Вандроўка, наладжаная Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі” адбылася 18 кастрычніка.
У вандроўцы ўзяло ўдзел 49 чалавек, як сяброў Таварыства, так і аматараў беларускай гістарычна-культурнай спадчыны.
Вандроўнікі наведалі найцікавейшыя мясціны Наваградчыны і агледзелі унікальныя помнікі, якія несправядліва ігнаруюцца беларускімі турыстычнымі прадпрыемствамі і не ўключаюцца ў экскурсійныя маршруты.
Спалучэнне найбагацейшай гісторыі і значных высокамастацкіх архітэктурных аб’ектаў дазволілі б зрабіць Наваградчыну адным з самых папулярных куткоў Беларусі.
Найбольшыя ўражанні пакінула былое мястэчка Дзяляцічы. Драўляная царква з мураванай брамай-званіцай і агароджай, вуліцы, што захавалі старадаўні брук ХІХ стагоддзя, і мілагучныя гістарычныя назвы – Усялюбская, Наваградская і Віленская.
Увогуле наведаныя былі наступныя населеныя пункты: Адампаль, Нягневічы, Асташына, Лаўрышава, Вераскава, Дзяляцічы, Лоўчыцы і старая сталіца Вялікага Княства – Наваградак.
Але ж былі і свае лыжкі дзёгцю. Гэта ўлёткі яўна расісцкага зместу, што распаўсюджваюцца праз праваслаўную царкву ў Лаўрышаве, і анекдатычныя памылкі на турыстычных стэндах у Наваградку.