Вандроўка “Дыяменты Ваўкавышчыны” адбылася 3 траўня. Яна ўлучыла наведванне самых старажытных аўтэнтычных мясцінаў Ваўкавыскага краю.
Ініцыятарам і арганізатарам экскурсіі выступіў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, які сумясціў таксама і абавязкі экскурсавода.
Даведацца пра “дыяменты” Ваўкавышчыны выказала жаданне больш за 40 чалавек. Паводле словаў Антона Астаповіча, вандроўкі, арганізаваныя Таварыствам аховы помнікаў, збіраюць пастаяннае кола людзей і ўлучаюць толькі тых асобаў, што “шчыра імкнуцца да спазнання Беларусі”.
Антон Астаповіч адзначыў, што ўдзельнікаў падарожжа асабліва ўразіў этнаграфічна-літаратурны музей вёскі Гудзевічы. “На жаль, мы не змаглі сустрэцца з чалавекам, які заснаваў гэты музей, – шаноўным Алесем Белакозам. Але было вельмі добра бачна, што людзі, якія захоўваюць гэты музей, сапраўды апантаныя беларушчынай,” – сказаў Антон Астаповіч.
У асвятленні гістарычных і культуралагічных асаблівасцяў краю Антону Астаповічу дапамагаў мясцовы краязнаўца, кіраўнік Ваўкавыскай філіі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Віктар Вайтчук. У вёсцы Лунна да групы далучыўся краязнаўца Лявон Карповіч, які апавёў пра паходжанне мястэчка, яго гісторыю, пра мясцовую яўрэйскую дыяспару.
Сярод іншых мясцінаў, якія наведалі экскурсанты, былі вёскі Вярэйкі, Рэпля, Рось, Воўпа, Дубна.
“Нашыя вандроўкі вылучаюцца навізной. Мы стараемся паказваць людзям тыя мясціны, якія не ахопліваюцца афіцыйнымі экскурсіямі,” – адзначыў Антон Астаповіч.