Вакалістка гурта “Гаротніца” распавяла, як ёй пяецца ад імя асацыяльнай жанчыны, прыгадала як прагульвала заняткі ў акадэмічным хоры і як трапіла ў аркестр Фінберга, а таксама распавяла пра свае новыя задумы.
Валерыя Валадзько яўна пакінула свой след у гісторыі беларускай музыкі. Яе голас гучыць на першых альбомах “Палаца” і “Крыві” ды ў супольных праектах “Я нарадзіўся тут” і “Святы вечар”, яна выступала на “Славянскім базары” з аркестрам Фінберга і на “Басовішчы” з “асацыяльным” праектам “Гаротніца”, была ў лаўрэатах конкурсу “Усе мы родам з дзяцінства” і ў пераможцах “Рок-Каранацыі”. Пры тым 7 сакавіка Валерыі споўнілася толькі 27 год і яна яшчэ ніколі не давала вялікіх інтэрв’ю.
Гаротніца – Далоні
– Валерыя, як ты прыйшла ў музыку?
Мусіць з “Крыві” усё пачалося… Хаця не, я ж адна пачынала. Маленькая дзяўчына, якая спявае песні “Палацу” і “Крыві”. Калі я вучылася ў школе, то спачатку спявала ў акадэмічным хоры і мне было жах як гэта нецікава, таму часта прагульвала. А потым пачула, што ў той жа школе ёсць фальклорны ансамбль, якім кіравала Тацяна Пладунова. Класная фалькларыстка, яна пачынала з “Госціцы”, уваходзіла ў групу “Ветах”, а цяпер выкладае ў “кульку”. Яна мяне гэтым усім зачаравала і я дзіка палюбіла народныя спевы. Тады мне было недзе год 11.
– А якім чынам на цябе паўплывала Вераніка Круглова?
Вераніка – мая родная цётухна, сястра маёй мамы. У 11 год я ўдзельнічала ў конкурсе “Усе мы родам з дзяцінства”. У той час яшчэ “Крыві” не было, Вераніка тады шчыльна тусавалася з гуртом “Палац”. З фанаграмай тады было складана, запісаць яе было дорага, а ў іх была. Мне і прапанавалі спець “Ой, долам, долам”. Паслухала, як яе выканаў Алег Хаменка, і спела яе па-свойму. Па выніку стала лаўрэатам гэтага конкурсу. І пасля гэтага мяне пачалі клікаць усе і паўсюль. Паклікаў мяне Фінберг, нават не ведаючы яшчэ, што я пляменніца Кругловай (а яны былі знаёмыя). Праслухоўванне адбывалася ў актавай залі, куды прыйшло шмат дзяцей. Усе баяліся, трэсліся, а калі спыталі, хто хоча першым спець, дык я выйшла. І неяк так з усяго натоўпу ён мяне і выбраў. Недзе з паўгады спявала з яго аркестрам на ўсялякіх канцэртах, “Славянскі базар”, “Маладзечна” ды іншыя.
– Непасрэдна з “Крыві” ты калі пачала выступаць?
Як толькі яны пачалі выступаць. Вераніка перыядычна мяне брала з сабой і цягала па репетыцыях і канцэртах. Маці ў мяне – джазавая спявачка – вельмі часта з’язджала на гастролі, а мяне пакідалі на тату і на цёцю. Неяк прапанавала ёй падпець, так і пачалося. А першы студыйны досвед атрымала падчас запісу першага альбома гурта “Палац”. У адной з песень там спявае хор дзяцей музыкантаў, ёсць там і мой голас.
Валерыя Валадзько ў складзе “Крыві” (канцэрт у Моладзевым тэатры эстрады, 16 кастрычніка 2010)
– Не было страшна выходзіць на вялікую сцэну ў такім узросце?
Зусім не. Мне зараз часам бывае страшней, чым тады. Я ж з маленькага ўзросту цягалася па ўсіх гэтых канцэртах, памятаю “Рок па вакацыях” у Парку Чалюскінцаў. Памятаю, як выходзіла на “Славянскім базары” падумала: ну класна, прыкольна, шмат людзей, вялікая сцэна, табе грае агромністы аркестр. Мне здаецца тады ў дзяцінстве я магла хоць на якой сцэне спяваць, мне было так пофіг.
– Ты лічыла сябе паўнавартаснай удзельніцай “Крыві” на той час?
Так, мы сталі паўсюль спяваць разам з імі, як дуэт “Дзеці”, дзе была яшчэ Жэня Любец, дачка ўладальніка буціка “Каміла” Алеся Сушы (яна потым адышла ад музыкі). “Рок-Карону” атрымлівалі… Толькі за мяжу разам з гуртом не выязджалі, тады вельмі складана было да 18 год паехаць кудысьці. Потым яшчэ Вераніка нас зацягнула на запіс праектаў “Я нарадзіўся тут” і “Святы вечар”. Гэта ўжо 2000 год, але ўсё роўна згадваюцца, як далёкія школьныя часы.
– Куды вырашыла пайсці пасля школы?
Паступіла ў музычную вучэльню ды ізноў мела справу з фальклорам, толькі ўжо ў паглыбленым выглядзе. Там таксама ў мяне былі класныя выкладчыкі, як Ірэна Катвіцкая, якая потым замуціла групу Akana. Яна мне ставіла голас. Яшчэ выкладчык па спецыяльнасці Аляксандр Рашчынскі – самы прыўкрасны чалавек і настаўнік у маім жыцці. Ён уклаў часцінку душы ў маю музычную адукацыю. Вельмі шкада, што цяпер там разагналі ўсіх крутых выкладчыкаў…У вучэльні былі самыя лепшыя годы ў маім жыцці, і там я атрымала сапраўдную адукацыю. “Кулёк”, дзе я вучылася пасля, у параўнанні з вучэльнай – фігня.
– Перыяд “Крыві” для цябе калі скончыўся?
Перыядычна “Крыві” усплывае і па сёння. Мы даволі часта выступаем за мяжой, але гэта ж не мой праект, дзе я магу раскрыцца на 100 працэнтаў, я там усё ж падпявала. У мяне яшчэ быў праект – гурт зваўся Energy, які выконвае электроншчыну, але жывую – з бубнамі ды гітарамі. Яны муцілі трып-хоп, брэйк-біт, джангл, а я пад гэта пела фольк-песенькі. У нас нічога падобнага больш ніхто не робіць, яны – вельмі андэграўнд, але можа калі-небудзь мы гэта запішам і пакажам.
– А “Гаротніца” як з’явілася?
Абсалютна выпадкова. З трубачом і кларнетыстам я вучылася ў вучэльні, яны і прапанавалі так акуратна: маўляў, давай, паспрабуем з намі парэпетаваць. Дагэтуль там было тры дзяўчынкі, але рухалася ўсё млява, не пёрла. Прыйшла, паспрабавала – класна, незвычайна.
Гаротніца – Каралі-Каралікі
– Як табе спяваць ад імя асацыяльнай дзяўчыны? “Гаротніца” ад пачатку заявіла, што выконвае песні беларускіх прастытутак.
Гэта незвычайна. А незвычайнае я люблю. Перадусім, канечне, мне падабаецца музыка. Спачатку ў сэнс саміх песен не надта заглыблялася, а потым зразумела, што магу данесці такую ідэю. Спрабую несці вобраз. Але мы яшчэ знаходзімся ў пошуках. У нас кожная новая песня сачыняецца так па-рознаму, што нямаведама, куды гэта нас прывядзе. Хоць ад самой ідэі “песен асацыяльнай жанчыны” мы не адхіляемся.
– Табе было проста ўжыцца ў такі вобраз?
А вы вазьміце фальклор беларускі. Там у прынцыпе пяецца пра тое ж самае. Паслухайце лірычную кампазіцыю ад жаночай асобы. Можа, там і не ад асацыяльнай жанчыны пяецца, але згадваюцца тыя ж праблемы, тая ж няпростая доля, а бывае зусім па трэшы тэксты ў фальклоры. Як мужа забіла ды на яблыньку павесіла, напрыклад.
– Акрамя музыкі, чым ты цікавішся?
Кіно, літаратура, усемагчымы арт. Сама рукадзельнічаю, працую адміністратарам у галерэі “Падземка”. Гэта маё, і мяне ад гэтага прэ. Мая першая спецыяльнасць – дырыжор, але я адразу ведала, што не стану ім, бо заўжды хацела спяваць. А павучыцца далей я бы яшчэ хацела, бо хочацца далейшага развіцця. Праўда, вучыцца варта не ў нашай краіне…
– Чаго ад цябе чакаць бліжэйшым часам?
Збіраемся запісваць з “Гаротніцай” сінгл, здымаць кліп, выступаць, скараць. 25 сакавіка у Re:Public прыязджаюць вельмі класныя чувакі з Польшчы, Vavamuffin. Мы будзем там таксама граць. А яшчэ разам з Ромам Сухоцкім (гурты Крок, Avias) мы робім новы праект Humuskiss. Таксама хутка пачуеце.
Размаўляў Сяргей Будкін
“Гаротніца” – “Фінка для дзяўчынкі” (выступ на фестывалі “Басовішча-2011”)
У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі Аляксандра Ждановіча, Ганны ANIKA Нядзелькі , Ul. Skomoroschenko.