Колькі ведаю маму, столькі дзіўлюся непрадказальнаму ходу арыгінальных думак яе. Вось і напярэдадні Божэго нарадзэня. У галодную куццю. Выставілі на святочны стол урачыстыя японскія талеркі з парцаляны. І я давай пытацца. А дзе купіла? А калі? Зараз мне усё аб мінулым асабліва цікава, бо для “Будзьмы” пішу, напэўна. Ці мо з цягам часу розум прагным стаў да дэталяў? У выніку дазнаюся, што Марыя (сярэдняя родная сястра мамы) “дастала” талеркі яшчэ ў сівыя 70-я. Тры розныя памерам і прызначэннем тыпы парцалянавых талерак. Закусачныя, для гарачых “другіх” страў і супавыя. Па дванаццаць штук кожнага віду.
– На жаль, самых маленькіх, дэсертных было няшмат, і начальства вокамгненна паразграбло! – наракае мама.
Нягледзячы на тое, што даўно няма патрэбы ў такой колькасці посуду. Вялікія святы мы даўно не адзначаем. Цёткі састарыліся. Дзядзькі паўміралі. Але аб тым, што набор няпоўны, мама шкадуе ўсё роўна. Ды не на гэта я ўвагу звярнула, а на супавыя талеркі. Неяк апошнім часам выбіліся з іх. Я ўжо купляць збіралася – бо ямо з нейкіх місак, як сабакі. А тут японскія, у гваздзікі, з золатам па краёчку, як скарб нейкі на галаву зваліліся. Ды яшчэ ў Каляды.
– Мама, чаму я пра іх не ведаю?
– Бо ніколі на стол не ставілі.
– А можна вазьму парачку?
– Яны святочныя, ці не разумееш?..
– Ты ж кажаш, што на свята іх ніколі не вымалі.
– А хто суп падае на святы?
– Тады чаму патрэбна іх берагчы?
– Бо святочныя.
– Дык нашто мне купляць талеркі, калі ёсць у хаце цэлых 12 штук? Я вазьму.
– Есці са Святочных Талерак у Будныя Дні на Кухні?!
Блін! Як тут не ўспомніць улюбёнага Мілаша. У яго вершы бадай на ўсе выпадкі жыцця. І зараз з “Песенькі пра парцаляну”, як нельга лепей падышлі радкі:
“Нічога мне так, мая мілая,
Не шкода, як парцаляны”.
Я ўжо разумею, што не хачу звычайных, а толькі гэтыя з кветкамі далікатна-ружовымі. Фірмы “Катюша” (так і надрукавана з адваротнага боку: КАТЮША ЯПОНІЯ). Назаўтра яшчэ ў ложку, у першы дзень Божэго нарадзэня, прыдумляю план выкрадання. Значыцца, адношу ў маміну шафу вымыты пасля поснага стала посуд, надзеўшы шырокі шляфрок, і непрыкметна хаваю пад палой тры талеркі…
Далей не прыдумала – па сітуацыі буду дзейнічаць, карацей. Так і зрабіла. Прыціснула іх да сябе і, нібыта не збіраючыся рабіць непатрэбных рухаў, выйшла тварам да шафы, спінай да мамы з яе пакоя. Яна, хутчэй за ўсё, здзівілася такой дурной хадзе, але нічога не сказала і наконт супавых талерак, здаецца, не здагадалася.
Бабуля Марыя Францаўна (маміна мама) прыгожы посуд любіла таксама. Уся вёска Перавозы карысталася яе замежнымі талеркамі (прывозіла польская радня) на вяселлі і пахаванні. Паразбіваюць, а бабуля нічога. Набывае новыя. Нават падчас вайны яна не здраджвала сабе. І калі фашысты адчынілі ў Смаргонях нешта накшталт нарыхтоўчай канторы: зменьвалі талеркі, кубкі, філіжанкі, сподачкі на лекавыя травы – дык бабуля не разгубілася і пайшла па чабор. Цэлы мех адперла ў горад. І атрымала рэдкай прыгажосці парцалянавае блюда ў яблыкі і слівы. Яго я таксама канфіскавала, бо без патрэбы столькі год марнавалася ў цемры, ажно шкада яго стала. А вясковая суседка Юлька, якая таксама хадзіла з бабуляй у горад, абмяняла мех ліста брусніцы на блюда, падобнае да бабулінага, але ў агуркі. Мама ўдакладняе:
– Маладыя такія, з пупырышкамі агуркі. І мамуся сумнявалася, ці можа, трэба было браць у агуркі, а не ў яблыкі. А мы яе супакойвалі: яны аднолькава прыгожыя, не перажывай…
“Нічога мне так, мая мілая,
Не шкода, як парцаляны”.
Я наогул павыцягвала мноства святочнага посуду для звычайнага карыстання. Кафейны сервіз, зроблены ў ГДР. Ён празрысты. Быццам са шкарлупіны яечнай п’еш каву. Мама казала, што выклала за яго ўсе грошы, якія былі, калі ездзіла ў Варшаву ўпершыню. І такі прыемны ад гэтага сервізу кафейнік з даўгім тонкім носікам, а вечка мае разьбу і таму закручваецца – ніколі такой не бачыла. Ніхто ім не карыстаўся 40 гадоў! Нарэшце пайшоў на карысць урок Міхаіла Булгакава з “Белай гвардыі”, урывак менавіта пра посуд:
“На столе чашки с нежными цветами снаружи и золотые внутри, особенные, в виде фигурных колонок. При матери, Анне Владимировне, это был праздничный сервиз в семействе, а теперь у детей пошел на каждый день”.
На дзіва, хутка знайшоўся ў сеціве гэты ўрывак, які мацней за ўсё зачапіў у мае 20 гадоў, падчас знаёмства з пісьменнікам. Бачна, што не мне адной хацелася мець хоць нейкае адхланне ад савецкіх невыразных талерак і алюмініевых сталоўскіх прыбораў.
Дзякуючы маміным запасам, посуд купляю зрэдку. За мінулы год толькі адзіны парцалянавы кубак набыла ў Піцеры, выраблены імператарскім парцалянавым заводам. З аўтапартрэтным профілем Аляксандра Пушкіна. Тры дні запар наведвала сувенірную краму на Неўскім. Прымяралася і так, і гэдак. Надта дарагая была тая, што найбольш за іншыя спадабалася. І таму спрабавала палюбіць таннейшую, але не змагла. У выніку купіла кубачак ажно за 500 рублёў. На падарункавай упакоўцы характарыстыка паэтычная: “тонкостенный костяной фарфор с золотой отводкой”. У хостэле з яго гарбату піла, у зваротным цягніку. І калі вярнулася дахаты, то зразумела, што не маю права на касцяны кубак, бо Марыя, тая самая, якая ўсё па блаце дастае, усё свядомае жыццё фанатычна любіць Пушкіна. Падспудна я, напэўна, думала пра цётку, купляючы пушкінскі кубачак. Але нядаўна высветлілася, што Марыя шануе паэта Аляксандра Пушкіна не як літаратара.
– Таня, ён мне цікавы выключна біяграфіяй. Ягонае жыццё прыцягвае ў сто разоў мацней, чым творчасць.
Вось як бывае. Ягоныя любоўныя прыгоды, лісты, успаміны аб ім сучаснікаў, а не паэзія, валодаюць цётчыным розумам. Цікава. А за цікавае і кубка, на апошнія грошы набытага, не шкада.
Калі цёця атрымала падарунак, то не запыталася, колькі я за яго аддала, як бывала раней, калі я купляла ёй кніжкі пра Пушкіна. Заўсёды цёця вяртала грошы, хоць я і не хацела браць катэгарычна. І не стала цёця адмаўляцца ад каштоўнага кубка, а я са страхам чакала менавіта традыцыйных паводзін. Не, узяла без пытанняў, толькі ўздыхнула з усмешкай:
– Пэўне, дарагая рэч..
Я нічога не адказала і хутчэй сышла. Калі-нікалі ўспамінаю парцалянавага “Пушкіна”– для кавы ён быў ідэальны ўсё ж.
“Нічога мне так, мая мілая,
Не шкода, як парцаляны”..
Хацела прыкласці да нарысу здымкі посуду, згаданага ў тэксце, але ён без таго дастаткова падрабязна абмаляваны, без дэманстрацыі абыдзецца. Дык парцалянавыя японскія флакончыкі для парфумы ў выглядзе дзяўчат (прабачце, гейшаў) няхай пакрасуюцца, тым больш, яны з мамінымі супавымі талеркамі суайчыннікі. Сама не ведаю, чаму яны так падабаюцца, можа што надта недарэчныя, безабаронныя, зрэшты, як і ўсё, зробленае з парцаляны.
Таня Скарынкіна