2 красавіка ў асіповіцкай царкве Евангелістаў-хрысціян адбылася сустрэча з пісьменнікам Уладзімерам Арловым, прысвечаная 150-годдзю паўстання Кастуся Каліноўскага. Апрача прыхаджанаў, на сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі гарадской інтэлігенцыі. У ходзе сустрэчы пісьменнік прэзентаваў свае новыя кнігі “Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя” і “Пакуль ляціць страла”, дзе дзесяткі старонак прысвечаныя змаганню нашых продкаў за Волю у 1883 годзе.
Ініцыятарам сустрэчы быў пастар Эрнст Сабіла – легендарны змагар за Свабоду, Веру і Сумленне, які за свае погляды 15 гадоў правёў у зняволенні.
11 красавіка Уладзімер Арлоў сустрэўся са сваімі землякамі ў полацкай царкве Адвентыстаў Сёмага Дня. Галоўнай тэмай сустрэчы было 600-годдзе пачатку пратэстантскага руху ў Беларусі, бо якраз у 1413 годзе Вялікае Княства Літоўскае наведаў і прапаведваў свае вучэнні бліжэйшы паплечнік Яна Гуса, адзін з ідэолагаў гусізму, Геранім Пражскі.
12 красавіка Уладзімера Арлова сустракала родная полацкая школа №1. Падчас прэзентацыі кнігі “Пакуль ляціць страла” пісьменнік прачытаў якраз тыя старонкі, якія прысвячаюцца яго школьным гадам і полацкаму дзяцінству. Ладзілася невялікая віктарына, пераможцы якой атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.