Лідар гурта “Сердце дурака” Цімафей Яравікоў — адзін з тых прадстаўнікоў “магілёўскага року”, якога ведаюць далёка за межамі Беларусі. Цімафей “нарадзіўся ў 1982 г. і з пятнаццаці гадоў у вялікім рок-н-роле”. Гурт ужо мае сваю вялікую гісторыю і дыскаграфію (альбом “Децтво”, міні-альбом “Небо-потолок”, дыптых “Январь — снегири”), якую неўзабаве папоўняць некалькі новых праектаў. Пра гэта і многае іншае нам давялося распытаць Цімафея, перахапіўшы яго падчас невялічкага адпачынку ў яго шчыльным гастрольным графіку.
— Цімафей, дзякуй, што знайшоў час. Ведаю, цяпер яго ў цябе зусім мала…
— Так. Я часта на гастролях. Цяпер гэта часцей за ўсё (і амаль выключна) Расія. Даехаў вось да Уралу нядаўна… Дарэчы, вельмі люблю Украіну, люблю там выступаць, але цяпер, на жаль, арганізоўваць там канцэрты даволі складана. Шмат разоў выступаў у Кіеве, Чарнігаве, Адэсе, Данецку, Днепрапятроўску…
— А што з гастролямі ў роднай Беларусі?
— Гастраляваць па Беларусі складаней за ўсё. І пражыць з гэтага немагчыма (а цяпер гэта мой адзіны заробак), і з арганізацыяй канцэртаў ёсць пэўныя цяжкасці. Але спяваць у Беларусі люблю. І ў вялікіх гарадах, і ў маленькіх. Але, скажу шчыра, з усіх месцаў цяпер самы цёплы прыём — у Мінску. Хаця трэба сказаць, што ў кожнага горада свой непаўторны твар. Заўсёды хвалююся на канцэртах, а калі ўпершыню трапляю ў горад і выходжу да новых незнаёмых людзей, дык увогуле мандражую. Але потым адчуваю, што пачынаю ў нечым разумець гэтых людзей, гэты горад… Канечне, калі атрымліваецца добры кантакт. Таму на маіх акустычных канцэртах заўсёды прысутнічае дыялог.
— Так, ведаю, любіш, каб табе падчас канцэрта цыдулкі дасылалі…
— Канечне, люблю! Таму ў мяне і няма ніколі канкрэтнай праграмы. Бо атрымаеш якое-небудзь пытанне — і разумееш, якую песню трэба граць далей. Усё залежыць ад настрою ў паветры.
— Чаму Цімафей Яравікоў гастралюе нашмат больш, чым “Сердце дурака”?
— Гэта вельмі сумная сітуацыя… але адказ вельмі просты: грашовае пытанне… Хаця, нягледзячы на гэта, гурт “Сердце дурака” працуе. Вось неўзабаве запішам так званы “нерэгей”-альбом “Могила льва”. Але гэта хутчэй рэфлексія на растаманскую тэму.
— Але вы ж гучыце на радыё. Вось “Радыё Мінск”, напрыклад…
— О! “Радыё Мінск” — ледзь не адзіная вартая радыёстанцыя ў краіне. Так, яны ставяць нашыя песні ў эфір — і дзякуй ім за гэта вялікі! Для большасці астатніх мы — нефармат.
— Але густ слухача мяняецца. Напрыклад, ведаю, калісьці раней галоўная песня “Сэрца дурака” была “Пропасть”, цяпер — “Московская”…
— У гурта “Сердце дурака” і ўласна Цімафея Яравікова ёсць так званыя “стараслухачы”. Ёсць і тыя, каму мы не падабаемся. Але я лічу, што любы пункт гледжання мае права на жыццё, калі ён абгрунтаваны. Вось, напрыклад, у горадзе Аляксандраве чалавек адзін жыве… Ён напісаў, маўляў, “з творчасцю вашай я азнаёміўся, ёсць там цікавыя рэчы. І ўвогуле, гэта маё, але я не магу пагадзіцца з аўтарам наконт яго палітычнай пазіцыі. Таму выбачайце, але на канцэрт ваш я не пайду”. Вось такіх паважаю! Таму што чалавек, калі хоча нешта зразумець, павінен правесці пэўную працу. Інтэлектуальную. Параўнаю з тэатрам. Калі ты хочаш адпачыць — схадзі ў кіно. А ў тэатр (на мастацкую выставу, на творчы вечар Цімафея Яравікова ці каго іншага, няважна) трэба ісці з асэнсаваннем таго, што табе зададуць пытанні, адказы на якія давядзецца шукаць ва ўласнай галаве. Калі ты гатовы да гэтага — сардэчна запрашаем. Калі не — ёсць тэлевізар, цырк, кіно тое ж самае ці шмат што яшчэ.
Дарэчы. Добрая песня жыве сама па сабе, яна па-за часам. Канечне, у мяне ёсць і сацыяльныя песні, але напісаны многія з іх нашмат раней за тыя сумныя падзеі, што адбываюцца навокал.
А што да пытання аб песнях… Звычайна ў кожнага аўтара ёсць нейкія творы-візітоўкі — і я не выключэнне. Стаўлюся да гэтага спакойна. І мне самому не надакучвае іх спяваць. Наадварот, я ўдзячны сваім слухачам за любоў да песень. Не адчуваю ніякай рэўнасці, а калі дзесьці ўсё ж такі казаў што-небудзь падобнае, гэта хутчэй лёгкае аўтарскае какецтва.
— Ну, у свой час плытка “Децтво” фактычна стала, так бы мовіць, “The greatest hits” тваіх песень. І адразу першым альбомам. Цяпер, ведаю, вы запісалі новы альбом “Могила льва” даволі хутка.
— Адразу хачу адзначыць, што постаць, якая зрабіла магчымым выхад альбома “Децтво”, — Рома Жыгараў, які цяпер грае ў гурце “Akute”. Менавіта ён быў галоўным музычным рухавіком таго альбома.
Уся складанасць у гэтым сэнсе заўсёды была звязаная з недахопам часу. Першы альбом я хацеў выпусціць дзесяць гадоў… Увогуле, альбом “Децтво” рабіўся задоўга. “Могилу льва” мы зрабілі амаль за суткі.
— Гэта як?
— Ну як, на дачы ў нашага бубнача. Арганізавалі студыю… найграю песню, 10-15 хвілін разбіраем — і ўсё, запіс. Я з гітарай — у іншым пакоі, за дзвярыма. Асноўны матэрыял запісалі фактычна за ноч. З усім шумам, нашымі “закадравымі” галасамі. Вельмі цікавая рэч, на нашу думку, атрымалася. Але гэта нефармат. Нават для нас.
— Раскажы пра новы альбом. Чаму назва такая?
— Ну, леў — гэта ўвогуле найцікавейшая істота. Да таго ж мы з Магілёва, а па адной з версій, назва нашага горада і пайшла ад “магілы льва”, паўміфічнага персанажа, пахаванага недзе тут. Ну а сутнасць альбома: мэсідж аб тым, што растаманства і ўсё, што з гэтым звязана, — мёртванароджанае глупства. Гэта не “працуе” тут, у нашых суворых умовах. Я нават напісаў да альбома “прэамбулу-эпітафію”, дзе пра ўсё гэта падрабязна і метафарычна расказаў. Дарэчы, загалоўную песню нават не я напісаў. Гэта песня майго сябра з маскоўскага гурта “Беловодье” Максіма Ліпатава “Здесь не Ямайка”. Яна акурат пра гэта. Так што музычны жанр гэтага альбома — “антырэгей”. Не ведаю, як гэта ўспрымецца нашымі прыхільнікамі і ўвогуле сярэднестатыстычным слухачом… Магчыма, нехта ўспрыме ўсе гэтае наша хуліганства ўсур’ёз — будзе цікава паназіраць. Пабачым.
— А калі ўвогуле можна будзе гэта пачуць?
— Калі будзе вокладка — тады будзе альбом. Вокладкі няма пакуль… У маёй галаве ёсць бачанне, як гэта павінна выглядаць, але трэба, каб хтосьці намаляваў.
А яшчэ скажу па сакрэце: я запісаў альбом казак.
У планах — яшчэ два альбомы (а матэрыялу стае і на тры)
— Спадзяюся, усё атрымаецца. Давай цяпер пагаворым пра цябе. Цімафей Яравікоў, ён хто? Я маю на ўвазе, паэт, музыка ці нехта іншы?
— Напэўна, я паэт. Не вельмі добры, мяркую, паэт… Гэта дужа моцна сказана.
Мне хацелася б быць лепшым, чым я ёсць… Я ж ведаю, якім магу быць. Але мне перашкаджае ўласная лянота, нязгода з самім сабой. Люблю наконт гэтага гаварыць: “Маё меркаванне не заўжды супадае з маім пунктам гледжання”. А калі ты не можаш пагадзіцца з самім сабой, як ты можаш нешта данесці астатнім… Я вось, напрыклад, з цягам часу разумею ўсё менш (усміхаецца).
Ведаеш, тое, што раблю ўласна я, — гэта зварот у першую чаргу да сябе, а не да слухача. “Душэўны эксгібіцыянізм” — напэўна, так гэта можна назваць. А ад сябе самога, хачу я вам сказаць, часта ванітуе…
Канечне, краем свядомасці я думаю пра чалавека, які будзе гэта слухаць. Як ён будзе гэта слухаць. Што адчуе.
Калі часта раз’язджаеш, як я цяпер, пачынаеш разумець натуральныя рэчы. То бок пачынаеш жадаць рэчаў простых. І разумееш, што ёсць любоў (да мовы, музыкі, песень і г.д.). А яшчэ я заўсёды сумую па Радзіме, па Магілёве. Ува мне тры крыві. Але лічу я сябе рускім. Так сталася, што я рускі. Мае продкі адтуль. Таму ўсё ж такі я, напэўна, рускі паэт. У плане мовы. Хацеў бы пісаць вершы на беларускай, але мовай, на жаль, не валодаю.
— Але ў цябе ёсць песня “Маці” на беларускай мове…
— Так, але, шчыра кажучы, гэта не вяршыня маёй творчасці. Яна вельмі супярэчлівая. Але ведаеш, было памкненне напісаць — і яна напісалася. Таму пакуль я не гатовы рабіць што-небудзь на беларускай. Але ёсць задумкі і вялікае жаданне зрабіць нейкі беларускамоўны праект.
— А што замінае?
— Лянота (смяецца). Недасканалае веданне беларускай мовы. Можа, калі-небудзь атрымаецца гэта выправіць. Хаця, хачу вам сказаць, “Сердце дурака” — гэта беларускі рок.
Ну і ўвогуле, да беларускай культуры я стаўлюся больш чым станоўча. Зразумела, не да таго, што можна пачуць на радыё і тэлебачанні… Але добрыя пісьменнікі, музыкі ёсць! Напрыклад, гурт “Akute”. Я да іх вельмі цёпла стаўлюся. Ці тая самая Паліна Рэспубліка, гурт “Серебряная свадьба”. Сярод паэтаў — Віталь Рыжкоў, безумоўна…
І я перакананы, што родную мову трэба ведаць.
— Але цяпер актуальнай стала новая дактрына ؘ— “Русский мир”…
— “Русский мир”? што гэта?.. Я таксама калісьці лічыў беларусаў “малодшымі братамі”. Але знайшліся людзі, якія растлумачылі. Да таго ж я і сам у пэўны момант адчуў фальш у гэтым усім… Таму я так табе адкажу: панібрацтва ў дачыненні да народаў — тое самае гопніцтва.
Таму, канечне, мне вельмі не падабаецца тое, што адбываецца ў Расіі. Таму што любая ідэалогія, асабліва калі яна насаджаецца гвалтоўна, — гэта дрэнна. Перачытайце Салжаніцына, Шаламава… Разумееш, я не хачу ў СССР. Тое добрае, што ўсплывае ў памяці, — яно добрае, таму што звязанае з дзяцінствам, а не з “саўком”.
Я ўвогуле супраць імперскасці. Расія не павінная быць імперыяй. Ёсць цывілізаваны шлях развіцця. Мяне, рускага чалавека, абражае, напрыклад, калі ставяцца да Беларусі як да “малодшага брата” (як, уласна, і да Украіны). Беларусы — іншы народ. Таму і шкада, што ў нас з мовай такая сітуацыя. Хацелася б, каб было хаця б так, як ва Украіне. Сам бы я з задавальненнем размаўляў на мове, але ў нас тут (у маім асяродку) няма з кім… Хаця ўсё гэта не аргумент. Я ўпэўнены, што нацыянальная культура мусіць быць на нацыянальнай мове. Хаця на справе ўсё складаней. Вось “Песня пра зубра”, напрыклад. Яна ўвогуле на лаціне. Але гэта, безумоўна, беларускі па сваёй сутнасці твор, напісаны тут, натхнёны беларускай прыродай. Ці вось Міцкевіч, якога мы з палякамі ніяк не можам падзяліць… Таму гурт “Сердце дурака” — беларускі хаця б чыста геаграфічна (смяецца).
— Тады хто ж такі паэт у Рэспубліцы Беларусь?
— Выказванне “я паэт” выклікае смех. У нас не прынята быць паэтам. Няма часу аб гэтым думаць. Мы да гэтага часу жывем у свеце, дзе забараняюць паэтаў. Я супраць гэтага. Да таго ж у Беларусі як паэт я трапляю пад новы закон аб дармаедах.
— Падзелішся сваімі творчымі планамі?
— Мае планы? Жыць і працаваць. Выжываць… Хочацца запісаць яшчэ пару альбомаў, выдаць тое, што ўжо запісана, выдаць урэшце кнігу вершаў. Ну а самае галоўнае ва ўсім гэтым — не паўтарацца.
А людзям (ды і сабе) я б пажадаў не забываць, што ёсць сапраўднае. Трэба быць жывым. Вельмі хочацца быць жывым. І трэба верыць…
Арцём Іваноў
Фота: Марыя Гілёва