20 лютага распачынаецца сёмы сезон працы Віртуальнага Універсітэта. Адкрывае яго Васіль Дранько-Майсюк сваім аўтарскім курсам, прысвечаным Васілю Быкаву.
Васіль Быкаў — першы айчынны пісьменнік, які здабыў сусветную вядомасць далёка за межамі Беларусі. Яго творы з жорсткай дакладнасцю раскрывалі сутнасць чалавека ў экстрэмальных умовах.
Як і Янка Купала Васіль Быкаў лічыў, што наша рэальнасць страшней за пекла.
Маючы вялікую славу, наш герой зазнаў і вялікія спакусы, калі вельмі цяжка было не паўтарыць лёс Рыбака з яго знакамітай «Ліквідацыі» («Сотнікава»).
Калі адбудуцца заняткі?
Заняткі анлайн курса адбудуцца 20 лютага, 27 лютага і 5 сакавіка.
Пачатак у 19.00 (па Мінску).
Як запісацца на курс?
Заяўкі на курс прымаюцца да 19 лютага.
Запісацца на заняткі можна па спасылцы.
Што ў праграме курса?
На аўтарскім курсе Васіля Дранько-Майсюка вы даведаецеся:
- За што Васіль Быкаў сябе дакараў?
- Чаму усесаюзная слава яго не радавала?
- Чым так раз’юшыў савецкую ўладу твор «Мёртвым не баліць»?
- Што дапамагло Васілю Быкаву ў апошнія гады жыцця зазнаць сапраўдны творчы рэнесанс?
Разынка заняткаў — у тэатральна-дакументальным падыходзе. У сваім аўтарскім курсе Васіль Дранько-Майсюк выкарыстоўвае дакументы, нечаканыя факты і падае гэта па-акторску выразна і экспрэсіўна. У гледачоў з’яўляецца ўражанне, што яны на сапраўдным спектаклі.
Васіль Дранько-Майсюк — выкладчык (працуе як у беларускіх варшаўскіх школках, так і анлайн), выкладае беларускую літаратуру, беларускую мову, культуралогію, гісторыю мастацтваў, акторскае майстэрства як для малых так і для дарослых. Піша п’есы і сцэнары пра нашых культурніцкіх дзеячоў.
Запісы папярэдніх заняткаў Васіля Дранько-Майсюка ў Віртуальным Універсітэце можна паглядзець па спасылцы.