12 сакавіка ў сталічнай кнігарні “логвінаЎ” аматары паэзіі мелі магчымасць пазнаёміцца з паэтычным набыткам нобелеўскага лаўрэата, шведскага паэта Тумаса Транстромера.
У Мінск на імпрэзу, прысвечаную сусветна вядомаму літаратару, прыехаў яго сябар, рэжысёр Лейф Ульсан, які не толькі расказаў пра самога Тумаса і ключы да разумення яго паэзіі, адказваючы на дасціпныя пытанні вядоўцы вечарыны Андрэя Хадановіча, але і зачытаў вершы сябра па-шведску.
Асабліва цікава выглядала парная праца Лейфа Ульсана і перакладчыка Транстромера на беларускую Лявона Баршчэўскага.
Падчас імпрэзы таксама прагучалі вершы Тумаса Транстромера ў перакладах Алесі Башарымавай і Алеся Лукавенкава, а пісьменнік Уладзімір Арлоў апавёў пра свой візіт да нобелеўскага лаўрэата.