькі, якія нібы ззялі пад ліхтаром на белым іскрыстым снезе — і ад лямпачкі, і ад месяца, які таксама, напэўна, любуецца канькамі. Рыхтык такімі, як у дзяцінстве ляжалі пад елкай у навагоднюю ноч. І адразу я панеслася катацца вакол дома. А суседка (аднакласніца і сяброўка) Алачка была ў нас, мы разам убачылі канькі. Вельмі па-рознаму адрэагавалі. Алачка пабегла да сябе на трэці паверх і зладзіла сваім бацькам такі лямант з нагоды чужога падарунка, што яе маці вокамгненна апынулася каля нашай елачкі. Раз’юшана пытаецца ў мамы:
— Суседачка! Чаму не папярэдзіла, што будзеш купляць для Танькі канькі?! Я б таксама папрасіла!
Патлумачу, калі хто не ведае: канькі, як і ўсё астатняе ў савецкі час, былі дэфіцытам. Таму іх даслаў з Рыгі татаў брат. Мама па слова ў кішэню ніколі не лезла:
— Іра! А ты папярэджваеш, калі нешта купляеш сваім дзецям?
Іра сышла пасаромленая. Але мне дасёння шкада, што канькі засмуцілі сяброўку. Бо праз год яна памерла. У яе была саркома (злаякасная пухліна левай нагі), і мы сантыметрам вымяралі з Алачкай, як нага павялічваецца дзень за днём, і запісвалі ў нататнік памеры — гульня такая была. Я назаўжды запомніла агіднае слова “саркома”, і толькі сёння, пішучы нарыс, упершыню адважылася пачытаць пра жудасную хваробу, з горыччу даведаўшыся, што “по статистике саркомы довольно редко встречаются (1% от всех злокачественных опухолей), однако из-за своего быстрого роста и частых постоперационных осложнений (метастазы и образование рецидивов) занимают 2-е место по смертности среди больных онкологическими заболеваниями, после классического ракa”. Алачка так і не пакаталася ні разу ў белых фігурных каньках. Колькі гадоў спрабавала я напісаць верш менавіта з сюжэтам пра канькі, а ён не атрымліваўся. Пакажу хаця б дзеля гістарычнай праўды:
Не к добру ожидали под елкой коньки
лучший в мире новогодний подарок
у десятилетней соседки над нами
из-за них случилась истерика
ах как бы она веселилась
если бы наоборот
не я но она разрезала бы лед
взметая снежинки стальными полозьями
но изменить ничего невозможно
примерно через год
с ней случилось что-то
смертельно-ужасное
у самого входа кладбищенских ворот
щедро увитых цветами железными
девочку закопали
накануне московской олимпиады
мне оттуда еще привезли
первые в жизни джинсы
но подруги оставшиеся в живых
отнеслись к покупке безразлично.
Верш слабы, і таму я спрабавала раз за разам стварыць пра Алачку нешта кшталту якаснага некралога — у памяць пра нашае кароткае сяброўства. І аднойчы ў Партугаліі быццам адчынілася патаемная дзверца, і верш пайшоў як па масле. Я пісала яго цэлы дзень, паралельна займаючыся хатнімі справамі, староннімі размовамі і нават паходам у краму. Нічога не перашкаджала яго моцнай хадзе і не збівала з думкі. Такое бывае зрэдку і запамінаецца назаўсёды!
Як назаўсёды запомніўся новенькі: хлопчык, што прыйшоў да нас у восьмым класе. Высокі, блакітнавокі, светлавалосы, у нязвыклым шэрым касцюме, бо аднакласнікі насілі выключна сінюю ўніформу. Нечым падобны да ідэальнага амерыканскага мужчыны Стыва Макуіна. Мучэннем было з ім сустракацца, нават позіркамі. А гэта адбываецца даволі часта, калі ходзіш у адзін клас. Калі ён не прыходзіў на заняткі, было яшчэ цяжэй. Вядомая справа, што на мяне ён амаль не звяртаў увагі. Я насіла жудасныя акуляры (мінус шэсць). Хто на такую зірне? І толькі аднойчы паміж намі мільганула нешта — менавіта ў апошні выпускны дзень. Мы выпадкова сустрэліся на вуліцы, і, не ведаю чаму, ён нечакана спыніўся і пачаў размаўляць са мной як з роўняй. Пайшоў дождж. Мы яго не заўважалі. Я ледзьве на спазнілася на галоўны школьны баль, дзе блакітнавокі і светлавалосы напіўся самагонкі і заваліўся ў кусты .
Потым усе параз’язджаліся хто куды. І праз некаторы час я атрымала ліст былой аднакласніцы, там яна, у прыватнасці, паведаміла пра блакітнавокага: забіўся на матацыклеце праз тыдзень, як вярнуўся з войска. Ён час ад часу сніцца мне. Нібыта жыве адзін у вялікай хаце вясковай з бярвёнаў — і мы размаўляем, ніяк не нагаворымся. Калі ж настае час вяртацца-прачынацца, дык не адпускае. Трымае моцна за руку. Калі-небудзь застануся назаўсёды..
Некалькі разоў мне сніўся яшчэ адзін з нашага класа — Саша М. Саша М. таксама памёр. Яму не было і 30-ці. Піў-піў, і сэрца не вытрымала. А быў самы здольны, жвавы, вясёлы і таксама прыгожы. Дзяўчынкі бегалі за ім. Саша заахвочваў іхныя парывы — адна памылкі ў сачыненні праверыць, другая контурную карту па геаграфіі запоўніць.. Здольны, але крыху лянівы. Мы з ім і ў дзіцячы садок разам хадзілі, і ў адной акцябрацкай зорачцы былі. Ён — камандзір зорачкі. Памятаю, як мама аднойчы ў класе 3-м не пусціла да Сашы на дзень народзінаў, бо я пакінула кватэру не зачыніўшы. Дык Саша ўсю зорачку прывёў да нас прасіць, каб мне даравалі неразважны ўчынак, і нават стаў на лесвічнай пляцоўцы перад мамай на калені. Такія сродкі дарослыя выкарыстоўваў.
І вось два разы па смерці сніўся мне вельмі дзіўным чынам. У першым сне я быццам у паліклініцы чароўнай. Добра памятаю, што зазіраю ў кабінеты: у адным брыдкая старая, хутчэй за ўсё Баба-яга, водзіць па твары наведніцы чароўным яблыкам. Твар на вачах маладзее, а яблык чарнее і сохне. У наступны зазірнула, а там Саша левітуе, і хворыя з падлогі назіраюць за ім. Ці то лекавая тая левітацыя, і ён вучыць іншых. Ці то назіранне за левітацыяй лекавае. На Сашу шаўковыя малінавыя шальвары, стракатая чалма, вочы закрытыя. Я ціха зачыніла пакой. Я прачнулася спакойная за Сашу на тым свеце.
А ў другім сне трапляю на школьны стадыён. Лета, канікулы, ні душы навокал. І толькі Саша на бегавой дарожцы. Я прыстроілася побач, і пабеглі разам. Шыпшына цвіце абапал дарожкі, пчолкі над кветкамі ружовымі. Цёпла, утульна — бегла б і бегла з Сашам. І тут на павароце Саша кажа:
— Трэба ўсё рабіць спантанна..
А сам пасміхаецца. Не поймеш, жартуе альбо сур’ёзную параду дае. На ўсякі выпадак стараюся трымацца парады ад нябожчыка — былога камандзіра акцябрацкай зорачкі.
Пра смерць чацвёртага аднакласніка Ф-ча даведалася выпадкова. Ён быў двоечнік, хуліган. І ніякіх зносін мы не мелі. Але аднойчы, гадоў праз 20 пасля школы, апынулася на складзе, калі набывала камп’ютар. Гэта быў не ў поўным сэнсе камп’ютарны склад, а былая кватэра. Голымі бабамі заклееная сцяна. І на паліцы здымак гаспадара. Прыгледзелася: Ф-ч. Пытаюся ў гандляра камп’ютарнага:
— А куды падзеўся гаспадар памяшкання?
— Памёр ад водкі.
Вось так самы здольны хлопчык і самы бесталковы аднолькавым шляхам сышлі на той свет. Пра двоечніка і голых дзевак з плаката я таксама верш напісала, але ён да такой ступені безнадзейны, што нават урывак з яго паказаць саромеюся. Не страчваю ўсё ж надзеі, што напішу тое-сёе, больш менш цярпімае, і пра Сашу, і пра блакітнавокага, і пра Ф-ча. У стужцы Глеба Панфілава “Тэма”, дарэчы, ідзе гаворка пра забытага паэта Аляксандра Балдзёнкава, які пісаў эпітафіі на помніках надмагільных. Ці не ўзор для паэтычнага пераймання, а можа, і прафесійнага эпітафнага, напрыклад, ягоны лаканічны надпіс на магіле піянера, які страляў гарохам з трубачкі бузіны, гарошына трапіла не ў тое горла, і ён задыхнуўся:
“Смерть подступила к нему горошинкой”.
Каб паслухаць вершы Балдзёнкава ў выкананні Іны Чурыкавай, нават гэтае кіно перагледзела і ўсім настойліва раю. У галоўнай ролі — непараўнальны Міхаіл Ульянаў. Падобны да аднаго чалавека, які мне падабаўся (выключна таму, што быў падобны да Ульянава) і памёр адносна маладым. Але гэта зусім іншая гісторыя, не пра мёртвых аднакласнікаў.
Здымкі: Heinrich Kuhn