Прэзентацыя дыска «Легенды Вялікага Княства» адбудзецца 30 кастрычніка ў Палацы культуры ветэранаў. Партнёр канцэрта — кампанія «Будзьма беларусамі!»
«Легенды Вялікага Княства» — адзін з першых праектаў беларускай музычнай альтэрнатывы, створаны і распрацаваны ў 2000 годзе. Паводле задумы Арыны Вячоркі, на складанку трапілі сучасныя й сярэднявечныя кампазіцыі на гістарычную тэматыку. Праз дзесяць гадоў спатрэбілася перавыдаць дыск. Цяпер ён выйшаў у прыгожым калекцыйным выданні, што даволі рэдкая з’ява для беларускай музыкі.
— Мы даўно планавалі зрабіць канцэрт «Легенды Вялікага Княства», магчыма, ім распачнецца серыя канцэртаў гэтай стылістычнай скіраванасці. Нагодаў знайшлося адразу некалькі: па-першае, у канцы кастрычніка — дзень памяці Вітаўта Вялікага, па-другое, хутка Дзень Усіх Святых і па-трэцяе, гэты канцэрт — альтэрнатыва Грунвальдскаму фэсту, — кажа арганізатар канцэрта Віталь Супрановіч.
Прэзентацыя абяцае ператварыцца ў карнавальна-святочную дзею. Апроч музыкаў перад гледачамі выступяць тэатр «ДыГрыза» і гурт сярэднявечных танцаў «Яварына». Плануюцца выступы рыцараў, танцы, конкурсы.
Да таго ж, на канцэрце адбудзецца прэзентацыя кнігі Змітра Сасноўскага «Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя».