Прэзентаваць доўгачаканы ў Беларусі дакументальны спектакль “Чарнобыль” збіраюцца ў Берасці. Прэм’ера спектакля адбудзецца 6 сакавіка ў Цэнтры культуры ў мікрараёне Паўднёвы.
Пастаноўка спектаклю належыць берасцейскаму тэатру “Крылы халопа”. У ёй акцёры хочуць паразважаць не толькі над наступствамі Чарнобыльскай катастрофы, але і пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі.
Акцёрка тэатра Святлана Гайдалёнак адзначыла, што галоўная мэта пастаноўкі – выклікаць у грамадстве абмеркаванне значных для яго тэмаў:
– Гэта пастаноўка ў зусім новым кірунку, які мы раней не прабавалі – гэта тэхніка вербацім, гэта ўжыванне мультымедыя, гэта праца з праектарамі, з камерамі. Гэта варта пабачыць таму, што гэта перформанс, які зроблены для таго, каб выклікаць пачуцці, разважанні, каб выклікаць дыялог.
Афіцыйная прэм’ера спектаклю “Чарнобыль” адбылася 7 снежня мінулага года ў Познані ў Польшчы на Міжнародным тэатральным фестывалі “Маскі” пры падтрымцы інстытуту імя Адама Міцкевіча.
Беларускае Радыё Рацыя