У Гарадку (Віцебская вобласць) 2-3 верасня адзначаецца XXX Дзень беларускага пісьменства. Да гэтай падзеі ў Вераніцынскім скверы ўсталявалі скульптурную кампазіцыю з літар кірылічнага алфавіту, піша "Наша Ніва".
Анансавалася, што гэта будзе «арыгінальны арт-аб’ект у выглядзе літар беларускага алфавіта — з „Ў“ і „І“ — так пісала віцебская дзяржаўная газета „Витьбичи“. Аднак з бетонных літар складаецца рускае слова „Букварь“.
Для тых, хто сам не зможа скласці слова з набору бетонных літар, на пастаменце прымацавалі шыльдачку: „БУКВАРЬ“. Посвещается XXX Дню белорусской письменности». У надпісе памылка: паводле граматыкі рускай мовы, трэба пісаць «посвящается».
Скрыншот віжэа АНТ
Мяркуючы па ранішнім рэпартажы АНТ, памылку заўважылі і выправілі, піша «Люстэрка».
«Помнік «Букварю» — гэта аўтарская праца Ігара Сілкі, студэнта Беларускай акадэміі мастацтваў.
Да слова, на ўваходзе ў Вераніцынскі сквер, названы так у памяць пра земляка Канстанціна Вераніцына, аўтара вядомай сатырычнай паэмы «Тарас на Парнасе», таксама з’явілася новая скульптурная кампазіцыя да Дня беларускага пісьменства. Яна зроблена з жалезнай бляхі і ўяўляе сабой стос кніг, які «расце» з камля дрэва.
Дапаўняе кампазіцыю шыльда ў выглядзе папяровага світка з «нержавейкі», на якім напісана назва сквера. «Аўтарамі з’яўляюцца Юрый Татарыновіч, Аляксандр Зелянкоўскі і Гарадоцкі раённы выканаўчы камітэт», — паведамляе газета «Гарадоцкі веснік».
Фота: garadvest.by
Юрый Татарыновіч — дырэктар глыбоцкага прадпрыемства «В ажуре», якое непасрэдна і вырабіла кампазіцыю пад назвай «Дрэва беларускага пісьменства». Сёлета ў сакавіку суд Глыбоцкага раёна аштрафаваў прадпрымальніка на 2 590 рублёў (70 базавых велічынь) за так званае «несанкцыянаванае пікетаванне ў інтэрнэце»: Татарыновіч быў пакараны за тое, што на сваю аватарку ў фэйсбуку наклаў малюнкі ўкраінскага сцяга і гістарычнага беларускага герба «Пагоня». Свае віны асуджаны не прызнаў.