Аўтары будуць узнагароджаныя грашовымі прэміямі ад аднаго да трох мільёнаў. Абсалютны пераможца – гімн Глыбокага – будзе названы пазней.
У Глыбоцкім доме культры завяршыўся конкурс на напісанне гімна горада Глыбокае, прысвечанага 600-годдзю населенага пункта. Яго арганізатарамі з’яўляліся райвыканкам, раённы Савет дэпутатаў, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Прадставіць свой варыянт гімна маглі ўсе ахвотныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Таму свае музычныя творы даслалі не толькі глыбачане, але і жыхары Браслава і Полацка.
Прысутныя ў зале атрымалі лісты для галасавання, і прагучалі сем кампазіцый:
1. “Глыбоцкі вальс” (сл. Віталя Гарановіча, муз. Ганны Шаколы, Глыбокае)
2. “Табе, маё Глыбокае” (сл. Віталя Гарановіча, муз. Ганны Шаколы, Глыбокае)
3. “Глыбокае” (сл. В.Граноўскі, муз. В.Граноўскі, Полацк)
4. “Гімн г. Глыбокае” (сл. Феакціста Фядотава, муз. Ліліі Чарняўскай, Полацк)
5. “Мой горад” (сл. Алеся Жыгунова, муз. Браніслава Грамакоўскага, Глыбокае)
6. “Красуй, мой горад” (сл. Браніслава Грамакоўскага, муз. Браніслава Грамакоўскага, Глыбокае)
7. “Глыбокае” (сл. Л.Лаўрыновіча, муз. Л.Лаўрыновіча, Браслаў).
Прысутныя ў зале атрымалі лісты для галасавання
З сямі кампазіцый трэба было выбраць толькі адну і паставіць насупраць яе які-небудзь знак – птушачку, крыжык. Падлічыўшы галасы, журы, якое ўзначальвае старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, агучыла тры лепшыя варыянты гімна.
Кампазіцыі размясціліся ў наступным парадку:
1. “Мой горад”
2. “Табе, маё Глыбокае”
3. “Красуй, мой горад”
Пасля юрыдычнага зацверджання аўтары будуць узнагароджаныя грашовымі прэміямі ў памеры: за першае месца – 3 мільёны рублёў, другое – 2 мільёны рублёў, трэцяе – 1 мільён рублёў.
Абсалютны пераможца – гімн Глыбокага – будзе названы пазней.