Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”
Сярод рупліўцаў культуры мне на журналісцкім шляху даводзілася сустракаць не толькі тых, хто дбае пра “разумнае, добрае, вечнае” паводле службовага абавязку, але і прыватных спонсараў культурнага працэсу. Дзякуючы ім ладзяцца мастацкія выстаўкі ды тэатральныя відовішчы, узбагачаюцца музейныя зборы ды выязджаюць на гастролі самадзейныя калектывы. Я неаднойчы меў магчымасць пераканацца, што быць дабрадзеем, спонсарам, фундатарам — справа вельмі клапотная і не надта ўдзячная.
Калі багатая фірма, укладаючы грошы, можа нейкім чынам іх кампенсаваць за кошт рэкламы на тле культурнай акцыі, дык прыватная асоба часта не мае анічога, акрамя маральнага задавальнення ад удзелу ў высокароднай справе. Аднак і першыя, і другія заслугоўваюць права на паважнае стаўленне да сябе з боку дзяржаўных службоўцаў, на тое, каб іх разглядалі не ў якасці “дойнай каровы”, а як паўнапраўных партнёраў. Каб слова дзяржаўнага службоўцы ў сумоўі з прыватным спонсарам мела б такую ж вагу, як круглая пячатка з дзяржаўным гербам на афіцыйнай паперы. Каб не было так, што сёння начальнік кажа адно, заўтра — іншае. А тое, што праз гэта нехта змарнаваў час і згубіў грошы — дык яно, як кажуць, асабістая праблема таго, хто мае звычку прымаць напавер тое, што мусіць быць абавязкова пацвержана подпісам і пячаткай.
Цягам некалькіх месяцаў у адным з музеяў працавала выстаўка моды не далёкіх ад нас стагоддзяў. Стала яна магчымай дзякуючы супрацоўніцтву музея з прыватным калекцыянерам. Ён — асоба вядомая сярод людзей культуры. Да збіральніцтва яго падштурхнула жаданне захаваць для Беларусі культурныя каштоўнасці і гістарычныя артэфакты. Такая ідэя з’яўляецца канцэптуальнай асновай ягонай калекцыі.
Экспазіцыя цалкам складалася з рэчаў ягонага ўласнага збору. Мода, дарэчы, не з’яўляецца для яго прыярытэтнай тэмай, хоць у калекцыі і знаходзіцца шэраг каштоўных узораў гэтага чынніка матэрыяльнай культуры. Спецыяльна для выстаўкі калекцыянер па дамове з музеем набыў шэраг антыкварных рэчаў. Новыя артэфакты ў спалучэнні з тымі, што ўжо былі ў калекцыі, утварылі цэласную, канцэптуальна вывераную кампазіцыю, якая і была прадстаўлена на выстаўцы.
Каштавала гэтая раскоша калекцыянеру немалых грошай. Але ён пайшоў на выдаткі, бо меў з дырэкцыяй музея шляхетную дамову. Дырэкцыя апошняга запэўніла яго, што пасля закрыцця выстаўкі ўстанова набудзе экспанаты, якія калекцыянер высачыў на аўкцыёнах і набыў за свае грошы для дадзенага праекта, — такім чынам фінансавыя страты будуць яму кампенсаваны. Але пасля таго, як выстаўка закрылася, калекцыянер пачуў ад дырэкцыі, што яе намер папоўніць музейны збор згаданымі рэчамі не адобраны вышэйстаячай інстанцыяй. І пайшоў калекцыянер па кіраўніках розных рангаў. Паўсюль яго ветліва сустракалі, казалі, што калекцыя ягоная вартая таго, каб упрыгожыць дзяржаўны збор ды стаць нацыянальным здабыткам, але — грошай няма…
Зараз ён разважае, што рабіць далей. Самае простае — распрадаць калекцыю. Мода, паўтаруся, для яго не прыярытэтная тэма. Цана на ўнікальныя артэфакты расце, і ахвотныя прыдбаць іх для сваіх калекцый знойдуцца. Такім чынам грошы можна вярнуць. Зрабіць гэтак было б лагічна, але, зноў-такі, шкада калекцыі… Хочацца захаваць яе цалкам. Значыць, трэба, як кажуць, чакаць ля мора пагоды, спадзявацца, што знойдуцца нарэшце грошы і калекцыя застанецца ў Беларусі. Рашэнне калекцыянер пакуль не прыняў.
З ягоных слоў я ведаю, што ў падобныя сітуацыі трапляе не ён адзін. Можна было б скласці немалы спіс прэтэнзій прыватных калекцыянераў да музейных устаноў. Агучваць канкрэтныя прыклады ён не стаў (і мне не раіў), каб не псаваць імідж нашай культурнай сферы. Відавочна ў гэтай сітуацыі адно: быць патрыётам часам бывае ў матэрыяльным плане стратна, а ў маральным сэнсе — не надта “камфортна”…
Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”
Крыніца: kimpress.by