Спрабую быць паслядоўнай.
І ўслед гледжаным-перагледжанным амерыканскім “Братам Карамазавым” 1958 года і савецкім “Братам Карамазавым” 1968-га назіраю за расійскімі “Братамі”, адносна нядаўна знятымі. Праз 50 гадоў пасля амерыканскіх. У ім ажно 12 серый. Кожная цягнецца прыкладна 45 хвілін, як урок школьны, і я старанна выседжвала, як прыкладная вучаніца.
Не, гэта не першая спроба адолець серыял. Яшчэ ў Партугаліі спрабавала глядзець, ды больш за дзве серыі не вытрымала. Але я не прывыкла адступацца. І з новымі сіламі рынулася ў бой на спасціжэнне апошняй кінаверсіі рамана, вярнуўшыся ў Беларусь. Цяпер цярпення хапіла на восем. Нават з паловай. Далей “Браты” аніяк не паддаваліся. На сярэдзіне 9-й ясна зразумела:
— Усё! Больш не магу!
І вельмі захацелася пра гэта пагаварыць, прааналізаваць усе тры экранізацыі, падбор акцёраў, іх ігру і біяграфіі ў тым ліку. Выйшла з дому. І ўсё пра “Братоў” думаю. Пра расійскіх. Па свежых слядах, так бы мовіць. Ну як гэта атрымліваецца, што кіно па неймаверна цікавай кніжцы такое невыносна сумнае? Героі невыразныя. Бачна, што акцёры стараюцца, але дарма. Але аднаго старання мала. Хіба што малодшы сутулы Алёша — нічога сабе. Шчыры, яснавокі. Маладзейшы за ўсіх акцёраў і самы таленавіты. Дзіўна! І праца ў процьме серыялаў яго не сапсавала. І бацька Карамазаў, Сяргей Калтакоў, не расчараваў. Па-мойму, ён найлепшы з Карамазавых-бацькаў, якіх давялося ўбачыць. Ён наогул не можа блага іграць, не раз і не два ў гэтым ўпэўнівалася. Але ж галоўныя ў гісторыі не яны — не Лёша і не Фёдар Паўлавіч Карамазаў, а Міця (яго грае галоўны герой постперабудоўнага “Бумера”), які перашкаджаў успрыманню дзеяння, як толькі з’яўляўся на экране. Спярша яшчэ нічога, зрэдку яго бачна было. Ды з цягам серыяла рабілася ўсё болей Міці Бумера гэнага. І ад серыі да серыі іграў усё горш. Нейкая завітая размазня! Назірала за ім з усім магчымым жаданнем калі не палюбіць, то хаця б прызвычаіцца да думкі, што яго нікім не заменяць. Часам нават спрабавала спачуваць. Але адно толькі чыталася ў ягоных рыбіных вачах: хутчэй бы здымкі скончыліся і на бакавую. Нават калі яго ў Мокрым арыштоўвалі, дык на Грушу сваю любімую не глянуў на развітанне. Ці гэта аператар не туды камеру накіроўваў?
Вось амерыканскі Міця, Юл Брынэр, аж свяціўся ад безвыходнага кахання ў тых жа абставінах, Міця-Ульнянаў нават плакаў ад страсці ў гэтай жа сцэне апошняй трэцяй серыі, знятай ім з Лаўровым пасля раптоўнай смерці рэжысёра Івана Пыр’ева, а Бумер толькі вінавата заглядаў у вочы следчаму, нібы сабака, які нашкодзіў. І навошта яго так смешна накруцілі? Наўмысна хіба?
І ўся я, напоўненая гэткімі думкамі праз край, іду па Смаргоні, а насустрач прыяцель В. (аддалена, між іншым, падобны на амерыканскага Міцю), відаць па ўсім, не моцна спяшаецца. Вось, думаю, пашанцавала, свабодны суразмоўца. І адразу ў лоб:
— Як ты ставішся да “Братоў Карамазавых”?
— Блізнятаў?
— Трайнятаў.
— Марудства. Так і не дачытаў..
— А кіно?
— Савецкае з Ульянавым?
— Напрыклад..
— Так і не даглядзеў.
Заходжуся да сяброўкі.
— Як табе “Браты Карамазавы”?
— Талстога?
— ?
— Ой! З “Блуканнем па пакутах” нешта пераблытала. Чытала калісьці ва ўніверы. Каб мела вольны час, з якім задавальненнем б на канапе з таўсценным якім-небудзь раманам павалялася. З тымі ж “Братамі”. Бо падчас вучобы па прымусе чытаючы, дзе там унікнеш..
Да цёткі адношу лекі.
— Садзіся, паеш. Капусняк будзеш ці фасолевы суп?
— Квашаную не люблю капусту, лепш фасолевы.
Ямо. І я, каб цёця не лезла з жыццёвымі пытаннямі пра грошы, кавалераў і гэтак далей, з дурной усмешкай пытаюся, быццам жартую:
— Цёця, вы чыталі “Братоў Карамазывых”?
Цёця, не падымаючы галаву ад талеркі:
— Чытала калісьці. Не памятаю нават, пра што там.
— А кіно глядзелі з Ульянавым?
— Глядзела ў кінатэатры, але я больш індыйскае любіла.
І далей сваю лінію гне:
— Што на абед сёння гатавала?
— Нічога.
— Як нічога? — смяецца недаверліва, бо ў цёці нароблена заўсёды. Мне з сабой ў той дзень дала катлетаў, галубцоў і пірог з макам.
— Ну, пельмені купіла.
Зноўку няма аб чым гаварыць. Сутаргава ўспамінаю, што даўно хацела запытацца пра нашую агульную знаёмую. Незвычайная была жанчына — вясёлая, шчодрая, улюблівая, адчайная і рагатушка. Шырокі, адным словам, чалавек. Як Міця Карамазаў, нястрымная. З дзяцінства памятаю, якія раскошныя кнігі падарункавыя ў супервокладках яна мне купляла.
— Яна ж вялікая начальніца была! — дзеліцца цёця.
— Не ведала. Па дзяцінстве не цікавілася такімі рэчамі.
— Усё магла дастаць, — ажывілася цёця, — вось мая малодшая хацела такія абіякі, як у суседскай дзяўчынкі. Я адразу тэлефаную да яе. Скарджуся: малая плача, так хоча абіякі. І ёй нясуць у кабінет. Ёй ўсё неслі ў кабінет!
“Абіякі”. Я і забылася пра гэтае мілае дзіўнае слова, што так называліся пантофлі без заднікаў. Верх скураны быў цвічкамі набіты. Памятаю другую назву гэтага абутку “сабо”, а вось “абіякі”… Дзяцінствам павеяла. Нават не сваім, а нечым замежным. З ГДРаўскіх каталогаў “Ота”.
— Што з ёй цяпер?
— Забрала мужыка ваеннага з сям’і. І з’ехала адсюль.
— У сэнсе адбіла?
— Так, у сяброўкі. Спілася моцна.
— Спілася? А ваенны?
— Разам пілі.
— Не ўяўляю..
— А што ты думаеш? Начальства ж была, а там і хабар, і мора адзення дарагога. Купляла і купляла. У камісіёнку адносіла, калі надакучвала, а ёй хутка ўсё надакучвала. І зноў купляла. Віно лілося ракой. Заходжу аднойчы да яе — на стале белы абрус, толькі назва, што белы, увесь заліты віном і кампотам.
А мне так хацелася з кім-небудзь пра “Братоў” пагаварыць, што вось амерыканскіх я прыняла безумоўна адразу. Нават вясковых баб і мужыкоў, якія прагульваюцца, нібы паны і паненкі, з патлатымі кундалямі на вяроўках па мястэчку з дзівоснай назвай Ryevsk. Хоць па логіцы ён павінен быў называцца хутчэй Ньеўск, ад Скотапрыгоньеўск — аўтарская назва месца дзеяння. У Скотапрыгоньеўск Дастаеўскі грубавата пераназваў Старую Русу, якую апісаў у рамане і дзе правёў самыя плённыя гады перад смерцю — толькі што з Вікіпедыі даведалася).
Толькт бацька амерыканскі мне не вельмі спадабаўся. Неяк “пераціскаў”. А ў савецкіх “Братах” невыносна грала Каця. Ядавітая змяя. І плявалася. Груша таксама была на парадак ніжэй за Міцю. Мне падаецца, што будучы жонкай рэжысёра Пыр’ева, яна і стала Грушай, а можа нават, дзеля яе і задумваліся “Браты”. Хто ведае…
Вось каб Груша ды Элізабет Тэйлар!
Гэта я выдумляю ідэальную, то бок вар’яцкую асабістую версію. А бацька, напрыклад… Ну, не ведаю. На днях пабачыла ў фб стыльны кліп моднага нейкага трэнда з танцорам балета Міхаілам Барышнікавым. Дык чыста рэзкай лепкай і выразнасцю твару ён выкапаны Фёдар Карамазаў. А Міця-Ульянаў, да якога маю слабасць, і Міця-Брынэр файныя абодва, хай бы абодва і засталіся. На усялякі выпадак. Міцяў чым больш, тым лепш. Не хапае сёння Міцяў — шырокіх людзей. Я, напрыклад, два разы ўсяго сустракала.
І абодва разы гэта былі жанчыны.