Хлопцы і дзяўчаты, якія захапляюцца беларускай этнаграфіяй і фальклорам з Краязнаўчага клуба “Дыярыуш” гістарычнага факультэта БДПУ ўжо не адзін год ладзяць Каляды ў маленькіх гарадах і вёсках Беларусі, а вось ідэя выязджаць усёй Калядой на кватэры жыхароў сталіцы ў гэтым годзе ўвасобілася ўпершыню.
Хлопцы проста размясцілі аб’явы ў сац.сетках пра тое, што прыедуць да ўсіх, хто іх запросіць, што ў выніку вылілася ў вялікую колькасць жадаючых па ўсім Мінску. Безумоўна, прыехаць за адзін вечар калядоўшчыкі да ўсіх так і не змаглі, але ўсё ж паспрабавалі паспець заехаць да як мага большай колькасці мінчан.
На дзвюх машынах пры дапамозе GPRS-навігатара Каляда калясіць па вячэрняй сталіцы з кватэры ў кватэру, кожны раз то здымаючы, то апранаючы на сябе калядныя касцюмы. Былі вядома ж сярод галоўных персанажаў Каляды і каза і мядзведзь, якога, праўда, падчас першага знаёмства часам моцна палохаліся дзеці. Пазней да іх далучыўся анёл. Калядоўшчыкі традыцыйна прыходзілі ў дом з песнямі, ды яшчэ і пад акампанемент дуды, з танцамі і каляднымі рытуаламі, і сустракаліся з гаспадарамі паўсюдна лагодна. Дарылі мінчане гасцям у асноўным садавіну, прысмакі, і вядома ж не абышлося без пачастунку спіртным. Хоць, як заўважылі самі калядоўшчыкі, у параўнанні з Калядой у вёсках, дзе гасцям прапанавалі паўсюдна выпіць і ўзяць з сабой, у Мінску ім прапанавалі выпіць толькі ў адной кватэры. Многія гаспадары запрашалі ў госці Каляду для забаўкі сваіх дзяцей, таму ў большасці выпадкаў алкаголь быў недарэчны.
Каб паспець да максімальнай колькасці людзей, хлопцы з клуба “Дыярыуш” у гасцях доўга не затрымліваліся, і часам, здавалася, што з-за гэтага не хапае часу на з’яўленне некаторай ўзаемнай шчырай разняволенасці і дастатковага збліжэння паміж калядоўшчыкамі і гаспадарамі, а мітусня нагадвала службу дастаўкі Каляды на дом. Тым не менш, з улікам рэалій буйнога горада з яго доўгімі пераездамі з аднаго месца ў іншае, з задачай данесці радасць Каляды ў дамы мінчан калядоўшчыкі справіліся, бо пры сустрэчы гасцей вочы дзяцей загараліся чарадзействам народнага свята. Шкада толькі, што сапраўднага каларыту беларускай вясковай Каляды з непадробнай дабрадушнасцю, гасціннасцю і нястрымнай весялосцю, відавочна не хапала.
Фатограф: Аляксей Сталяроў