Пра «сваё» і «роднае» распавядае віцебская тэлевядучая Юлія Дубро.
Юлія заўжды цікавілся роднай культурай і мовай. Збіралася паступаць на літаратурную работу ў Віцебскі дзяржаўны на факультэт беларускай філалогіі і культуры, але патрапіла на тую ж спецыяльнасць у БДУ. Хацела кніжкі рабіць, а размеркаванне закінула ў бешанковіцкую раёнку. А потым яна сама знайшла сабе працу на віцебскім тэлебачанні.
Рыхтавала сюжэты для ток-шоў «ЗаДело», праграмы «Витебское время»… А калі ў тэлерадыёкампаніі з’явіўся ўласны тэлеканал «Віцебск», то ў межах моладзевай гадзіны прапанавала адкрыць спачатку рубрыку «Сваё. Роднае», а потым паўнавартасную праграму пра беларускае для моладзі.
Сумневы, вядома, былі… І асноўны: ці зацікавіць тэма віцебскіх тынэйджэраў, студэнтаў ды моладзі да 35-ці? «Вельмі падтрымала ідэю Ксенія Асмалоўская, дзякуй ёй за гэта, — распавядае Юлія. — Спачатку было вельмі складана разбурыць стэрыятып: калі пра Беларусь — то абавязкова дудачкі граюць, буслік ляціць, усё лірычнае, меладычнае… Мы ў выніку зрабілі жывое і вясёлае».
Каб прывабіць моладзь, трэба шукаць арыгінальныя падыходы. І Юлія шукае. Праграма «Сваё. Роднае» — гэта тэленатанік, куды пазначаюцца рэчы, якія нам усім варта ведаць і памятаць».
Што рабіць, калі ёсць жаданне адкрыць свой праект? З чаго пачынаць? Юля задумваецца, а потым кажа, што СМІ і асабліва тэлебачанне — сфера жорсткая і складаная. Па-першае, неабходна добрая ідэя і добрая каманда, якая падтрымае твае пачынанні. Па-другое, дёрзскаць, смеласць, уменне знайсці падыход да самых разнастайных людзей, жаданне глядзець больш шырока і не сядзець на месцы.
«І ўсё ж такі што важнейшае — натхненне ці працалюбства?» — пытаюся. «Спачатку натхненне, — адказвае журналістка. — Трэба гарэць сваёй справай. Заўжды адчуваецца, калі зроблена з душою і калі суперпрафесійна, але без душы. Пасля ўжо наладзіць працу, стварыць пэўную сістэму і яе прытрымлівацца».
Кіраўніцтва канала задаволена ініцыятыятывай журналістаў, але партнёры не пашкодзяць ніколі, а наадварот – будуць садзейнічаць інтэнсіўнаму, хуткаснаму развіццю. Так што, сапраўдныя беларусы, прапануйце супрацу «Свайму. Роднаму»!
Хоць не выйшла яшчэ і дзясятка праграм, водгукі наконт зробленага — станоўчыя. Як зрабіць дранікі? Як па-беларуску сустрэць вясну? Што цікавага могуць распавесці нам вуліцы Віцебска? Усё — у праграме «Сваё. Роднае».
«Трэба звярнуць увагу на тое, што, відаць, час прыйшоў, калі ўсё вяртаецца на свае месцы, — упэўнена Юлія. — І мы павінны вярнуцца да нейкіх вытокаў, ведаць, хто мы, памятаць, наколькі мы прыгожая, цікавая нацыя, і якая ў нас прыгожая, цікавая, цудоўная гісторыя. Нават не вывучаць, а ўспамінаць, хто мы ёсць».
Адзін са шляхоў — перайсці на беларускую мову. Справа вартая, але складаная. Хаця… Напрыклад, рэжысёр праграмы — ну, вельмі руская дзяўчына, але паступова пачынае размаўляць на мове. Магчыма ўсё!
Разам са сваімі героямі і гледачамі Юлія Дубро ўзгадвае, успамінае беларускае, безумоўна, пачуваецца беларускай і сцвярджае:
— Я ўпэўнена, што беларусы разумеюць беларускую мову. І гэта ўсё лухта, што гэта не так!
Адно з яе памкненняў — працаваць на больш маладую аўдыторыю, каб і яны зацікавіліся, прынялі да сябе, адчулі беларускасць.
«У Віцебску, у прынцыпе, увогуле вельмі складаныя людзі, — ўпэўнена пацвярджае Юлія. — Зачыненыя людзі. Нейкія невычэрпна абыякавыя ў большасці. Журналісту няцяжка падняць праблемнае пытанне — цяжка знайсці герояў, якія пра гэта будуць гаварыць. У нас людзі ці то баяцца выказаць сваё меркаванне, ці не хочуць, ці ім лянота… Вось гэта праблема…»
З іншага боку, журналістка даволі пазітыўна глядзіць на беларускую рэальнасць. Хоць ёсць праблема роднай мовы, асабліва сярод моладзі, хоць паніжаецца ўзровень яе выкладання, хоць няма беларускамоўных дзіцячых садкоў… Аднак Юлія ўпэўнена, што ідзе натуральны працэс вяртання да ўсяго роднага, свайго. І пачынацца ўсё мусіць з сям’і. «Мне, напрыклад, шкада, — прызнаецца яна, — што па-сапраўднаму вывучаць пачала мову ў апошні школьны год, каб здаць тэставанне». Як і многія сённяшнія школьнікі, кажу я.
Праграма «Сваё. Роднае» займаецца варта справай: адукуе, прываблівае да свайго, аднак не можа разгледзець вартыя ўвагі праблемы. Фармат не той, трэба прытрымлівацца пэўнай формы, каб захаваць сваю існасць і не зрабіць з праекту вінегрэт.
Але Юлія лічыць, што адпаведныя ток-шоў могуць узнікнуць на ТК «Віцебск»: «Сёння ў тэлебачання шмат нагод выйсці на іншы ўзровень, прапанаваць гледачу нешта новае. І рэгіянальнае тэлебачанне знаходзіцца ў найлепшым становішчы. Яно бліжэй да людзей, працуе з невялікай аўдыторыяй. І гэта клёва, і ствараецца пэўная душэўнасць. Напрыклад, навіны на віцебскім тэлебачанні выходзяць выключна на беларуская мове — гэта прынцыповая пазіцыя».
Тое, што «Сваё. Роднае» будзе развівацца — безумоўна. Перспектыў — хоць гаць гаці! Тэматыка беларускасці не тое, каб не вычарпальная, але нават пералічыць усе магчымыя накірункі гадзіны не хопіць дакладна. Напрыклад, у планах ахапіць не толькі Віцебск і Віцебскі раён — хацелася б па вобласці паездзіць, паздымаць… І турызм, і гісторыя ды проста на госці да кагосьці…
Колькі ж будзе радаваць гледачоў праграма «Сваё. Роднае» — год, два, дзесяць? «Яна будзе бессмяротнай, — смяецца аўтарка. — Калі па праўдзе, пра гэта нават не думаю, і не хочацца пра гэта думаць». Мяркуючы па рашучасці і мэтанакіраванасці Юліі, «сваёй роднай» справе на ТК «Віцебск» жыць ды жыць. Поспехаў!
Тэкст: Алесь Замкоўскі.
Фота: з асабістага архіва Юліі Дубро.