Даўно я не заходзілася ў дальнія пакоі цёці Яні.
Больш на падворку круціцца даводзілася, у крайнім выпадку кухня. А жылая хата між тым унутры — музей. Чысціня, прахалода, цішыня. Толькі гадзіннік такае. Па старой звычцы разглядаю кніжныя рады, раз і назаўсёды ўпарадкаваныя, ніколі не перастаўляныя, калісьці чытаныя-перачытаныя. “Прыгоды капітана Урунгеля”, апавяданні Васіля Шукшына, вершы Марыны Цвятаевай, якія дачка цёці Яні, таксама Марына, калісьці прывезла з ГДР, працуючы бухгалтарам ў вайсковай часці. Раптам заўважаю нечаканую перамену. За дзесяцігоддзі ніколі не заўважала на паліцах цёці вокладкі памаранчавага колеру, адцення ўпакоўкі парфумы ад Hermes пад назвай “Merveilles”. “Цуды” з французскай. Калісьці, убачыўшы яркую скрыначку ў парфумнай партугальскай краме, адразу ўспомніла падпісное выданне Ільфа і Пятрова 1961 года. На якое, значыцца, мама падпісалася, калі ёй было 27, а ўжо ва ўсю працавала ў дзяржбанку. Яна ў 20 гадоў працаваць уладкавалася. На момант асабістай маёй цікавасці да кніг у хаце захоўваліся толькі два тамы выразна памаранчавага пяцітомніка. У адным з тамоў былі надрукаваныя дзённікі, бадай, самых знакамітых савецкіх гумарыстаў. Дзякуючы афарыстычнаму мысленню пісьменнікаў-сааўтараў я набыла ў сярэдняй школе славу віртуознай дасціпніцы. Вось скарочаны пералік выбраных трапных жартаў, пазычаных з 5-га тома выдання твораў:
Меня тошнит от запаха чистой воды.
Давайте ходить по газонам, подвергаясь штрафу.
Чтоб дети ваши не угасли, пожалуйста, организуйте ясли.
Сумасшедший слесарь унес ворота. Хотел строить метро.
Деревьянный, мьясо, пьять.
Анализ мочи — на стол мечи.
Что вы испытываете, ковыряя в носу? Наслаждение или тоску?
Снег падал тихо, как в стакане.
Ветчинное рыло.
Бежевые туфли и такого же цвета лиловые чулки.
Гадкие, низкопробные мальчики.
Хам из мглы.
Низкий, страстный голос унитаза.
Белые, эмалированные уши.
Сидя на кукаречках.
А рожать все так же трудно, как и 2000 лет назад?
Толкайте меня уже, толкайте.
Уши трепались от ветра, как вымпела.
Ну, сделайте ему клизму из крепкого чаю.
Лихорадушка, мужа старого, ты тряси его, тряси.
По лицу его бродила безобразная улыбка.
Не стучите лысиной по паркету.
Тусклый, цвета мочи, свет электрической лампочки.
В зоосаду некоторые звери сумасшедшие.
Том нумар 4, які таксама захаваўся ад мамінага незамужняга жыцця, меў у сабе “Аднапавярховую Амерыку”. Яна была сумнейшая за дзённікі, але значна больш пазнавальная. Абодва тамы зніклі яшчэ ў школьныя часы. Я амаль забылася на іх. Таму ўздрыганулася, ўбачыўшы знаёмы карэньчык. Цягну і не веру. Упершыню трымаю ў руках трэці том. Вось ён ляжыць побач, калі пішу аб дзіўнай знаходцы. Я з ім цяпер не расстаюся: “Апавяданні, фельетоны, артыкулы, прамовы, 1932—1937. Вадэвілі і кінасцэнары”. Сярод кінасцэнароў, завяршаючы том, красуецца п’еса “Пад купалам цырка”, створаная ў 1935 годзе. Не адкрыю ніякай Амерыкі, але раптам хто не ў курсе, што па п’есе Грыгорый Аляксандраў зняў праз год, у 1936-м, свой шэдэўральны “Цырк” з любай жонкай Любоўю Арловай. І мне кніжная знаходка зрабіла дзень па-цыркавому святочным, дзіцячым, яскравым.
З кнігай выходжу на сонца, сярэдняя Марыя-сястра адпачывае на лаве. Яна кіруе гаспадаркай пакуль старэйшая ў шпіталі. Сэрца, ціск, узрост. А я прыйшла па зеляніну і клубніцы абабраць.
— Цёця Марыя, глядзіце, чаго знайшла! Гэта ж наша, так?
Цёця гартае:
— Валінай (г. зн. мамінай) рукой на форзацы падпісана “Янчукович В. И”.
Мамы дзявочае прозвішча Янчуковіч. Валянціна Іосіфаўна. Каліграфічны почырк. Насычана-блакітны атрамэнт (чарніла з польск.).
— Маеш поўнае права забраць.
— Але дзіўна, ніколі не бачыла раней у цёці Яні. Колькі ў кніжках корпалася, ніводнага разу на том не трапляла.
Цёця Марыя радасць маю не асабліва раздзяляе:
— Пацягнеш дахаты зараз? Торбы ж цяжкія…
— Нізашто не пакіну!
І паперла, не адчуваючы вагі, а толькі бязмежнае шчасце ад сустрэчы з ніколі не бачанай, ды добра знаёмай з маленства рэччу. Такая вось, спадзяюся, зразумелая, супярэчнасць.
Паказала маме. Мама падзівілася.
— Адзін з тамоў кавалер браў пачытаць. Ці “12 крэслаў”, ці “Залатое цяля”. Ён вайсковец быў, і неўзабаве якраз Карыбскі крызіс. У 62-м годзе. Дык паслалі ядзерныя ракеты суправаджаць. Пад відам спартоўцаў адпраўлялі ваенных на Кубу. Не вярнуўся кавалер, знік разам з Ільфам і Пятровым.
Знаходка забытай кнігі — не першая неспадзяванка з мінулага жыцця. Калі памерла бабуля, мы ўсім натоўпам разбіралі спадчыну. Быў зімны красавік, самы пачатак. Бабулі не стала роўна праз два месяцы пасля ўласнага 75-годдзя ў лютым. Пад канец нехта са спрытнейшых палез на гару і паскідаў зверху розную дробязь. Мне пад ногі звалілася цэлулоідная лялечка. Сэрца ёкнула. Лялечка з’явілася з каламутных глыбінь немаўляцтва. Мне, 13-гадовай, нават крыху млосна зрабілася. Яна мая? Мая! Але я ўжо даўно не я. Не тая пуцатая дзяўчынка, што з лялечкай бесклапотна гулялася, увесь час беспадстаўна смяялася і пачкамі жэрла сметанковае масла. Гэта была цацка такога ранняга дзяцінства, пра якое немагчыма памятаць. А лялечка сваім падзеннем нібыта прабіла закансерваваныя ўспаміны, занырнуўшы амаль да вытокаў жыцця.
Я не ўзяла лялечку. Каб ніхто не здагадаўся, што шкадую мінулае. І нікому нават не сказала. Упершыню распавядаю пра лялечку, якую сіратліва пакінула ляжаць ў кароткай вясновай траве.
Дом бабулі не прадаваўся доўга. Потым нейкай далёкай радзіны знаёмыя ўсё ж купілі. Гаспадыня з ходу ўзялася за справы, павыносіла старую мэблю. Ніхто са сваіх не хацеў браць ні вялікі гадзіннік з маятнікам канца ХІХ стагоддзя швейцарскай фірмы “Gustav Becker”, ні магутны дубовы стол рассоўны, ні гнутыя венскія крэслы з кветкамі на сядзеннях, ні тым больш разьбяны чорны крэдэнс. Задужа грувасткі для кватэр. Сэнсу не мела намагацца дзеля несучаснай рэчы. Тады ганяліся за паліраванымі румынскімі альбо чэхаславацкімі гарнітурамі. Якія нельга было крануць, каб не застаўся след ад пяцярні на паверхні. Але ж мода. У дзяцінстве крэдэнс падаваўся асобным палацам у палацы бабулінай хаты. Новая гаспадыня загадала вынесці яго на двор. Пачала абнаўляцца з нуля. Ды грошай не хапіла.
— Пазычала і не аддавала. Была ўлезшы ў вялікая даўгі. Такая нахалка з Астравецкага раёна. Прахадзімка непарадачная. Выпівоха і прайдоха, дай бог! Утрыдорага прадавала сваім родным усякае барахло. З Вільні прывозіла. Мы, як узналі дзеталі яе прахадзімства, сказалі: уматывай! — бязлітасна падвяла выснову мама.
“Прайдоха” справіцца з пазыкамі не здолела. Да таго ж распілася не на жарт. І павесілася. Хата потым доўга стаяла ў заняпадзе. Крэдэнс моўчкі парахнеў. Нарэшце рассыпаўся.
Трэцяе прывітанне з дзяцінства адбылося ў панядзелак. Мы вечарам сядзелі на верандзе ў сяброўкі В. Пілі чай і елі пірог з чарэшнямі. Ураджайны сёлета год на ягады. Пасля С. нахіліўся да фігурнай ножкі старадаўняга стала. Каб В. і С. свой прыватны дом абжывалі ў 80-я, не далі б загінуць крэдэнсу. С. назіраў за ножкай, там-сям “упрыгожанай” маленькімі акуратнымі дзюрачкамі, вельмі пільна. Раптам заве:
— Шашаль! Бачыла калі-небудзь?
— Не.
— І я не бачыў.
На каменнай падлозе веранды нервова выкручвалася буйнаватая ці то мурашка, ці то мошка, ці то жучок. Шашаль, вось ты які. У дзяцінстве я нязменна засынала пад рытмічна-свісцячае парыпванне ў бярвеннях. Шашалі без роздыху тачылі драўніну. Заўсёды ўяўляла іх чарвякамі. Такімі, як бачыла аднойчы ў цёплую восень. Збіралі бульбу. Перад абедам бабуля выйшла на ганак з паляндвіцай. І пачала адтуль выкалупваць белых чарвячкоў. Вось такімі падаваліся і шашалі. А тут нейкая казурка.
— Мама, шашалі — гэта хто? Насякомыя ці чарвякі?
— Лічынкі ў дрэве чарвяточыны рабілі.
Значыцца, не дарослыя асобіны, а лічынкі шашаля з ціхім посвістам выядаюць лабірынты ў сценах драўляных пабудоў. Значыцца, правільна іх уяўляла, як была малая. Усё сышлося.
— Мама, а ты ведала пра чарвякоў у мясе? — пытаюся, амаль дапісаўшы эсэ.
— Калі хатні кумпяк мала пасолены, дык бывала. Там, дзе костка, асобенна. Але нічога, абрэжаш і ясі.
Здымкі з фотаальбома Сашы Салаўёва, гітарыста “Беларускіх песняроў”.