21 сакавіка ў Магілёве адкрыўся X Міжнародны моладзевы тэатральны форум «М@rt.кантакт-2015», перадае карэспандэнт БелТА.
«М@rt.кантакт» з’яўляецца творчай лабараторыяй, падмуркам, на якім будуецца сучаснае беларускае мастацтва, – адзначыла на цырымоніі адкрыцця першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. – У форуме прымаюць удзел велізарная колькасць творчых людзей, якія не баяцца эксперыментаў і знаходзяцца ў пастаянным пошуку, яны па-іншаму ўспрымаюць жыццёвыя з’явы. І хто ведае, тое, што сёння было першай спробай, заўтра, можа, стане класікай».
Адкрыў праграму форуму Дзяржаўны драматычны тэатр «Приют комедианта» з Санкт-Пецярбурга з пастаноўкай «Каварства і каханне», у якой гучаць песні з ратацыі MTV, а героі адпраўляюць SMS і п’юць Coca-Cola.
Міжнародны моладзевы форум «М@rt.кантакт-2015» – доўгачаканае свята для ўсіх магілёўцаў. Квіткі на спектаклі форуму прадаюцца задоўга да пачатку. У гэтым юбілейным годзе на працягу 7 дзён будзе паказана 19 спектакляў з 10 краін свету: Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы, Ізраіля, Германіі, Эстоніі, Арменіі, Кыргызстана. Вынікі форуму будуць падведзены 27 сакавіка ў Дзень тэатра.
Марыя Ластачкіна, БелТА