-
- Нацыянальная бібліятэка пры падтрымцы “Банка БелВЭБ” узялася за маштабны і амбітны праект – выдаць у факсімільным выглядзе ўсе кнігі, якія надрукаваў Францыск Скарына.
- Пачатак выдання поўнага збору твораў беларускага першадрукара можна лічыць сапраўдным калядным і навагоднім падарункам для ўсіх беларусаў. Сімвалічнае падпісанне ў друк першага тома адбылося ў Нацыянальнай бібліятэцы 26 снежня. У сапраўднасці ў друк ужо накіравалі пяць тамоў, а ўсяго запланавана да выдання 25 кніг у 20 тамах. Праект фінансуе “Банк БелВЭБ”, які да гэтага засведчыў сваю неабыякавасць да беларускай культурнай спадчыны серыяй календароў “Жывая гісторыя” і падтрымкай фолк-фэсту “Камяніца”. Кіраўнік праўлення банка Павел Калаўр перад падпісаннем першага тома зазначыў: “Калі я пачуў пра ініцыятыву выдаць усе кнігі Скарыны, то ні хвіліны не сумняваўся, што гэты праект варта падтрымаць. Гэта важна як для калектыву нашага банка, так і для гісторыі краіны”.
- Выданне поўнага збору кніг Скарыны разлічанае на пяць гадоў. Мяркуецца паспець да 2017 года, калі беларускаму кнігадрукаванню споўніцца роўна 500. За аснову выдання будуць брацца электронныя копіі кніг першадрукара, якія захоўваюцца ў кнігасховішчах па ўсім свеце. У нашай краіне арыгінальных кніг зусім няшмат. Намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі прыводзіць такі прыклад: у Беларусі ёсць толькі 10 выданняў пражскай Бібліі, надрукаванай Скарынам. Яшчэ 360 захоўваецца ў музеях ды бібліятэках іншых краінаў.
- Сучасныя выдаўцы хочуць захаваць структуру, змест, асаблівасці шрыфтоў д
- ы гравюраў тагачасных выданняў. Навукоўцы рыхтуюць да кожнага тэксту суправаджальныя каментары, а прадмовы ды паслямовы, напісаныя самім Скарынам, упершыню будуць пададзеныя на трох мовах – па-беларуску, па-руску і па-ангельску.
- Адзін з ініцыятараў маштабнага праекта – даследчык Алесь Суша, які займае пасаду намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі. Ён кажа, што выдаць усяго Скарыну і зрабіць гэта на высокім прафесійным і паліграфічным узроўні – для яго справа гонару. Дагэтуль выходзіў толькі трохтомнік Скарыны, куды былі ўключаныя выданні, якія друкаваліся ў Празе. Шмат якія творы, у тым ліку славутая “Малая падарожная кніжка”, не выдавалася наогул. Алесь таксама трымаў у руках рэпрынт “Апостала” Скарыны, які невялічкім накладам быў надрукаваны ў Нямеччыне. Даследчык сведчыць, што паліграфія ўсіх ранейшых выданняў не на найлепшым узроўні. Да ўсяго, яны даўно ўжо лічацца рарытэтамі і недасяжныя для масавага чытача. А ў выпадку якраз з гэтым праектам разлік на ўсіх неабыякавых да беларускай нацыянальнай спадчыны – ад школьнікаў да навукоўцаў.
-
Мікалай Дубавіцкі
-