Андрэй Курэйчык прадставіў сваю новую п’есу 13 снежня на Малой сцэне Тэатра сучаснай драматургіі і рэжысуры. На прэм’еру прыйшлі сябры Андрэя, акторы галоўных тэатраў Беларусі і тэатральныя крытыкі.
П’еса завецца «Тэатральная п’еса» — і расказвае гледачам пра жыццё ўнутры тэатра, па за сцэнай. Драматург напісаў яе некалькі гадоў таму, але дзейнасць у сферы кіно яго «зацягнула», і п’еса так і правалялася ў стале аўтара, пакуль ён сам не ўзяўся яе паставіць.
Пастаноўка праходзіла ў фармаце чыткі, бо праз недахоп часу адрэпетаваць і паўнавартасна яе паставіць не паспелі.
Аповед ідзе ад імя маладога драматурга, які прынёс у Чэхаўскі тэатр горада М. сваю першую п’есу. Дарэчы, «Тэатральная п’еса» была напісаная пасля першай прэм’еры Курэйчыка ў Чэхаўскім тэатры ў Маскве. І пакрысе тэатр захапіў маладога аўтара ў палон: ён стаў праводзіць там усё больш і больш часу, заседжвацца ў буфеце, грымёрках. Тэатр абвяшчаецца новай рэлігіяй, у якой можна служыць свету і цемры.
Тэатральны крытык Салееў усё ж такі знайшоў да чаго прычапіцца: «Мне вельмі не даспадобы, што на сцэне, як шалёныя, носяцца з партрэтам Станіслаўскага» — Бога тэатра па п’есе, Стваральнік – так яго называюць.
Тых, хто вытрымаў паўтары гадзіны, чакаў пачастунак ад Андрэя Курэйчыка.
Падымалі бакалы з шампанскім і казалі словы падзякі знакамітыя людзі Тэатра, сярод якіх быў і кіраўнік Царыцынскай оперы Кавальчык з сынам, які таксама падзяліўся ўражаннямі ад спектаклю.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі пачаўся банкет, дзе можна было пачуць цікавыя гісторыі з вуснаў актораў і самога драматурга, які не шкадаваў цікавостак.
на першым фота – Андрэй Курэйчык