Дэпрэсіўнае партовае мястэчка ў паўночнай Англіі звязвае сваю будучыню з культурай.
Сто гадоў таму горад Кінгстан-апан-Хал (ці проста Хал, як яго называюць мясцовыя жыхары) на поўначы Англіі быў адным з найбуйнейшых партоў самай магутнай марской дзяржавы свету. Караблі выходзілі з мясцовых докаў і выпраўляліся ў падарожжы да Новай Англіі, Новай Зеландыі, Нідэрландаў і іншых земляў. Рыбаловы з Хала лічыліся найлепшымі майстрамі сваёй справы ва ўсім Паўночнаатлантычным рэгіёне.
На жаль, час не быў літасцівым да тых галін прамысловасці, якія калісьці забяспечвалі росквіт гэтага мястэчка. Амаль усе працы ў порце сталі механізаванымі. Рыбалоўная прамысловасць паступова згасла.
Як і збанкручаны Дэтройт у Злучаных Штатах, у Вялікабрытаніі Хал стаў нацыянальным сімвалам пагаршэння сацыяльнага становішча працоўных у постіндустрыяльную эпоху. Беспрацоўе тут складае амаль 15 адсоткаў — гэта ў два разы больш за сярэдні паказчык па краіне.
У кастрычніку 2013 г. было нават агучанае меркаванне, што сродкі дзяржаўнага бюджэту лепш выдаткаваць на перасяленне жыхароў Хала ў іншыя гарады, а не на падтрыманне гэтага мястэчка, у якім пражывае 250 тысяч чалавек.
А тым часам у калісьці струхлелых пакгаузах у раёне былых докаў неабыякавыя месцічы арганізавалі майстэрні для мастакоў, студыі гуказапісу і музычныя пляцоўкі. Жывая музыка бруіцца з пабаў і бараў на адрамантаванай Прынсіс-авеню — цяпер гэта галоўная турыстычная вуліца горада, якая нічым не саступае такім жа вулкам у сусветнавядомых хіпстарскіх раёнах у Портлэндзе, Арэгоне ці Рэйк’явіку.
Нехта можа заўважыць, што ажыўленне паміраючых мястэчак з дапамогай мастацтва — справа рызыкоўная і неабавязкова будзе паспяховай. Дзяржаўныя выдаткі на грамадскія патрэбы скарачаюцца з кожным годам. Узровень беспрацоўя сярод мясцовага насельніцтва ў паўночных графствах Англіі непахісна расце. Але ёсць энтузіясты, якія адмаўляюцца лічыць Хал мёртвым горадам, і яны гатовыя рызыкаваць.
У лістападзе 2013 г. дванаццаць гарадоў змагаліся за права атрымаць тытул “Брытанскай культурнай сталіцы”. Пераможцам быў выбраны Хал. Цягам усяго года ў горадзе будуць праходзіць розныя музычныя і тэатральныя фестывалі, мастацкія выставы і іншыя культурныя мерапрыемствы.
У мінулым годзе гэты тытул належаў гораду Лондандэры ў Паўночнай Ірландыі. Урад Вялікабрытаніі лічыць, што наданне таму ці іншаму мястэчку статуса «культурнай сталіцы» спрыяе паляпшэнню сацыяльна-эканамічнага становішча насельнікаў гэтай мясцовасці. Галоўным крытэрыем выбару пераможцы пры разглядзе кандыдатур ёсць наяўнасць шматабяцальнага і цікавага культурнага прадукту, які ствараецца саматужна, г.зн. без дзяржаўнай падтрымкі.
Агульны бюджэт «культурнай сталіцы» складае 24,5 мільёна даляраў. З іх 5,7 мільёна паабяцаў выдаткаваць мясцовы ўрад, а астатняя сума будзе атрыманая ад нацыянальнага ўрада і дзякуючы прыватным донарам.
Хал — вельмі небагаты горад, але мясцовыя ўлады разлічваюць на тое, што тытул «культурнай сталіцы» дапаможа іх мястэчку ў доўгатэрміновай перспектыве: паспрыяе стварэнню новых працоўных месцаў і павелічэнню занятасці насельніцтва, а таксама прывабіць турыстаў. Паводле падлікаў гарадскіх чыноўнікаў, вельмі імаверна, што ў горадзе з’явіцца 1500 новых працоўных месцаў, а прыбытак у гарадскі бюджэт цягам пяці год можа скласці да 300 мільёнаў даляраў.
Чалец мясцовай рады Стывен Бэйз кажа, што такая агульнадзяржаўная ўвага да культурнага патэнцыялу горада і цесна звязанага з ім сектара забаваў і турызму дапаможа мясцовым жыхарам звярнуць на сябе ўвагу транснацыянальных карпарацый, якія займаюцца праектамі, звязанымі з узнаўляльнымі крыніцамі энергіі, а таксама іншых буйных кампаній рознай скіраванасці, якія захочуць укласці свае інвестыцыі ў развіццё Хала і прылеглай тэрыторыі.
У Хала багатая і размаітая культурная гісторыя, не меншая за ягоную гісторыю, звязаную з рыбалоўствам і мараплаўствам.
Бацька англійскай літаратуры Джэфры Чосэр згадвае гэтае мястэчка ў сваіх “Кентэрберыйскіх апавяданнях”. У Хале нарадзіўся Эндру Марвел, вядомы англійскі паэт і палітычны дзеяч XVII стагоддзя. Удзельнікі гурта Spiders from Mars, якія працавалі з Дэвідам Боўі, калі ён быў у вобразе Зігі Стардаст, таксама родам з гэтага горада.
Паэт Філіп Ларкін нарадзіўся ў іншым горадзе, але вось ужо 30 гадоў працуе бібліятэкарам у Хальскім універсітэце. Ён кажа, што з геаграфічнага пункту гледжання гэты горад знаходзіцца “ў віру на калу”. Гэта канцавая станцыя чыгуначнай лініі, якая адгаліноўваецца ад галоўнай магістралі, што звязвае поўнач і поўдзень краіны.
Мясцовыя жыхары кажуць, што такая геаграфічная аддаленасць зрабіла творчых людзей іхнага горада адметнымі, а культурнае жыццё — непаўторным.
“Мы ўбаку ад мэйнстрыму, але пакуль што нашыя культурныя здабыткі недаацэненыя, — кажа 17-гадовы музыка Льюанд Акраві, які зараз будзе граць на сцэне ў мясцовым музычным пабе на Прынсіс-авеню. — У нас шмат па-сапраўднаму творчых людзей, разнастайных гуртоў, якія працуюць у розных музычных стылях і кірунках, вельмі шмат усяго адбываецца — тут нерэальна крута!”
Мастак і лектар Марк Віган пераехаў у Хал у 2009 г. У 2010 г. ён адкрыў Музей клубнай культуры ў Фрутмаркеце — гэта раён горада, у якім мясцовыя ўлады нядорага здаюць у арэнду былыя складскія памяшканні і пакгаузы мастакам і іншым творчым людзям.
Віган дзеліцца ўражаннямі: “Сёння ў Хале атмасфера, якая нагадвае мастацкі ўздым у Іст-Вілідж у Нью-Ёрку ў 1980-х ці творчы бум у Шордзіч у Лондане ў 1990-х — абодва гэтыя раёны сталі сапраўднымі інкубатарамі, у якіх нарадзіліся новыя плыні мастацтва і трэндавыя кірункі ў музыцы”.
“Гэта ўсё адбылося цалкам арганічна, — сцвярджае Віган. — Пасля таго, як горад стаў “культурнай сталіцай”, людзі пачалі больш аптымістычна глядзець у будучыню, нават пры тым, што мы ўсе цудоўна ведаем гэтыя статыстычныя дадзеныя наконт высокага ўзроўню беспрацоўя”.
Мясцовыя жыхары кажуць, што своеасаблівая ізаляванасць іхнага мястэчка спрычынілася да таго, што ўсе, хто жыве ў Хале, маюць адну цудоўную якасць — яны ўмеюць вельмі хутка ўзнаўляць фізічныя і душэўныя сілы, яны жыццяздольныя і жыццярадасныя, а яшчэ надзвычай незалежныя, і менавіта гэтыя якасці дапамагаюць месцічам пераадольваць усе бедствы і няўдачы.
Як і іншыя гарады паўночнай Англіі, Хал змагаецца за сваё месца пад сонцам у наш постіндустрыяльны век.
Хал перажыў нямецкія бомбы ў час Другой сусветнай вайны і крах брытанскай рыбнай прамысловасці ў 1970-х, хвалю масавага беспрацоўя ў 1980-х і разбуральныя паводкі ў 2007 г.
Хал — не першае месца, дзе ўлады звярнуліся па дапамогу да мастацтва з надзеяй ажывіць эканамічнае жыццё свайго горада. У Ліверпулі — яшчэ адным паўночным партовым горадзе Англіі з дрэнным эканамічным становішчам — назіраўся велізарны эканамічны пад’ём, калі ён атрымаў статус “Еўрапейскай культурнай сталіцы” ў 2008 г.
Амаль 10 мільёнаў дадатковых турыстаў наведалі Ліверпуль у тым годзе, што прывяло да ўзбагачэння гарадской казны на 1,2 мільярда даляраў.
“Ты не менш, мясцовым уладам не варта разлічваць, што вопыт Ліверпуля можна з лёгкасцю паўтарыць дзе заўгодна”, — засцерагае Дэйв О’Браен, ураджэнец Ліверпуля, які працуе лектарам у Гарадскім універсітэце Лондана.
“Ліверпуль і да 2008 года ўжо быў вядомы дзякуючы сваім культурным здабыткам — вы, мабыць, чулі пра “Бітлз”, а галоўнае тое, што капітальная рэканструкцыя горада была скончаная да таго, як выбухнуў глабальны фінансавы крызіс”.
“Толькі самыя аптымістычна настроеныя палітыкі могуць мець сур’ёзныя спадзевы, што атрыманне статусу “культурнай сталіцы” прынясе імгненныя эканамічныя паляпшэнні, — кажа О’Браен. — Ажыўленне эканомікі патрабуе часу, гэта доўгі працэс”.
У Хале хапае таленавітых і энергічных людзей. Чаго няма, дык гэта працоўных месцаў. Ці здолее статус “культурнай сталіцы” змяніць несуцяшальнае эканамічнае становішча горада і зрабіць чаканы рост трывалым?
На адной з вуліц у заходняй часткі горада, дзе вітрыны збанкрутаваных крамаў забітыя дошкамі, мы сустрэлі кампанію з чатырох маладых людзей. Усе яны беспрацоўныя. Мы запыталі ў іх, што яны думаюць наконт таго, што культура можа выратаваць іх горад. У адказ мы пачулі адны кпіны і мацюкі: “Мы не жадаем ніякага я***чага мастацтва”, — Тоні Мур, 22 гады. “Мы не можам знайсці працу. Чувак, б****дскі ўрад я*** нас па поўнай праграме, а ты мне тут пудрыш мозг нейкім мастацтвам і культурай. Што за….?”