19 снежня ў Мастацкім музеі Берасця адкрылася выстава вышыўкі, традыцыйнага касцюма Маларыцкага строю і дэкаратыўна-прыкладнай творчасці Маларыцкага раёна. Наведвальнікі разглядалі вышыўкі і тканыя жаночыя касцюмы ХIX стагоддзя.
Начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі – Гарбацэвіч Андрэй Сяргеевіч – вельмі займальна, у асобах, распавёў пра гісторыю аднаўлення традыцыйнай тэхналогіі ткацтва Маларыцкага раёна, працы па захаванні народных традыцый, папулярызацыі фальклорнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
«ХОТИСЛАВЯНЕ» – ансамбль песні і музыкі Хаціслаўскага сельскага Дома культуры – праспявалі калядныя песні і паказалі, як калядавалі і калядуюць на мяжы Беларусі і Украіны. Сяляне натоўпам прыходзілі ў дом, спявалі абрадавыя песні, жадалі гаспадарам здароўя і багацця, жартам варажылі і разыгрывалі вясёлыя сцэнкі. Калядоўшчыкі цыганы варажылі па руцэ і прапаноўвалі «купіць за тысячу даляраў» бычка, ражанага ў каня. Гаспадары «залацілі ручку» і частавалі калядоўшчыкаў хлебам, салам і каўбаскай. Сёе-тое з пачастункаў перапала і гледачам.
Крыху пазней наведвальнікі разышліся па залах музея, разглядаючы бісерныя дрэвы, бліскучыя саламяныя пано, вышытыя ручнікі і даматканыя посцілкі. Самыя цікаўныя паспрабавалі папрацаваць на старадаўняй пралцы і “звіць намітку” – традыцыйны жаночы галаўны ўбор.
Выстава адкрыта для наведвальнікаў да 18 студзеня.