Вядомы расійскі ўрбаніст Святаслаў Муруноў — пра беларускія гарады, сталінскі ампір, канфлікты з чыноўнікамі і ад’езд перспектыўнай моладзі за мяжу.
Арганізацыя гарадской прасторы — ад лавачак і ўтульных дворыкаў у старым цэнтры да правядзення шматтысячных фестываляў і пабудовы вялізных аўтаразвязак — актуальная тэма апошняга часу як на Захадзе, так і на прасторах СНД.
Святаслаў Муруноў — урбаніст з Пензы, геаграфія дзейнасці якога даўно выйшла за межы роднага горада і пашырылася на Сочы, Пецярбург, Маскву і іншыя гарады, стваральнік групы кампаніяў “КБР. Брэндынгавая эканоміка”, выкладчык Пензенскага ўніверсітэта. У канцы красавіка Святаслаў завітаў у Гародню з серыяй лекцыяў па ўрбаністыцы. Мы вырашылі скарыстацца нагодай і запрасіць эксперта па гарадскім развіцці на размову.
Моц улады і мізэрнасць асобнага чалавека
— Якую розніцу вы заўважылі паміж расійскімі і беларускімі гарадамі?
— У вас сапраўды чысцей, менш рэкламы. Наконт чысціні ёсць, канечне, пытанне, якім чынам яна дасягаецца: за кошт унутранай культуры ці адміністрацыйнага рэсурсу? Шмат якія расійскія гарады, асабліва тыя, чыя гісторыя спынілася разам з працай асноўнага прадпрыемства, вельмі брудныя. Ва ўлады няма грошай прыбіраць, а ў людзей — культуры. Гараджане не лічаць гэты горад сваім, хутчэй нейкай нічыйнай тэрыторыяй. Таму ў вас, відаць, ёсць патрэбны дзяржрэсурс, а ў Гародні яшчэ і людзі культурныя, як я паспеў заўважыць.
— Ці маглі б вы параўнаць Мінск і Гародню?
— Мінск вельмі моцна нагадвае пэўныя раёны Масквы, яго выгляд фармуе сталінская архітэктура. Гэта зразумела, бо калі будаваўся каркас сучаснага Мінска, замоўнікам выступала ўлада. Шмат пампезнасці, шмат фактараў, якія дэманструюць моц улады і мізэрнасць асобнага чалавека. Таму ў цэнтральнай частцы Мінска людзі — хутчэй дэкарацыі, чым паўнавартасныя жыхары горада.
Гародня мне нагадала Калінінград — горад, мінулае якога звязанае з Германіяй, то бок з Еўропай. У старым горадзе тут шмат душэўных элементаў: зеляніна, лавачка, свежая бялізна сушыцца ў двары, дзіцячы смех, элементы старой архітэктуры. Тут ты сябе адчуваеш чалавекам.
Канкурэнцыя ідзе за людзей
— Наколькі ўсё гэта ўплывае на людзей, які нараджаюцца, жывуць і працуюць у гэтых гарадах?
— На лекцыі я прыводзіў прыклад, як у дзіцяці можна выклікаць праз эмоцыі прывязанасць да свайго месца, пачуццё ідэнтычнасці. Калі прастора вакол сумная, брудная, нецікавая, напоўненая макдональдсамі альбо тыпавымі дамамі культуры — вы, безумоўна, зможаце стаць добрым чалавекам, але прывязанасці да свайго кутка застанецца значна менш.
Нават ствараючы свае маленькія сусветы ў кватэрах, мы ўсё адно кудысьці ходзім, нешта наведваем, хочам камунікаваць з людзьмі навокал. А гэта і ёсць гарадская прастора. І чым яна камфортнейшая і цікавейшая, тым больш будзе шанцаў у чалавека стаць шчаслівым, рэалізаваць сябе, заснаваць сям’ю і застацца ў сваім горадзе. А канкурэнцыя цяпер ідзе ў першую чаргу за людзей.
— На сваіх лекцыях вы казалі пра “ядро” — сукупнасць гарадской эліты, якая фармуе атмасферу ў горадзе. Хто гэтыя людзі?
— Гэта і людзі з улады, і з бізнесу, і з гарадскіх супольнасцяў. Пытанне ў тым, ці супрацоўнічаюць яны. Калі яны дзейнічаюць паасобку — больш шанцаў, што культурная тканіна будзе разарваная. Калі разам — гэта заўважна, асабліва ў невялікіх гарадах. Важна, каб яны не толькі спрабавалі захаваць культуру, але і дапамагалі ёй развівацца, зрабіць новы віток, стварыць нешта новае. Гэта ж важна, ці камфортна, напрыклад, у горадзе маладым паэтам альбо музыкам. Ёсць у іх мажлівасць развівацца альбо ўсё настолькі заціснутае, што перспектывай для іх застаецца толькі ад’езд? Гэта пытанні, якія стаяць на павестцы дня.
— Дык як зрабіць, каб творчыя эліты не пакідалі свае гарады на карысць сталіцы альбо замежнай дзяржавы?
— Усё вельмі проста: ствараць умовы для іх самарэалізацыі, даваць ім свабоду, прастору для творчасці. Культурным дзеячам старэйшага пакалення своечасова пераключаць увагу на дапамогу маладым, а не на самаўсхваленне. Трэба ствараць пляцоўкі для творчай моладзі, каб не дапусціць разрыву пакаленняў, маўляў, “вы дурні, а мы разумныя, мы за класічную культуру, а вы вар’яты…” То бок даць мажлівасць моладзі ўвабраць класічную культуру, каб перапрацаваць і несці яе далей.
Раней маргіналы, цяпер — партнёры
— Стварэнне паспяховага культурнага поля ў горадзе мае адбывацца дзякуючы ўладам зверху ці актывістам знізу?
— Я супраць падзелу, тут павінныя ўдзельнічаць тры сілы: улада, бізнес і грамадскія актывісты. Яны маюць дамовіцца.
— Ва ўмовах сучаснай Расіі як праходзіць узаемадзеянне ўлады і гарадскіх актывістаў?
— Яшчэ некалькі гадоў таму ўлады лічылі актывістаў дзівакамі, маргіналамі, радыкаламі, якія прэтэндуюць на ўладу… Безумоўна, ёсць і такія. Але паспеў сфармавацца шэраг супольнасцяў людзей, якія не хочуць улады, а хочуць проста жыць у камфортным горадзе. У многіх гарадах змяніўся вектар: калі раней гэтых людзей не ўспрымалі ўсур’ёз, то цяпер гэта паўнавартасныя партнёры і суб’екты жыцця горада. Гэта Іжэўск, Яраслаўль, Варонеж…
Напрацаваны капітал дыялогу ставіцца пад пытанне
— Закручванне гаек на ідэалагічным узроўні ў Расіі неяк паўплывае на ўзаемадзеянне гарадскіх адміністрацыяў і нізавых актывістаў?
— Безумоўна, паўплывае. Калі ўлада пачынае рабіць іншы запыт на культуру, гэта ўплывае. Вы ведаеце, што цяпер у РФ Міністэрства культуры прапанавала новую культурную палітыку для краіны — дастаткова арахічную і кансерватыўную. Зноў пачынаецца адток творчай публікі з Расіі. Зноў ідзе пошук альтэрнатыўных спосабаў існавання. Капітал дыялогу, які быў напрацаваны, ставіцца пад пытанне.
З іншага боку, некаторыя асобна ўзятыя гарады ў рэгіёнах, асабліва ў нацыянальных аўтаноміях, незалежна ад федэральнага цэнтра працягваюць дыялог, бо разумеюць каштоўнасць чалавечага капіталу. Гэта іх шанец захаваць творчых людзей у рэгіёне.
— Якія парады вы маглі б даць беларускім гарадскім актывістам?
— Гарадскім супольнасцям, каб развівацца і на нешта ўплываць, трэба выбудоўваць адносіны з бізнесам. Трэба ставіць доўгатэрміновыя мэты і займацца доўгатэрміновымі праектамі. Улада пакуль нікога з прадстаўнікоў гарадскіх супольнасцяў не разглядае ўсур’ёз, а бачыць толькі дэкарацыямі для свайго горада. А трэба заявіць свае правы на горад. Не праз пратэст, а праз стваральную дзейнасць, праз актыўныя дзеянні, якія датычаць трох хворых тэмаў: адукацыі, культуры і гарадскога асяроддзя.
Алесь Кіркевіч, фота Алісы Чакатоўскай