Бывае, удзень прысну. Гэткую раскошу зрэдку сабе дазваляю, але бывае заваліць сон мяккай ды ўладнай лапай, вось і сёння. З утульнай соннай прорвы хутка вырваў званок ва ўваходныя дзверы. А дамафона не маем — і мне даспадобы вольны ўваход ва ўласны пад’езд, які заўсёды нараспашку ўлетку і б’е моцнай спружынай пад зад, калі не падтрымаеш, узімку. Пакуль сцяміла, з цяжкасцю прачнуўшыся, адкуль я і дзе, — на пляцоўцы нікога. Мама пытаецца:
— Хто?
— Не паспела. Сышоў. (Сышла? Сышлі?)
— Але чаму не пытаешся, хто?
Сапраўды, не пытаюся. Мне падаецца, гэта неяк прыніжае і цябе, і таго хлопца, дзяўчыну, суседзяў, міліцыянера, сантэхніка, правяральшчыка лічыльнікаў вады, святла і газу. Ці яшчэ каго неспадзяванага нясе. А людзям трэба давяраць, мне падаецца.
— Зра. Трэба глядзець у глазок. На Іванова (былая вуліца Зарэчная) цыганы ўчора зайшліся ў хату па ваду. І пакуль цыганка піла, цыган 20 тысяч долараў скраў.
— Нічога сабе!
— Але я ўдзіўляюся — ходзя ў зрэбным, і такія капіталы..
— Зрэбнае?
Колькі з мамай размаўляю (а я шмат гадоў з мамай размаўляю), заўсёды новенькае слоўца выплыве. Можна слоўнік выдаваць. Між іншым, што дзіўна, сёстры маміны не маюць такога запасу дыялектызмаў, паланізмаў і нейкай колькасці ўласных неалагізмаў. Мама лёгка магла б стаць пісьменнікам, каб хацела. Мама адказвае з гатоўнасцю:
— Зрэбнае, зрэб’е, — даматканае, самае благое. Хужэ за лён.
Я глянула ў слоўнік для дакладнасці: “Зрэб’е — грубая кастрывая кудзеля, якая аддзяляецца пры трапанні лёну, пянькі. Палатно з такой кудзелі. Адзенне з такога палатна. Кастрывая, кастрыца — адходы лёну і канапель, якія атрымліваюцца пасля перацірання і трапання”.
Пашырыўшы веды, далей слухаю. Мама працягвае:
— Але чаму такія вялікія грошы храніць не ў банку? Цяпер вэрхал падняла. Міліцыю вызвала..
Ці знойдуць тых цыганоў?
Мы з сяброўкай В. абмяркоўвалі незвычайнае рабаванне. Смяяліся, што мама засяродзіла ўвагу на жабрацкім выглядзе ахвяры цыганоў. Падзівіліся, што ў горадзе жывуць пад выглядам звычайных абывацеляў сакрэтныя багацеі, і прыйшлі да выніку: цыганы загіпнатызавалі цётку. Інакш як бы незнаёмец, тым больш не мясцовы, тым больш цыган, зайшоў у пакой без дазволу і спакойна з грашыма сышоў, і толькі пасля выклікалі міліцыянтаў, калі цыганскі след прастыў? У доказ сяброўка расказала пра сваю бабулю, якая ў гэтай самай хаце, дзе мы абмяркоўвалі чароўнае рабаўніцтва, больш за 70 гадоў таму, яшчэ перад вайной, толькі выйшаўшы замуж, пусціла цыганку таксама вады папіць. Цікава, што прыёмчыкі ў іх нязменныя. Няма сэнсу мяняць, калі працуюць. “Вады папіць”. Хто адмовіць? Вады хіба шкада? Гаспадыня падала шклянку з вадой. Цыганка кажа:
— Глянь у шклянку..
Тая глянула — крыжык на дне. І ўсё. У галаве памутнела. Касцюм, у якім яе муж браў шлюб, цыганцы нясе. Ручнікі вышываныя нясе. Кілбасы нясе… Тут незнарок суседка Гружэўская зайшлася:
— Што ты робіш?!
Бабуля казала: “Я ўсё роўна як прачнулася ад яе голасу. Вырвала ад цыганкі касцюм, але кілбасы тая знесла”.
І тут я ўспомніла пра гіпнатызёра. Было гэта ў 80-я, год дакладна не скажу. Мне 12-13 было. Лета. Поўная зала Дома афіцэраў набілася. Пад’ездамі, дварамі, вуліцамі ішлі на нязвыклае відовішча. Бо акрамя кіно і парадаў два разы на год, травеньскага Працы і лістападаўскага Рэвалюцыі, у горадзе рэдка адбывалася масавыя пацехі.
На від гіпнатызёр быў звычайны чалавек. У простым строі, без асістэнтаў, дэкарацый, рэквізіту, музычнага суправаджэння, ён рашуча выйшаў займаць натоўп. Гіпнатызёр прапанаваў гледачам счапіць рукі. Я дык забаялася. Не счэплівала. Між тым гіпнатызёр крыху пачараваў і рукі загадаў парасчэпліваць. Некаторыя (іх было няшмат) рукі адну ад адной самастойна адарваць не змаглі, дык вызваў іх на сцэну і кожнаму асобна разняў, тактычна прапанаваўшы на сцэне застацца для прадстаўлення тым з унушальных, хто пажадае. Засталося чалавек 10. І ўжо ён з імі вырабляў разнастайныя фокусы. То камандаваў:
— Вы — малыя!
І яны паслухмяна баюкалі лялек і гулялі ў машынкі з характэрнымі гукамі — жжж, рррр. То адпраўляў на 10, 20 гадоў наперад у будучыню. Паддоследныя пачыналі моцна сутуліцца, трэсціся ад слабасці, шоргаць падэшвамі. То запрашаў у рэстарацыю, а на разнастайныя гастранамічныя заказы частаваў здаравеннымі цыбулінамі. Адна дзяўчынка, на год маладзейшая за мяне, з нашай школы, бесперапынна замаўляла катлеты, пляскам у далоні падзываючы гарсона. І на ўвесь Дом афіцэраў да высокай столі разносіўся галодны заклік:
— Катлету!
І ела іх. І ела.
Дасёння, сустракаючы яе ў горадзе, успамінаю тыя цыбуліны, якімі яна храбусцела не моршчачыся. Во якая моц у гіпнатызёра была. Потым гіпнатызёр крыкнуў:
— Пчолы!
Што тут пачалося! Зачараваныя лёталі па сцэне нібы вар’яты, хутка перакінуліся ў залу, лезлі пад крэслы, білі газетамі, якія ім прадбачліва раздаў гіпнатызёр, гледачоў. Упэўненыя, што ратуюць іх (нас) ад пагрозы быць пакусанымі. Бітыя ўскоквалі з месцаў, некаторыя ўжо беглі на выхад, астатнія крычалі, рагаталі, тупалі нагамі. Падавалася, гэтаму нястрыманаму вяселлю не будзе канца, калі гіпнатызёр злітаваўся. Адмяніў пчолаў. Ледзь супакоіліся ўсе…
Назаўтра было 6 чэрвеня, дзень нараджэння Пушкіна. Я выйшла ў горад у гуморы, як гаворыцца. Для мяне дзень нараджэння Пушкіна — заўсёды свята. Вырашыла на гвалтаваць светабудову, а пытацца пра гіпнатызёра ў тых, хто першы звернецца да мяне. У найбліжэйшым двары на лавачцы загаралі дзве цётачкі. Вядомая справа, знаёмыя. Яны павіталіся, падышла з адзінай мэтай:
— Ці памятаеце вы гіпнатызёра?
Адна не хадзіла і была незадаволеная, што другая мела шмат чаго сказаць:
— Больш за ўсё ўразіла, калі ён састарыў іх, дык некаторыя зусім не краталіся. Гэта было страшна. Падазраю, што яны памерлі. Там у будучыні, праз 20 гадоў. А самы яркі нумар помніш?
— Які?
— Калі ён унушыў незнаёмым адно з адным жанчыне і мужчыну каханне з першага погляду. Мужчына прызнаваўся ў любві неверагодна вытанчаным слогам. Жанчына ад словаў ягоных на вачах маладзела і прыгажэла. А між тым, з мужам прыйшла на прадстаўленне..
— Бедны муж!
— Бедная наша суседка Таня, якая наелася цыбулі і думала, што смачны бутэрброд…
Зайшлася ў сэканд. Пытаюся: так і так, гіпнатызёр, усё такое…
— Ён жа ж па вёсках ездзіў. Наш калхоз увесь поўнасцю сабраўся ў клубе. Братава (жонка брата) дык паддалася гіпнозу. Але не помню дэталяў…
На раніцу 7 чэрвеня цёця зайшлася. Цёця возіць з Вільні для родных і знаёмых гарбаты-кавы-цукеркі ды іншае смачное — таннейшае, чым у нас. Кажа:
— Але не магу паняць, купіла сухую кілбасу за 300 тысяч замест патрэбнай, каторая па 150. Як цыганка якая затуманіла.
О! Выдатны фінал для эсэ. І нават пытацца не спатрэбілася. Цыганскім з кілбасамі пачалося, цыганскім з кілбасамі скончылася, а гіпнатызёр пасярэдзіне, нібы вар’яцкая кветка ў арнаменце дзяцінства, імя якой ніхто не запомніў.
Ілюстрацыя: Kenichi Hoshine