Якая краіна – такі і панк-рок. Бяззубы, нясьмелы, несамавіты, нягеглы. Але калі капнуць глыбей, то знойдзеш і прыхаваны пратэст, і тонкую іронію з дуляй у кішэні і проста калясальны драйв, таксама ўсяляк замаскіраваны.
Другі альбом гурта “Тлушч”, які грае ў панк- і каляпанк-стылістыцы, пракаўтнуць лёгка і проста: 11 песень з дыску па часе раўняюцца дзьвюм песьням гурта Tonqixod. Гэта такія караценькія бязглуздыя па сваёй сутнасьці замалёўкі ад хлопцаў з раёнаў-кварталаў. Яны відавочна маюць вышэйшую адукацыю і някепскую офісную працу, а вечарамі бавяцца ў гаражы – граюць у панк. Але штучнасьці ні каліва, усё ў іх выходзіць досыць гарманічна і душэўна. Вакаліст Паша Белы – трэба думаць, сын гісторыка і ўладальніка сядзібы “Марцінова Гусь” Алеся Белага – выдатна адчувае беларускую мову, ад таго піша не па-літаратурнаму, а па-жыцьцёваму. Ён мяшае беларускія словы з ангельскімі (“Ты папросту крэйзі”), апгрэйджвае народныя прыказкі (“Паміраць сабраўся, а жыта сей, булачку даеш, дапі кісель…”), а часам наогул выглядае на падаўжальніка традыцый сьветлай памяці “Бум-бам-літу” (“Мама і mата, праўда я стану катам? – Праўда, сыночак, хочаш смачных цукатаў?”).
Ясна, што “Тлушч” – гэта не гісторыя таго, хто цэніць вакальныя дадзеныя, выканальніцкае майстэрства і арыгінальную пабудову кампазыцыі. У гэтым пляне альбом “Зорка Вэнэра” – бервяно, да таго ж неахайна апрацаванае. Затое сваю бадзёрую бесталковую музыку “Тлушч” падае з нэрвам і належнай аддачай. Яны ня вучаць жыць, не імкнуцца быць героямі і пляваць хацелі на вядомасьць, ім бы “адбіць прынамсі бенз”. Гэта музыка для адрыву і забыцьця ў невялічкім пабе з танным півасам і бруднай барнай стойкай – месца для Менску практычна немагчымага. “Тлушч” – банда якраз канцэртная. Запіс дае толькі схематычнае ўяўленьне пра іх магчымасьці.
Вылучыць з альбому якія-кольвек песьні досыць складана, настолькі роўны матэрыял. Усьміхнула іранічная песьня на ламанай ангельскай пра лідзкія красоўкі, трэнас па заснавальніку “Сектора Газа” – “Хой” і вельмі драйвовая “Нападпітку”. З тэксту найлепшая – “Кат”.
Спампаваць альбом адным файлам можна на Ultra-Music.com.
Ідэя: 7
Выкананьне: 7
Тэксты: 7
Запіс: 5
Аздабленьне: 5
Сяргей Будкін