Кніга пра гісторыю горада з’явілася 19 мая 1994 года і была прадстаўленая публіцы горада на імпрэзе, што прайшла менавіта ў гэты дзень 20 гадоў таму ў сценах лялечнага тэатра. Сёлетняя імпрэза насіла больш сціплы характар і прайшла ў музеі педагогікі пры гарадзенскім ліцэі №1. На імпрэзу сабраліся гарадзенскія краязнаўцы і гісторыкі, а таксама вучні, што наведваюць краязнаўчыя гурткі горада. Пра кнігу , яе гісторыю і яе спадкаемцаў расказвае адзін з яе аўтараў, гарадзенскі краязнаўца Алесь Госцеў:
– Сёння мы афіцыйна адзначаем, можна сказаць, выхад у людзі кнігі “Кронан”, храналогіі горада над Нёманам. Гэтую кнігу мне давялося складаць разам з Вячаславам Шведам, сёння доктарам гістарычных навук. Калі мы аб’ядналі свае высілкі, стала зразумела, што гэта кніга не толькі для нас, што яна можа значна дапамагчы тым, хто не проста цікавіцца гісторыяй Гародні, а хоча паглыблена вывучаць гэтую гісторыю, асэнсаваць некаторыя гістарычныя падзеі. І гэтыя людзі не аказаліся падманутымі: наадварот, яны ўдзячныя нам як аўтарам. Кніга, на маю думку, на сённяшні дзень трохі састарэла, але на той час яна зрабіла сваю справу. Да таго ж яна, можна сказаць, застаецца непераўзыдзенай. У прыватнасці ў некаторых трактоўках пачатку нашага горада, карыстання летапісамі. А прынцып выкладання гістарычных падзей, фактаў у храналагічным парадку дазваляе больш цвяроза паглядзець на тое, што адбывалася.
– Што, на вашу думку, было працягам “Кронана”?
– Безумоўна, усе кнігі па тычацца гісторыі горада. “Кронан” таксама не быў унікальным выданнем – ён з’явіўся не на пустым месцы. Але тое, што пайшло потым, ужо складае велізарную бібліятэку. Варта згадаць, напрыклад, “Гарадзенскую бібліятэку” – больш за 30 розных выданняў, і я думаю, што нашая заслуга ў гэтым ёсць.
Аўтары кнігі маюць спадзеў, што дапоўненае выданне “Кронана” па-беларуску пабачыць свет у хуткім часе.
Андрэй Мялешка