Першая выстава прац беларускіх музыкаў “Музыка без межаў” адкрылася ў віцебскай прасторы VZAP (вул. Кастрычніцкая,2) і будзе дзейнічаць з 30 красавіка па 14 траўня.
Праект закліканы паказаць розныя грані самавыражэння творчай асобы, а таксама паразважаць над актуальнай для Беларусі праблемай свабоды творчасці і яе межаў. Падчас выставы можна будзе ўбачыць карціны і малюнкі Лявона Вольскага, лідара гурта “Крама” Ігара Варашкевіча, гурта “Палац” Алега Хаменкі, фронтмэна брэсцкіх панк-зорак “Дай дарогу!” Юрыя Стыльскага, Андруся Такінданга (Recha, Harotnica), Ганны Жданавай (Lilac), лідара гурта Znich Алеся Таболіча, Сяргея “Скрыпы” Скрыпнічэнкі (Žygimont Vaza) і Аляксандра Дземідзенкі (Re1ikt). Усе музыкі граюць у розных стылях, аднак, як высветлілася, іх аб’ядноўвае выяўленчае мастацтва. Як зрэшты і іншых музыкаў свету.
Падчас адкрыцця госці выставы змаглі непасрэдна камунікаваць з аўтарамі Андрусём Такіндангам і Алегам Хаменкам, а таксама паўдзельнічалі ў імправізаванай музычнай вечарыне зладжаную арганізатарамі.
Як паабяцалі ініцыятары выставы, віцебскую публіку чакае яшчэ адна сустрэча з удзельнікам выставы – Юрыям Стыльскім, фронтмэнам гурта Дай Дарогу!. Адбудзецца сустрэча 13 мая на пляцоўцы прасторы VZAP (вул. Кастрычніцкая,2). Падрабязней пра выставу можна даведацца праз старонкі ў сацыяльных сетках: https://vk.com/muzykabezmiezhau
Наведаць выставу можна штодзень з 12:00 да 19:00 у арт-цэнтры VZAP, вул. кастрычніцкая,2. Уваход – 1 рубель. Інфалінія +375259133876