Лета ў Мінску. Спёка. Хочацца нейкага антыфрызу ў арганізм. Заходзіш па марозіва ці колу ў бліжэйшую краму. А там… “Уладзімірскі цэнтрал” ці штосьці папсовае, у залежнасці ад раёна горада ці велічыні крамы. Добра, 5 хвілін цярпення — і выходзіш у сонечны горад. Светла, хораша, пазітыўна — і тут праязджае машына, з дынамікаў якой на ўвесь квартал ужо крычаць “Варавайкі” ці нешта больш папулярнае па радыё. Тут ужо вырашае рандом. І так штодня, у любым месцы нашай краіны. І задаешся пытаннем: няўжо мы настолькі глыбока сядзім у расійскім культурніцкім полі і ці магчымая Беларусь без гэтага попсу і культуры? Паспрабуем памарыць і паразважаць.
Насамрэч ужо шмат гадоў я стараюся перасоўвацца па горадзе і краіне ўвогуле ў навушніках, бо мясцовы музычны каларыт часам не проста насцярожвае і выклікае ваніты, а сапраўды цісне на псіхіку. Калі так прагуляешся і паслухаеш гукі радыё, тэлевізараў, калонак, то сапраўды можна сябе адчуць нейкай расійскай правінцыяй, а не асобнай краінай са сваёй самабытнасцю і мовай. Добра, нават калі ўзровень музычнага і іншых мультымедыйных рынкаў настолькі малы, што яго не хапае на Беларусь, то чаму менавіта Расія — краіна з варожай і вельмі агрэсіўнай культурай, якая збольшага прапагандуе сваю канцэпцыю свету і агітуе за свой упадніцкі лад жыцця? Калі іншыя краіны, кшталту Літвы, пастаянна намагаюцца максімальна зменшыць колькасць расійскага кантэнту ў сваёй краіне, матывуючы гэта нацыянальнай бяспекай, то чаму гэтага не разумеюць у нас? А калі і робіцца нешта, то па якасці гэта збольшага ніяк не цягне на нешта масавае і з ахопам на ўсю краіну. Так, для пэўнай вузкай тусоўкі. У чым прычына?
Першае, што прыходзіць у галаву, — дык гэта савецкае мінулае і пануючая руская ў гэты час. Гэта лагічна, але… Калі так паглядзець, то ў пэўныя часы мовы і мясцовага было нашмат больш, чым цяпер. А калі гэтыя беларусізацыі заканчваліся, то ніхто асабліва не імкнуўся змяніць сітуацыю. Зашмат ганьбілі мову? Магчыма, але гэта не ўнікальны для СССР выпадак. У краінах Балтыі таксама доўга спрабавалі знішчыць мясцовую мову, прытым гэты трэнд з таблічкамі, забаронай друку на сваёй мове і нават кірылізацыі задалі яшчэ імперскія часы. Але ж… Былі кніганошы, кірыліцу не прызналі, а падчас “саўка” ўсё роўна хапала свайго, мясцовага кантэнту на сваёй мове. І тут праблема не ў самой кірылізацыі, а ў тым, што з масаў паўставалі рухі супрацьдзеяння і народ не баяўся рызыкаваць дзеля гэтага.
Калі казаць пра рускую мову, якая больш зразумелая беларускім масам, то тады пытанне: польскую і ўкраінскую не нашмат менш разумеюць беларусы, але чаму фактычна толькі “Акіян Эльзы”? Я нават рос на ўкраінскіх каналах на кабелях і глядзеў іх мясцовыя навіны, і мне было нармальна. Дык чаму ў нас не даюць распаўсюджваць менавіта такі кантэнт? Там і імперскасці няма, ды і неяк бліжэй гістарычна будзе. А самае галоўнае — адсутнасць навязвання рускага свету. Шмат хто можа тут са мной паспрачацца, кшталту таго, што палякі нічым не лепшыя за рускіх. Але, па-першае, ці навязваюць нешта тут самі палякі? Ды не, проста даюць магчымасці ахвочым далучыцца да іх культуры? Чаму ў заходніх рэгіёнах так шмат польскай мовы? Ну дык гэта зноў жа выбар беларусаў, бо беларускую культуру і мясцовы патрыятызм ў краіне слаба прасоўваюць. А самае галоўнае — хто больш цывілізаваны і ў лепшым стане, Польшча ці Расія. Калі мы хочам развіцця, а на ўнутраны рынак не хапае рэсурсаў і моцы, то лепш цягнуцца да больш паспяховай ментальнасці і поля, чым дазваляць сабе скочвацца ў дрыгву. Гэта як з паходам у кавярню. Перад вамі ўсяго дзве кавярні. У адной грае не зусім ваш, але якасны джаз, ды і кава адносна смачная. А ў другой — расійская папса, кава жудасная, але там на 50 капеек танней. Што абераце? Якасць, няхай і не самую ўлюбёную, але якасную музыку ці таннае пойла пад жудасны попс? Калі важнейшыя 50 капеек, то я віншую: большасць абрала тое самае, таму так і марудна цягнемся ў дрыгве.
Не, гаворка не пра тое, што трэба не развіваць сваё, а тупа замяніць расійскае на ўкраінскае ці польскае, але будзем шчырымі: на стварэнне выдатнага ўнутранага рынку кантэнту, які будуць спажываць, сыдуць гады. І тое, калі пачаць проста цяпер. А змяняць нешта і ўплываць на ментальнасць трэба ўжо цяпер. Бо менавіта руская культура прапагандуе рускі свет, страту незалежнасці, жыццё з бутэлькай у руках, “па паняццях” лайфстайл, брудныя гарады і двары, адсутнасць прагі да развіцця і г.д. А самае галоўнае, гэта адрывае Беларусь ад цывілізаванага свету. Тым больш польскі, украінскі, літоўскі ці іншы кантэнт можна выдатна дубляваць па-беларуску ці нават рабіць агучку, што толькі ўзмоцніць эфект развіцця.
Але гэта ўсё тэорыя. Ці магчымае гэта сапраўды цяпер, на вуліцах нашага горада? Насамрэч не, бо няма пэўных заканадаўчых крокаў, у тым ліку хаця б беларускіх субтытраў на расійскім кантэнце. Але можна пачаць з сябе! Колькі вы назавяце польскіх, літоўскіх ці ўкраінскіх гуртоў, а колькі расійскіх? Тое самае тычыцца літаратуры, кіно, публіцыстыкі, навукі і ўсяго іншага. Мы не задумваемся пра гэта, але нават патрыёты з беларускай мовай на вуснах і веданнем мясцовага кантэнту ў астатнім сядзіць на made in Russia. Хочаце забіць савок і жабрацтва ў сабе? Паварочвайце свае вушы і вочы на заходніх, паўночных і паўднёвых суседзяў. Яны далейшыя за рускіх, але ідэі там нашмат больш матывавальныя і лепшыя, што зробіць нас яшчэ бліжэйшымі да развіцця і цывілізацыі, чым калі мы працягнем сядзець у расійскай медыйнай дрыгве. Лепш ужо абмяркоўваць іх музыкаў, чым Бузаву і Пугачову. О, бачыце! Я нават іх ведаю, хоць і родам з 90-х. Таму паўтару чарговы раз: трэба нешта змяняць. І пачынаць варта з самога сябе. Зменіцца ментальнасць — уздымецца і Беларусь.
Багдан Сакалоў