Імпрэза з удзелам аўтараў серыі кніг “Беларусь у войнах” адбылася 8 снежня ў Вілейцы. Акрамя аўтараў на сустрэчы выступілі вілейскія краязнаўцы, а гледачы мелі магчымасць атрымаць кнігі з аўтографамі і цікавыя прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой і адбывалася імпрэза.
Заснавальнікі серыі Мікалай Плавінскі і Міраслаў Лазоўскі, якія вырашылі стварыць серыю кніг “Беларусь у войнах”, расказалі пра неабходнасць навукова-папулярных выданняў па гісторыі Беларусі. Мікалай Плавінскі лічыць, што ў наш час не так шмат якаснай літаратуры, большасць кніг пішацца метадам кампіляцыі, і нічога добрага з гэтага, як правіла, не атрымліваецца.
Першая кніга з гэтай серыі – “Узбраенне беларускіх земляў X–XIII стагоддзяў”. Па словах Мікалая Плавінскага, яе аўтара, у першую чаргу гэта кніга па археалогіі, але дзякуючы лёгкаму стылю выкладання матэрыялу шмат хто купляе яе нават дзецям.
Другая кніга з серыі – “Паўстанне 1863–1864 гадоў у Беларусі: нарыс баявых дзеянняў”. На жаль, аўтар кнігі Дзмітрый Матвейчык прыехаць не змог, таму пра кнігу расказваў таксама Мікалай – яе рэдактар. Гэтая кніга навукова-папулярная, для шырокага кола чытачоў, у адрозненне ад навуковых манаграфій, якія разлічаныя ў першую чаргу на спецыялістаў. Кніга зробленая з максімальнай колькасцю ілюстрацый. Тэкст арыгінальны, закранае амаль не асветленыя раней пытанні баявых дзеянняў. У кнізе выкарыстаныя дакументы з Нацыянальнага гістарычнага архіва, якія раней нідзе не друкаваліся.
Паводле словаў Міраслава Лазоўскага, працяг серыі абавязкова будзе, і ён будзе датычыць як мага большай колькасці падзеяў нашай гісторыі, напрыклад, ужо рыхтуецца кніга па Клецкіх бітвах 1506 і 1706 гадоў. Набытыя правы на выданне перакладу на беларускую мову працы Генрыка Віснэра “Кірхгольм 1605”. На стадыі падрыхтоўкі знаходзіцца праца, прысвечаная “лісоўчыкам”.
Пасля прэзентацыі слухачы не адразу адпусцілі гасцей: адказы на пытанні і іх абмеркаванне выклікалі вельмі ажыўленую дыскусію. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі былі краязнаўца Яўген Петрыкевіч, сябра рыцарскага клуба і Вілейскай суполкі ТАП Андрэй Арлоўскі, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Мачэль. Яны і атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
“Вілейскія гаспадары” – Дзяніс Канецкі і Зміцер Хаценчык – пасля перапынку расказалі пра сваю кнігу “Падзеі паўстання 1863 года на Вілейшчыне”. Гэта ўжо не першая прэзентацыя кнігі, бо ўвесну было першае выданне, якое хутка разышлося.
Падводзячы вынікі года, Ілля Якавюк расказаў пра тое, што змаглі зрабіць сябры выдання “Волат” і Вілейскай суполкі ТАП на 150-я ўгодкі паўстання. А расказаць было што, бо акрамя кнігі быў зроблены спецвыпуск “Волата”, а таксама выдадзеныя партрэты паўстанцаў, адноўленая магіла ва Уладыках, усталявана некалькі стэндаў, былі экскурсіі па гістарычных мясцінах і шмат чаго яшчэ. У планах таварыства на наступны год – адзначыць 2 юбілеі: паўстання Касцюшкі і Аршанскай бітвы.
Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаная інфармацыя з vialejka.info.